Заўчасныя роды пасля бойкі, неўстаноўленае бацькоўства, нікому не патрэбнае дзіця. Непрыдуманая гісторыя з Івацэвічаў

Гісторыя гэтая бярэ пачатак яшчэ ў 2019 годзе. У адносінах да К., мужчыны сярэдніх гадоў з Івацэвічаў, была ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 154 «Катаванне». Устаноўлена, што гэты мужчына сістэматычна збіваў С., сваю сужыцельку. Паступова справы ў сям’і як быццам наладзіліся, пара нават ажанілася, але муж перыядычна ўсё роўна ўздымаў на жонку руку.
Чаму? Справа ў тым, што С. мела схільнасць да злоўжывання спіртнымі напоямі. Нават калі зацяжарыла, то гэтую заганную звычку не пакінула. Справа скончылася кепска: у адзін з дзён падобныя разборкі паміж мужам і жонкай скончыліся заўчаснымі родамі, яны прайшлі ў рэспубліканскім цэнтры «Маці і дзіця». Дзяўчынка нарадзілася моцна саслабелай – і пры гэтым, яна, атрымліваецца, нікому асабліва не патрэбная, бо бацька, які не можа стрымаць сябе і схільны да бойкі, – пад вартай, а маці пайшла… у запой.
Да ўнучкі ў Мінск, а пасля і ў Пінск, у спецыялізаваны Дом дзіцяці, наведваецца толькі бабуля, бо, як паказаў час: і бацька, і маці немаўляці заняты сваімі «справамі». Але, калі прадстаўнікі дзяржаўных органаў праз пэўны час паднялі тэму кампенсацыі расходаў на выхаванне і ўтрыманне дзіцяці, узніклі новыя акалічнасці: маці К. (ён у гэты час знаходзіўся ў лячэбна-працоўным прафілакторыі) стала аспрэчваць бацькоўства сына, маўляў, гэтае слабенькае нованароджанае дзіця не з’яўляецца родным яе сыну. І, трэба адзначыць, дадзеныя
сцвярджэнні былі небеспадстаўнымі, бо вынікі экспертыз і працэдур засведчылі: выключаецца біялагічная роднасць маці К., гэта значыць бабулі, і нованароджанага дзіцяці. Адпаведна і К. пачынае аспрэчваць уласнае баць-
коўства.
Сітуацыя, як бачыце, вельмі няпростая. Праведзена адпаведная работа, пасля якой стала вядома наступнае: біялагічнае паходжанне дзіцяці ад К. сапраўды выключаецца. Утрыманне нованароджанай дзяўчынкі кладзецца на дзяржаву, бо маці – хворая, роднага бацьку ўстанавіць практычна немагчыма… Склалася вельмі непрыгожая сітуацыя: маленькае дзіцятка нікому не патрэбнае. Акрамя той вясковай бабулі, якая, пакуль дазволяць здароўе і сілы, будзе ездзіць да ўнучкі. Рашэнне па дзіцяці прымалі ў пятніцу, а ў панядзелак у суд прывялі маму, якую напярэдадні затрымалі ў стане алкагольнага ап’янення. Пацікавіўся ў яе: чаму ж вы не прыйшлі ў суд, калі ішоў разгляд лёсу вашага роднага дзіцяці?
Зразумелага і выразнага адказу пачуць не ўдалося.
І вось атрымліваецца, што маленькая дзяўчынка, паўтаруся, нікому не патрэбная. Як сталася, што ў нашым грамадстве ў XXI стагоддзі такое магчыма? Пытанне, адказ на якое трэба, каб мы ўсе шукалі, бо цяжка ўсё гэта прыняць і зразумець.
Арцём ПАДАЛЯНЕЦ,
суддзя суда
Івацэвіцкага раёна.