26 студзеня ў АДАІ Івацэвіцкага РАУС паступіла 15 паведамленняў аб здарэннях на аўтадарогах раёна

Паўднёвы цыклон «Ларс» у мінулы аўторак, 26 студзеня, абрушыўся і на наш раён: снегапады і моцны вецер прынеслі шмат праблем і нязручнасцяў.

Так, за 26 студзеня ў АДАІ Івацэвіцкага РАУС паступіла 15 паведамленняў аб здарэннях на аўтадарогах раёна (звычайна 5-6 паведамленняў – не больш). Большасць з іх аформлены як дробныя ДТЗ у выглядзе з’ездаў у кювет, перакульванне… Траўмаваных не было. Тэлефанавалі і па прычыне таго, што дрэвы, якія ўпалі на праезную частку, не дазвалялі рухацца аўтамабілю.

Па словах Васіля Жура, начальніка АДАІ, у такія складаныя дні вельмі важна максімальна абачліва весці аўтамабіль, а лепш увогуле адмовіцца ад паездак. Так, сям’я з Івацэвічаў (у салоне маленькае дзіця) на легкавіку рушыла аж у Скідзель вечарам 26 студзеня, але за Квасевічамі пасля абгону грузавога аўтамабіля машыну занесла – яна аказалася ў кювеце…

Напружанымі былі гэтыя дні для камунальнікаў і энергетыкаў. Адключэнні энергасістэм прывялі да таго, што некаторыя кацельні і малочнатаварныя фермы – найперш на Целяханшчыне – запрацавалі ад аўтаномных крыніц сілкавання – ад дызельгенератараў. Але дзякуючы аператыўнай рабоце энергетыкаў ўсе згаданыя праблемы 27 студзеня да канца дня былі вырашаны.

Аляксандр ГОРБАЧ.