Губіць людзей раўнадушша да ўласнага здароўя

У сістэме аховы здароўя працую амаль 30 гадоў, з іх 27 – у Дабромысленскім фельчарска-акушэрскім пункце. Абслугоўваю жыхароў чатырох населеных пунктаў – Дабромысль, Закаплічча, Глядзенне, Сасновы Бор; гэта – 518 чалавек, амаль усіх іх ведаю асабіста.

Працоўны дзень пачынаецца з 9 гадзін, калі пачынаю на ФАПе весці прыём. У перыяд пад’ёма захворванняў наведваецца да 20 чалавек (усяго за 2020 год – 3 940 чалавек). Зразумела, што абслугоўваю і тых, хто ажыццяўляе выклік на дом (1 559 за мінулы год). У кагосьці ціск высокі, тэмпература, галавакружэнне, боль у суставах… Мой дзень не нармаваны, дапамога людзям патрабуецца і ў выхадныя дні, і ў святы, і днём, і ноччу. Села на веласіпед – і паехала на выклік.
Лічу, што сістэма кантролю за здароўем у сельскай мясцовасці яшчэ лепш адпрацавана, чым у горадзе. Так, двойчы ў год праводжу падваравыя абходы – у кожнага жыхара ў такім выпадку вымяраю артэрыяльны ціск, у жанчын даследую малочную залозу, выяўляю асоб, хто можа мець анкапаталогію… Такі татальны кантроль дазваляе на раннім этапе вызначыць адхіленні ў здароўі, раней уступіць у барацьбу з захворваннем. На рэгулярнай аснове да нас наведваюцца ўрачы рознага профілю з Івацэвіцкай ЦРБ – педыятр, гінеколаг, кардыёлаг… Прыязджае флюарограф два разы ў год, наладжана работа па накіраванні жанчын ва ўзросце ад 50 да 69 гадоў на мамаскан у Івацэвічы.
Той факт, што на тэрыторыі маіх чатырох населеных пунктаў пражывае 68 жыхароў, чый узрост перавышае 80 гадоў, толькі пацвярджае, што большасць людзей уважліва сочаць за сваім здароўем. Яшчэ адна красамоўная лічба: за 2020 год наш ФАП рэалізаваў лекаў на 54 550 рублёў – калі не памыляюся, гэта больш, чым любы іншы ФАП раёна.
Але не абыходзіцца без лыжкі дзёгцю. У вёсках таксама пражывае нямала мужчын, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і якія цікавяцца ўласным здароўем у апошнюю чаргу. Колькі прыходзіцца прасіць іх, нагадваць, што, маючы сісталічны артэрыяльны ціск 160, 180 ці нават 200, трэба быць вельмі абачлівым, прымаць адпаведныя прэпараты, адмовіцца ад алкаголю… Куды там! Пішуць мне адказныя лісты, што, маўляў, я папярэджаны аб пагрозе свайму жыццю і здароўю, але адмаўляюся ад дапамогі медыкаў. Хаця ім пагражае інсульт, інфаркт…
Ці можа чалавек з такім абыякавым стаўленнем да ўласнага здароўя стаць доўгажыхаром? І мае просьбы, і ўгаворы не дзейнічаюць…
Яшчэ жыццёвае назіранне. Лічу, што не зусім дальнабачна будаваць жыллё для шматдзетных сем’яў толькі ў горадзе. Хіба радуе той факт, што ў апошнія гады пяць шматдзетных сем’яў з нашага вясковага краю выехалі ў Івацэвічы, бо атрымалі там кватэры? Трэба клапаціцца аб іх замацаванні тут, пабудаваўшы жыллё ў сельскай мясцовасці і прадставіўшы ільготы, ад якіх яны б не змаглі адмовіцца?
Вось так і пусцеюць нашы вёскі. Таму і ў школу няма каму хадзіць. Як простую грама-
дзянку з аддаленай вёскі і як дэлегата VI Усебеларускага народнага сходу, гэта мяне не можа не непакоіць.
Хацелася б яшчэ, каб абнаўленне асноўных фондаў праводзілася і ў глыбінцы. Пячное ацяпленне для Дабромысленскага ФАПа – учарашні дзень, як і адсутнасць цэнтралізаванага водазабеспячэння. Вады з калодзежа многа не наносішся! Па прычыне таго, што мы не з’яўляемся аграгарадком, нам на гэтыя мэты грошы не выдзелены. Таму, лічу, на праблему сельскіх ФАПаў трэба звярнуць увагу.
Хаця, з другога боку, тэхнічна мы ўзброены някепска. Жыццё на месцы не стаіць – і кардыёграфы трэба, каб ужо былі ў ФАПах вясковых. Каб не выклікаць «хуткую» без важнай на тое прычыны, каб яшчэ глыбей праводзіць даследаванне…
Вера АМЯЛЯШЧЫК, загадчык
Дабромысленскага
ФАПа, фельчар вышэйшай катэгорыі.