“Я да зямлі – з усёй душою, і калі робіш самааддана – будзеш мець усё”

На народны сход еду ўпершыню і лічу – ехаць трэба абавязкова, каб краіна нашых унукаў называлася Беларусь, каб мірна і шчасліва яны жылі. Я падтрымліваю абраны курс развіцця краіны і сам, як фермер, адчуваю дзяржаўную падтрымку.
Калі мяне называюць прадпрымальнікам, гавораць пра маю справу «ваш бізнес…», крыўджуся. Бо ёсць у гэтым для мяне нейкі такі падтэкст, быццам мая мэта – толькі зарабіць. А я просты працаўнік, які любіць зямлю і да яе – з усёй душой. І сына навучыў такому ж стаўленню, сёння ён нават лепш за мяне ў асобных пытаннях разбіраецца, бо валодае новымі тэхналогіямі, ведамі, навыкамі.
І мэты ў мяне розныя. Хачу, каб у нашай вёсцы, у Коланску, віравала жыццё, хачу даць работу людзям. Сёння ў маёй фермерскай гаспадарцы «Коланск» (дарэчы, адзінай з фермерскіх у раёне, дзе ёсць прафсаюзная арганізацыя), працаўладкавана 11 чалавек, бяру шмат работнікаў на сезонныя работы па дагаворах падраду, практыкантаў з ліцэя сельгасвытворчасці. Тое, што людзі ў нас робяць і зарабляюць, грэе мне душу. Ну хто мы без людзей? І яны да нас з разуменнем ставяцца, адказныя, калі трэба, і ў выхадныя на работу выходзяць. Але і ўся мая сям’я – я сам, жонка, сын, нявестка – працуе разам з імі круглы год. Няма адпачынку і ўзімку. Вось былі моцныя маразы, а ў нашым сховішчы для гародніны кіпела работа, бо паступіла шмат заказаў.
Яшчэ адна мэта – вытворчасць якаснай прадукцыі (наша гаспадарка мае сертыфікаты адпаведнасці). Шмат яе рэалізоўваецца на ўнутраным рынку, але яшчэ больш ідзе на экспарт у Расію, Малдавію, Украіну. Ёсць пастаянныя пакупнікі, з многімі – зваротная сувязь. Ведаеце, як прыемна, калі звоняць, дзякуюць за добры тавар? А як радасна на душы, калі першым ад’язджаеш з кірмашу: хоць і прывезлі туды тры аўтамабілі гародніны, але распрадаліся хутчэй за ўсіх. Гэтак жа добра на душы, калі раніцай у полі бачыш, як растуць, падымаюцца культуры. Вось так, як і яны, павінен расці і развівацца чалавек у той справе, якая яму па сэрцы. І спыняцца нельга, бо пакуль бу-дзеш таптацца на месцы, другі выйдзе наперад. Таму і імкнуся не адставаць ад жыцця, укладваю грашовыя сродкі ў развіццё гаспадаркі, не скуплюся на якаснае насенне, з розумам купляю і выкарыстоўваю ядахімікаты (апрацоўку культур раблю толькі сам!), лічу, трэба трымаць курс на новыя тэхналогіі, на механізацыю. І будзе поспех, калі ўсё рабіць па тэхналогіі, у пару.

Але ж ці мог я, ветурач па адукацыі, просты працаўнік, наблізіцца да сваёй мэты, калі б мне не падставілі плячо? Найперш людзі, пра што я ўжо сказаў, але і дзяржава. Фермерам сёння дапамагаюць так жа, як і сельгапрадпрыемствам, і за гэта дзякуй. Даюць ільготныя крэдыты, за якія мы можам набываць і тэхніку, і ўгнаенні, і пасяўны матэрыял. Падатковая нагрузка аптымальная, і ўсе падаткі, якія плацім, застаюцца ў нашым раёне. Ідзе насустрач і раённая ўлада ў многіх пытаннях, калі бачыць, што чалавек працуе. Калі я нешта бяру, ведаю, што павінен аддаць, і яшчэ мець аддачу. Бачу адзін нюанс, тое, што хацелася б змяніць. Мая прапанова – зрабіць атрыманне дадатковай зямлі для фермераў, якія сапраўды працуюць і маюць намер расшырацца, бесперашкодным. Ад гэтага ўсім будзе толькі карысць.
