«Аграпрамысловы комплекс раёна развіваецца няўхільна і сістэмна»

11-12 лютага адбудзецца адно з найважнейшых палітычных мерапрыемстваў 2021 года – VI Усебеларускі народны сход. Ён знамянуе заканчэнне папярэдняга пяцігадовага перыяду развіцця і пачатак новага этапа ў жыцці дзяржавы і грамадства. Дэлегаты сходу падвядуць вынікі чарговага этапа развіцця, чакаецца дзелавая гутарка аб тым, чаго дасягнула краіна, што не атрымалася і па якіх прычынах. Удзельнікамі форуму будзе разгледжана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гады.

Наколькі плённымі былі апошнія пяць гадоў для рэальнага сектара эканомікі Івацэвіцкага раёна – у прыватнасці для аграрнай галіны? Што ўдалося ўкараніць, чаго дабіцца? Што не атрымалася? Якія планы на будучыню? Супрацоўнік «ІВ» гутарыць з Раманам Жуком, першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарчу.
– Раман Барысавіч, Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў: галоўная мэта развіцця сельскай гаспадаркі – павышэнне яе канкурэнтаздольнасці пры захаванні харчовай бяспекі краіны…
– Калі сфакусіраваць пяцігадовы перыяд развіцця краіны на наш асобна ўзяты раён, то скажу без падманнай сціпласці – гэта былі рэвалюцыйныя гады ў лепшым сэнсе гэтых слоў. Зроблены велізарны крок наперад – найперш у жывёлагадоўлі! Адзін толькі штрых: калі ў 2015 годзе сельгаспрадпрыемствы Івацэвіцкага раёна атрымлівалі сортам «Экстра» 21 працэнт малака, то па выніках 2020 года – 64 (па выніках студзеня бягучага года будзе каля 72 працэнтаў). Здатчык малака сортам «Экстра» на тоне прадукцыі атрымлівае на 70 рублёў больш, чым за вышэйшы сорт. Патрабаванне Кіраўніка дзяржавы аб неабходнасці павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі – выконваем.
Яшчэ колькі важных лічбаў, якія сведчаць аб паступовым і няўхільным развіцці: выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг па сельскай гаспадарцы за 2020 год склала каля 115 працэнтаў (да 2019 года), рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі – 10-11 працэнтаў. Усе сель-
гаспрадпрыемствы раёна забяспечылі прыбытковую работу.
Жывёлагадоўчы «ландшафт» Івацэвіцкага раёна за апошнія пяць гадоў кардынальна змяніўся: калі раней пераважалі дробнатаварныя фермы, а колькасць сучасных комплексаў можна было пералічыць на пальцах адной рукі, то сёння – супрацьлеглая сітуацыя. За апошнія гады ўвялі шэсць малочнатаварных комплексаў, у 2021 годзе плануем увесці яшчэ два – у ААТ «Перамога» і ААТ «Горталь», апроч та-
го плануем у бягучым годзе запраектаваць новыя падобныя аб’екты, каб развівацца і надалей.
– Атрымліваецца, што дробнатаварныя фермы – учарашні дзень?
– Так, гэта карэта мінулага, у якой далёка не заедзеш. Новыя малочнатаварныя фермы – гэта і рост аб’ёмаў, і зніжэнне страт працы. Вось прыклад: пяць аператараў машыннага даення абслугоўваюць на новым комплексе 720 дойных кароў, у той час як на дробнатаварнай ферме 200 галоў абслугоўваюць пяць чалавек. Зусім іншыя падыходы да вытворчасці малака, на сучасных комплексах – мінімум ручной фізічнай працы, максімум механізацыі. Як вынік, людзей працуе менш, а зарабляюць яны больш.
– Атрымліваецца, што сельгаспрадпрыемствы не так моцна запатрабаваны ў працоўнай сіле? Хутка вяскоўцу ў роднай вёсцы работу будзе знайсці няпроста!
– Канешне, гэта не так. Ніводзін кіраўнік сельгаспрадпрыемства не адмовіцца ад стараннага і дысцыплінаванага работніка. Іншая справа, што п’яніцам і зладзеям можа быць пастаўлена заслона… Работа ў сельскай гаспадарцы стала
больш прэстыжнай, запатрабаванай. Да прыкладу, калі дзясятак гадоў назад у Даманаве маладыя мужчыны кідалі гаспадарку і ішлі працаваць у мясцовы ВГК, то зараз там адваротная сітуацыя. А людзей у сельгаспрадпрыемствах стала працаваць сапраўды менш, за апошнія 15-20 гадоў – амаль у два разы. Сучасная тэхніка, сучасныя тэхналогіі ўносяць свае карэктывы.
– Але што рабіць з дробнатаварнымі фермамі. Наведвалі мы колькі гадоў таму невялічкую ўтульную МТФ у Буле, і атрымліваецца, што трэба яе закрываць?
– Што тычыцца МТФ у Буле, то там пройдзе перапрафіляванне і рэканструкцыя, будзе ўтрымлівацца маладняк; тыя, хто працаваў у Буле, без работы не застануцца… Дробнатаварныя фермы будуць выкарыстоўвацца менавіта для вырошчвання маладняку, жывёлы на мяса. Асноўныя фонды будуць запатрабаваны, неразумна іх не выкарыстоўваць.
– Колькі слоў пра раслінаводства…
– У галіне раслінаводства ідзе пастаяннае ўкараненне эфектыўных тэхналогій вырошчвання сельскагаспадарчых раслін, выкарыстоўваюцца інтэнсіўныя гатункі, па меры магчымасці забяспечваецца нарматыўны стан меліярацыйных сістэм, вя-
дзецца іх рэканструкцыя. Можна сказаць, што работа тут вядзецца без аўралу, нават спакойна. Узяць хаця б пасяўную, уборачную… Жніво – час гарачы, але сітуацыя кожны год кантралюемая, і збажына ўбіраецца да апошняга зярнятка…
– Што скажаце пра кадравае забеспячэнне, падрыхтоўку і замацаванне кадраў на сяле?
– Запатрабаваны вузкія спецыялісты. Так, у сферы ветэрынарыі забяспечанасць кадрамі складае 94 працэнты. Праводзім адпаведную прафарыентацыю, у раёне створаны чатыры агракласы, за сродкі сельгаспрадпрыемстваў праходзяць навучанне па мэтавых дамовах 37 спецыялістаў зоаветэрынарнага кірунку – гэта тыя людзі, хто звязвае сваю будучыню з сельскай гаспадаркай.
– І апошняе. Як, на ваш погляд, будзе выглядаць сельскагаспадарчая галіна Івацэвіцкага раёна напрыканцы наступнай пяцігодкі – у 2025 годзе?
– Думаю, што будзем атрымліваць сортам «Экстра» не меней за 80 працэнтаў ад усяго атрыманага малака. Ад кожнай каровы надоім не меней 7 000 тон… На сённяшні дзень болей за 7 000 тон атрымліваюць чатыры гаспадаркі – «Святая Воля», «Косава», «Квасевічы», «Даманава», але паступова падцягнем да гэтых паказчыкаў тыя калектывы, якія пакуль буксуюць. Галоўнае, што аграпрамысловы комплекс раёна развіваецца сістэмна, мы не кідаемся ў крайнасці, бачым недахопы, якія выпраўляем, развіваем перспектыўныя кірункі.

Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ
(фота аўтара).