Свята Хрышчэння Гасподняга (Богаяўленне) адзначаюць сёння праваслаўныя вернікі

На здымках – святочная служба ў храме іконы Божай Маці “Дзяржаўная” г. Івацэвічы.

У гэты дзень веруючыя хрысціяне святкуюць Хрышчэнне Іісуса Хрыста ў рацэ Іардан, перад выхадам Збавіцеля на евангельскую пропаведзь. Таксама гэтае свята ўключае ў сябе з’яву Богаяўлення, калі ў бачных і даступных для чалавечага разумення вобразах людзям явілася Прасвятая Тройца: Бог-Айцец (у вобразе голасу з нябёсаў), Бог-Дух Святы (у выглядзе голуба), Бог-Сын (Іісус Хрыстос).
Па царкоўнай традыцыі, у свята Хрышчэння, а таксама напярэдадні вялікім чынам асвячаецца вада, а па народнай традыцыі людзі купаюцца ў спецыяльна абсталяваных для гэтага купелях.
У наш час словы «Хрышчэнне» і «Богаяўленне» адносяцца да аднаго дня і адлюстроўваюць розныя грані адзінага цэлага. Галоўную думку, якую Царква паклала ў аснову свята Богаяўлення, вельмі яскрава выказаў апостал Іаан Багаслоў: «Слово стало плотью, и обитало с нами, полное благодати и истины; и мы видели славу Его» (Ин. 1: 14). Прасцей кажучы, Той, Хто стварыў сусвет, Хто валодае стыхіямі, Каму падпарадкоўваюцца анёлы і дэманы, змірае Сябе да ўзроўню простага Сына Чалавечага, прымае нашу прыроду, становячыся яго часткай, падпарадкоўвае Сябе законам матэрыяльнага свету, не перастаючы заставацца Тварцом. Яўленне Бога чалавеку – стрыжнёвая ідэя і Святак у цэлым, і свята Богаяўлення.
Па сутнасці, Царква ў гэты дзень з асаблівай сілай гаворыць аб цэнтральным месцы, якое займае ў жыцці чалавека Таінства Хрышчэння. На жаль, многімі гэтае ўспрыманне свята страчана і на першае месца ставіцца іншая мэта – набраць асвечанай вады.
Вада гэтая – сапраўды асаблівая. Яе называюць Агіясмай, што значыць вялікая святыня, і яна па значымасці толькі крыху ніжэй Прычасця. Піць яе трэба нашча і абавязкова з малітвай і верай. Але і ведаць трэба: як іарданскае пагружэнне Збаўцы было пачаткам яго зямнога служэння, так і Хрышчэнне з’яўляецца для веруючага чалавека пачаткам яго выратавання.

Падрыхтавала Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.