Як фермер пачынаў у 2007 годзе, меў 26 га зямлі, каня і адзіны трактар. Сёння ФГ «Коланск» мае 192 га зямлі і займаецца вырошчваннем і рэалізацыяй бульбы, морквы, капусты, буракоў, таматаў, агуркоў. Наш аўтапарк налічвае 14 адзінак тэхнікі, у тым ліку замежнай вытворчасці. Нават у Даніі пад асабісты заказ рабілі для нас моркваўборачны камбайн. Тэхніку цяпер набываю толькі новую. Выкупіў і зрабіў рэканструкцыю ў двух будынках – у Коланску і Целяханах – пад сховішчы для агародніны.
Дапамагае сын Міхаіл, аграном па адукацыі. Вучыўся ў Гродзенскім аграрным універсітэце і, як адораны студэнт, быў лаўрэатам прэміі імя А. І. Дубко. Але не захацеў застацца ў вялікім горадзе, працуе разам з намі. Пабудавалі разам для яго дом. А самі з жонкай Тамарай, якая для мяне галоўная апора, жывём у маёй бацькоўскай хаце – не гэта галоўнае.
От хочацца мне, каб прыязджалі ў вёску людзі, а не з’язджалі адсюль. Умовы, магчымасці для развіцця сваёй справы ў вёсках ёсць. І зарабіць можна не горш, чым у горадзе. Адно працуй, не лянуйся. Да таго ж, чалавек, які працуе фізічна, лепш сябе адчувае. Толькі хочацца людзям цяпер жыць прасцей, а іншым – і атрымаць пры гэтым усё і адразу, а так не бывае.
Многа гадоў я дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў. Маю актыўную жыццёвую пазіцыю. Займаюся азеляненнем, удзельнічаю ў суботніках і іншае. Як да дэпутата неяк звярталіся да мяне наконт дарогі на могілкі, што ў Коланску. Узяў дарогу пад сваё крыло, зрабіў падсыпку гравіем і даглядаю. Разам з жонкай займаемся дабрачыннасцю праз фонд «Юні Хэлп». Падкрэсліваю – важна дапамагаць хворым дзецям і дзецям увогуле. Калі проста па рублю кожны дасць, якая гэта вялікая будзе падтрымка! Асобна саджаю агародніну для таго, каб выручаныя за яе грошы пайшлі на будаўніцтва, якое вядзецца пры Святавольскім прыходзе. І іншым дапамагаю – і інтэрнату, і таварыству інвалідаў па зроку… Дзякую Богу за тое, што магу даць, што сам не іду з працягнутай рукою. Я памятаю неўрадлівыя гады, калі і нас выручалі людзі, таму па магчымасці іду насустрач кожнаму. Так і трэба жыць усім нам – у згодзе, адзін аднаго падтрымліваць.
Некалі работнікам, хто са мной пачынаў, паабяцаў: аднойчы наш Коланск праславіцца на ўсю краіну дзякуючы вашай працы. Яны смяяліся. А ў 2012 годзе я быў запрошаны на рэспубліканскія «Дажынкі» ў Горкі – адзіны з фермераў Брэсцкай вобласці. Вярнуўся з узнагародай – нашай агульнай узнагародай. Трэба працаваць, каб нешта мець. А калі робіш з душою, самааддана – будзеш мець усё. І я не столькі пра прыбытак, колькі пра асалоду ад жыцця, пра пачуццё маральнага задавальнення.
Васіль КАМЯК, фермер ФГ «Коланск».