«Калі б яны мяне павалілі, то загрызлі б»

Праблема з бадзяжнымі сабакамі застаецца складанай. Так, у 2019 годзе работнікамі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» іх адлоўлена 693, у 2020 – 276.

Жыхар Івацэвічаў Юрый К. (па этычных прычынах не будзем называць прозвішча мужчыны) ішоў пешшу ад дома маці, якая пражывае ў Яглевічах. Было гэта ў канцы снежня. Выйшаў на адкрыты ўчастак паміж вёскай і пінскай аўтадарогай – і ўбачыў, што на яго імчыць зграя сабак; іх было каля дзесяці. На адкрытым участку не схавацца, Ю. К. памкнуўся бегчы назад у вёску, да дамоў, але сабакі адрэзалі шлях.

-Яны акружылі мяне, сталі спачатку брахаць, а пасля ўсё з большай і большай агрэсіяй кідацца, хапаць за ногі, за куртку. Чатыры з іх былі буйнога памеру; калі такі сабака хапаў за адзенне, я адчуваў з якой сілай ён цягнуў мяне да сябе ці ўбок – гэта дужая жывёла! Я ледзь паспяваў адварочвацца і адбівацца. Штаны былі разадраны на ласкуты, моцна парвалася куртка; сітуацыя была крытычнай. Я крычаў што ёсць моцы, адчуваў, што знясільваюся і што праз пяць-дзесяць хвілін яны мяне паваляць…

На шчасце, мой крык пачулі людзі, які пражываюць на бліжэйшай вуліцы. Двое мужчын, схапіўшы вілы і калы, кінуліся на дапамогу. Сабакі разбегліся. У мяне трэсліся рукі і ногі ад хвалявання, я ледзь дайшоў да даму маці, а яна ледзь не самлела, калі ўбачыла, у якім стане яе сын. Выклікалі «хуткую», мяне шпіталізавалі ва УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ». Урач, які лячыў, пагадзіўся: яшчэ б з дзясятак хвілін – і яны мяне загрызлі б… Я мужчына ў сярэднім узросце, не слабы, але калі б на маім месцы аказалася б дзяўчынка? Падлетак?..

Яшчэ адзін выпадак з падобнай серыі. Людміла В., жыхарка Івацэвічаў, ішла пешшу міма магазіна «Мяса-Сала» (вул. 70 год Кастрычніка райцэнтра) у бок дзіцячага садка «Вясёлка».

– Не ведаю, што справакавала агрэсію той зграі сабак, што накінулася на мяне. Можа, тое, што я вельмі хутка ішла, а гэтыя жывёлы рэагуюць на хуткую хаду – вось яны і памчаліся за мной. На вуліцы цемра, каля 21-й гадзіны, я падумала, што яны пабрэшуць і адстануць, але яны сталі хапаць за ногі, кусаць, рваць адзенне… Я крычала што ёсць сілы, ледзь адбілася, а зараз праходжу лячэнне ад укусаў у Івацэвіцкай ЦРБ…

Па словах Юрыя К. і Людмілы В., сярод тых сабак, што накінуліся ў складзе зграі на іх, былі і чыпіраваныя, гэта значыць, у некаторых з іх ёсць гаспадары, якія дазваляюць «любімцам» гуляць па ўласнай праграме.

– Аб чым сведчаць лічбы? Ці менш становіцца бадзяжных сабак у нашых гарадах і вёсках? – з такімі пытаннямі аўтар публікацыі звярнуўся да Ірыны Ковыш, загадчыка аддзела эпідэміялогіі ДУ «Івацэвіцкі РЦГіЭ».

– Лічбы сведчаць пра тое, што сітуацыя складаная: у 2020 годзе работнікамі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» адлоўлена 276 бадзяжных сабак, у 2019 – 693. Гэтыя паказчыкі насцярожваюць, атрымліваецца, што дадзеная работа ідзе на спад. У той час, як колькасць жыхароў раёна, хто пацярпеў ад укусаў такіх сабак, становіцца болей. Так, за 2020 год у Івацэвіцкую ЦРБ па медыцынскую дапамогу па дадзенай прычыне звярнуліся 86 чалавек, з іх 30 – ад укусаў бадзяжных сабак. У 2019 годзе пацярпелых было 25, у 2018 – 17.

Паўтаруся, лічбы насцярожваюць. Асабліва, калі ўлічваць, што ў Івацэвіцкім раёне штогод рэгіструюцца выпадкі захворвання шаленствам.

– Дзе найбольш часта цярпяць людзі ад укусаў бадзяжных сабак?

– У Івацэвічах. На вул. Дэпутацкая, Братняя, Камуністычная, М. Танка, Чарткова, Гойшыка, на прывакзальнай плошчы, у раёне цырульні «Маладосць», каля СШ №3… Насцярожвае той факт, што на працягу снежня 2020 года мелі месца выпадкі нападзення на людзей зграяй сабак. У іх ліку – і жывёлы з чыпам.

За 2020 год спецыялістамі Івацэвіцкай РЦГіЭ накіравана 13 інфармацый па ініцыянаванню  адлову бадзяжных жывёл. У Івацэвіцкую ЖКГ – 8, у сельвыканкамы – 5.

Мерапрыемствы па рэгуляванні колькасці бадзяжных сабак не праводзіліся або ў ходзе рэйдаў такіх жывёл не адлоўлівалі ў сувязі з адсутнасцю свабодных месцаў у вальерах па вул. Сікорскага, дзе прымаць сабак пачалі з пачатку мінулага года вясны 2020 года.

Што з’яўляецца стрымліваючым фактам у барацьбе з бадзяжнымі жывёламі? Вось што адказваем Аляксандр Кісель, генеральны дырэктар ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ»:

– У 2019-м годзе нам было дазволена адстрэльваць такіх сабак, таму іх на 693 стала менш, а ў мінулым годзе пракуратура гэта забараніла рабіць, толькі адлоў праводзіць. Таму ў два разы ніжэйшая лічба, бо адлоў ажыццяўляць значна больш складана. Праблема і ў тым, што прытулак на вул. Сікорскага перапоўнены, не хапае «добрых рук» – людзей, хто мог бы ўзяць сабе сабаку або дапамагчы яго ўладкаваць камусьці другому.

Адзінае, каго хапае, то гэта «знатакоў», якія толькі ўмеюць даваць парады, вучыць, але ніхто і капейкі не дасць на тое, каб праблему вырашыць не хапае і валанцёраў.

На мой погляд, у работу павінна ўключыцца і міліцыя. Сабака з чыпам, якая бегае па вуліцы часцей за ўсё, мае гаспадара. Накласці штраф на такога гаспадара можа міліцыянер, а нас, камунальнікаў, па сутнасці могуць і на падворак не пусціць! Вырашаць праблему трэба і таму, што наперадзе люты-сакавік – час сабачых «вяселляў», калі яны становяцца больш агрэсіўнымі.

Застаецца дадаць, што праблема бадзяжных жывёл павінна непакоіць не толькі кіраўніцтва раёна, камунальнікаў, санстанцыі ці пацярпелых ад укусаў. Гэта агульная праблема, бо большасць з такіх сабак адносяцца да катэгорыі “выкінутых” – яны мелі некалькі гаспадара. Пэўная частка іх і зараз дзесьці “прыпісана”, але ўласнікі іх абыякава ставяцца да неабходнасці ўтрымліваць такога сабаку на ланцугу. Карацей, важна бачыць і ўласныя недахопы ў справе ўтрымання дамашніх жывёл.

Аляксандр ГОРБАЧ.