У 2020 годзе ў Івацэвіцкім раёне хлопчыкаў нарадзілася больш за дзяўчынак

У 2020 годзе аддзелам ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама зарэгістравана нараджэнне 442 нованароджаных, з іх 231 хлопчык і 211 дзяўчынак.
121 нованароджаны з’явіўся ў сем’ях у першы раз, 149 немаўлят нарадзіліся другімі, 116 – трэцімі. Падвойнае шчасце чакала шэсць сем’яў, дзе з’явіліся двойні. Сярэдні ўзрост маці нованароджаных склаў 29 гадоў, татаў – 31, расказала начальнік аддзела ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама Наталля Аўрусевіч. 
Самыя папулярныя імёны ў раёне, якія бацькі давалі сваім дочкам – Анастасія, Ганна, Ксенія, Марыя, Паліна (у мінулым годзе ў топе былі Паліна, Сафія, Эмілія, Аляксандра, Дарына), сынам – Іван, Цімафей, Арцём, Максім, Мацвей, Мікіта (у мінулым годзе першынство было за Мацвеем, Максімам, Арцёмам, Аляксандрам, Даніілам, Ягорам). Не ўсе бацькі спыняліся на звыклых імёнах. Былі і тыя, хто хацеў назваць дзіця ўнікальным, рэдкім у наш час імем. Сярод іх – Авігея, Мія, Аміна, Іларыя, Сільвія, Гардзей, Міро, Серафім.
У 2020 годзе ў Івацэвіцкім раёне зарэгістравана 268 шлюбаў. Упершыню шлюб бралі 227 чалавек, у паўторны шлюб уступілі 64 жаніха і 88 нявест. Сярэдні ўзрост нявест склаў 29 гадоў, жаніхоў – 30. Зарэгістравана 17 шлюбаў з замежнымі грамадзянамі: 13 маладажонаў было з Расіі, 4 з Украіны.
У 2020 годзе ў раёне знізілася колькасць шлюбаў. Галоўная прычына – пандэмія каранавіруса.
Дарэчы, зала для рэгістрацыі шлюбаў цяпер будзе сустракаць маладажонаў абноўленай, у канцы 2020 года тут прайшоў касметычны рамонт. Нагадаем, што ў сувязі з прафілактычнымі мерапрыемствамі па супрацьстаянні каранавіруснай інфекцыі на ўрачыстай цырымоніі ў ЗАГС дазваляецца прысутнасць не больш за 10 гасцей, уключаючы фатографа і відэааператара. Таксама трэба выконваць сацыяльную дыстанцыю, а гасцям – знахо-
дзіцца ў памяшканні ў масках. У залах ЗАГСа ёсць магчымасць скарыстацца антысэптыкамі.
Ганна Ільяшэвіч.