«Галоўнае – сельскі чалавек і яго праблемы»

Напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу, які прызваны стаць рэальнай дыялогавай пляцоўкай па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны, адбылася чарговая размова з дэлегатам ад нашага раёна Галінай Панюк. Дарэчы, яна адзіная з дэлегатаў, хто прадстаўляе сельвыканкамы Івацэвіччыны на форуме.
– Я ўзначаліла Яглевіцкі сельвыканкам напрыканцы 2017 года, аднак да гэтага яшчэ 14 гадоў была кіруючай справамі ў Волькаўскім сельвыканкаме. Таму ўсе тонкасці работы на сяле, з простымі
людзьмі, мне былі знаёмыя з розных ракурсаў. За апошнія тры гады работу Савета не аднойчы адзначалі са станоўчага боку. Спачатку ў 2019 годзе наш калектыў быў прызнаны пераможцам за дасягненне лепшых паказчыкаў і ўзнагароджаны Ганаровай граматай Івацэвіцкага райвыканкама з уручэннем Ганаровага пераходзячага сцяга, пасля ў гэтым жа годзе Яглевіцкі сельвыканкам стаў трэцім у вобласці па выніках конкурсу сярод сельскіх, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання) Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Брэсцкай вобласці па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Да гэтага дыплома дадавалася і грашовая прэмія, якая дазволіла вырашыць многія гаспадарчыя пытанні.
Калі тры гады таму я ўпершыню наведалася на тэрыторыю Савета, а гэта пяць вёсак, у якіх пражываюць 1878 жыхароў, то прыемна здзівілася. Якія прыгожыя вёскі я пабачыла, якія чыстыя і добраўпарадкаваныя двары, паўсюдна была бачная гаспадарчая рука. Я адразу настроіла сябе на работу – трэба было знаёміцца з людзьмі, падтрымліваць і памнажаць дасягнутае. І пачала працоўныя будні з будаўніцтва аўтапавільёна з лавамі ў в. Гічыцы, каб людзі маглі ўкрыцца ад дажджу і снегу ў чаканні аўталаўкі, і з устаноўкі пандуса і поручняў у будынку сельвыканкама (на тэрыторыі Савета пражываюць два інваліды-калясачнікі).
Асаблівасць Савета ў тым, што ён суседнічае з райцэнтрам, Яглевічы па сутнасці з’яўляюцца вёскай-спадарожнікам. Таму ў нас ёсць прыток маладых сем’яў, адсюль і поўны камплект ва ўстановах адукацыі. Дзіцячы садок сёлета наведваюць 39 дзяцей, а ў школе – 125 вучняў, 13 першакласнікаў. Касцяк нашых жыхароў – працаздольнае насельніцтва, 1067 чалавек, а ў апошнія гады па гэтым паказчыку мы плюсуем. У нас 68 маладых сямей і 26 шматдзетных. Ад гэтага і выплываюць нашы асноўныя патрэбы і задачы: стварэнне працоўных месцаў, рамонт дарог і арганізацыя гандлю, будаўніцтва. Сёння ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў у Савеце стаяць 75 чалавек. У 2015 годзе жыллёвую праблему дапамагло вырашыць будаўніцтва 24-кватэрнага дома па вул. Першамайскай у Яглевічах. Побач з гэтым домам падрыхтаваны яшчэ адзін
участак для будаўніцтва аналагічнага дома. Добра было б даць ход гэтай справе. Я ўвогуле прапанавала б падоўжыць маладзёжны ўзрост у краіне да 35 гадоў. Сучасная моладзь не спяшаецца ствараць сем’і, яна спачатку імкнецца атрымаць адукацыю і ўмацавацца ў жыцці. З павелічэннем узросту падоўжыла б і дзеянне ільгот, якія прапануе наша дзяржава моладзі і маладым сем’ям.
Думаем над тым, каб вызначыць у Яглевічах месца, якое стала б цэнтрам адпачынку, дзе можна было б арганізаваць правядзенне мерапрыемстваў і канцэртаў. Збіраем творчыя работы мясцовых жыхароў, бо плануем зрабіць у сельвыканкаме этнаграфічны куток.
У мінулым годзе актывісты Яглевічаў падымалі пытанне аб адкрыцці ў нас сеткавіка. У вёсцы ёсць добры магазін «Родны кут» Івацэвіцкага райспажыўтаварыства, аднак людзі прапануюць, каб і іншая гандлёвая сетка прыйшла да нас.
У 2020 годзе ў сельвыканкам паступіла 32 вусных і пісьмовых зваротаў ад грамадзян. Многія з іх тычыліся якасці дарог. Так, у 2018-2020 гадах былі асфальтаваныя вуліца паміж вёскамі Яглевічы і Галенчыцы, вул. Клютко ў Яглевічах. Зроблены рамонт гравійных пакрыццяў, ямкавы рамонт асфальту на асобных вуліцах, дарогах у Яглевічах, Баранах і Ёлках. Але яшчэ ёсць фронт работ у гэтым кірунку.
Што тычыцца канкрэтна нашага сельвыканкама, то спектр нашых абавязкаў вельмі шырокі: ад банальнага вырашэння суседскіх канфліктаў і правядзення суботнікаў да рамонту, будаўніцтва і адміністратыўных працэдур. Нашы дзверы заўсёды адчынены для людзей, і тэлефонныя званкі ідуць патокам. Трэба знайсці час для чалавека і яго праблемы з аднаго боку, а ў глабальным плане паступова рабіць усё магчымае, каб жыццё на сяле было камфортным. З вялікім хваляваннем я еду на рэспубліканскі форум, спа-
дзяюся пасля яго скласці ў адзінае цэлае ўсе кавалкі пазла і паставіць перад сабой канкрэтныя задачы на будучае.
Галіна ПАНЮК, старшыня Яглевіцкага сельвыканкама.