Жыхар г. Івацэвічы з-за сваркі з сяброўкай ударыў сябе нажом

Кожнае сямейна-бытавое здарэнне, якое суправаджаецца цялеснымі пашкоджаннямі, у абавязковым парадку вывучаецца супрацоўнікамі міліцыі. У апошнія тыдні падобных здарэнняў адбывалася нямала. Сумна, але амаль усе яны суправаджаюцца злоўжываннем алкаголем. 36-гадовы жыхар Івацэвічаў у адзін з дзён падчас гутаркі па тэлефоне са сваёй сяброўкай моцна пасварыўся з ёй. Настолькі цяжка ён перажываў разрыў з дзяўчынай, што схапіў нож і… з усяе сілы ўдарыў сябе ў грудзі (з левага боку). Як вынік, цяжкія цялесныя пашкоджанні (пранікаючае раненне) і шпіталізацыя ва УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ». Гэты «гарачы» кавалер на момант здзяйснення дадзенага ўчынку знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. На бальнічным ложку аказаліся яшчэ трое мужчын – адзін з Падстарыні, двое з Івацэвічаў, якія, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, вельмі няўдала ўпалі. У кожным з гэтых выпадкаў ніякага крымінальнага падтэксту не назіраецца – мужчыны траўміравалі сябе самі. З горыччу вымушаны зазначыць, што двойчы такія няшчасныя выпадкі прывялі да смерці – загінулі 45-гадовы жыхар Целяхан і 51-гадовы жыхар Івацэвічаў. Абодва нецвярозыя мужчыны, падаючы, атрымалі траўмы, якія прывялі да гібелі. Гарэлка, як бачыце, не толькі павышае настрой, але і вядзе да смерці.

Яўген МІХНЮК, начальнік аддзела прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.