Папера і шкло замест пластыку: як нашы кафэ пераходзяць на экалагічны посуд

Да 2023 года ў нашай краіне плануюць забараніць выкарыстанне аднаразовага пластыкавага посуду ў аб’ектах грамадскага харчавання.
Пры гэтым, такі пераход да экалагічнага аналага было вырашана праводзіць паэтапна. Ужо ў мінулым годзе ўладальнікам кафэ і рэстаранаў рэкамендавалі адмовіцца ад пластыку. І многія, улічваючы яшчэ і пажаданні кліентаў, не чакалі афіцыйнага дакумента і прадавалі каву ці чай у экалагічных, папяровых, кубачках.
Так, у Пастанову Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю РБ «Аб пераліку аднаразовага пластыкавага посуду» ад 19 лютага 2020 года былі ўнесеныя змяненні. Тут з’явіўся пералік аднаразовага посуду, які забаронены для выкарыстання і продажу ў аб’ектах грамадскага харчавання з 1 студзеня бягучага года. У гэтым спісе: відэльцы, лыжкі і нажы, шклянкі і кубачкі, а таксама палачкі для размешвання, талеркі, трубачкі (саломінкі) для напояў, упакоўкі для прадукцыі грамадскага харчавання, латкі, кантэйнеры, каробкі, ланч-боксы, корэксы, бутэлькі (за выключэннем упакоўкі кандытарскіх вырабаў або паўфабрыкатаў). Як паведаміла Таццяна Чыж, намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама, сёння ў раёне дзейнічаюць 55 агульнадаступных аб’ектаў грамадскага харчавання. І ўсе гэтыя ўстановы ўжо з пачатку месяца павінны былі перайсці на экалагічны посуд. Дарэчы, у лютым па раёне пройдуць маніторынгі, якія дапамогуць ацаніць, як перастроіліся кафэ на новы фармат гандлю і вызначыць магчымыя праблемы і пытанні.
– Я працую ў кафэ ўжо 10 гадоў, і пакупнікі даўно прасілі каву або чай у папяровым кубачку, – сцвярджае бармен кафэ «Вітаю Вас» Івацэвіцкага райспажыўтаварыства Вольга Журко. – Мы хутка адгукнуліся на такія пажаданні і ўжо некалькі гадоў карыстаемся экалагічнымі кубачкамі. Хіба што палачка для размешвання магла быць пластыкавай. Зараз кіраўніцтва закупіла беларускі і расійскі посуд. Мы самы здзівіліся, калі пабачылі, што сталовыя прыборы зробленыя з кукурузнага крухмалу, а нашы ланч-боксы – з цукровага трыснягу. Усё гэта біяпластык, ён добрай якасці. Хіба толькі ёсць нараканні па трубачках для напояў, яны хутка размакаюць. Кактэйль з такой трубачкай трэба паспець выпіць за пяць хвілін. Трэба шукаць іншыя варыянты.
Больш за паўсотню стаканаў чаю і кавы ў дзень прадаюць у кафэ-маркеце «Заўжды Цікаvа» на АЗС-27 каля Міхнавіч. зімой наплыў людзей павялічыўся, многія вадзіцелі ды і пасажыры адаграваюцца цёплымі напоямі. Экалагічны посуд ёсць тут і ў продажы. Старшы аператар Наталля Петручэня сама вельмі станоўча адносіцца да такога ноўшаства:
– Новыя папяровыя кубачкі для кавы і чаю ў нас цяпер з фірменным лагатыпам. Адзінае, пакуль крышкі для кубачкаў выкарыстоўваем пластыкавыя, гэта дазваляецца Пастановай, бо пакуль у краіне няма экалагічных аналагаў. Дарэчы, выкарыстанне такога новага посуду ніяк не сказалася на нашых цэнах.
Адным з самых «жывых» кафэ ў сэнсе продажу на вынас у апошні час стала «Дзіяна». Напоі, піца, сушы, бургеры, любую страву з прапанаванага меню можна ўзяць з сабой або заказаць дастаўку. Бываюць дні, калі кафэ прымае па 40-50 заказаў на вынас.
– У хуткім часе мы плануем нават прадаваць са скідкай каву на вынас наведвальнікам, якія прыйдуць са сваім тэрмакубкам, – адзначаюць гаспадары кафэ Ілья і Маргарыта Ермаковічы. Для сталічных кафэ гэта ўжо звычайная практыка, і наша моладзь дзвюма рукамі «за» экалагічнасць ва ўсім. Мы ж пакуль у пошуку свайго ідэальнага пастаўшчыка экалагічнага посуду. Чаму? Бо прапанаваныя боксы для супу ўсё роўна хутка размакаюць, таму часова мы спынілі продаж першых страў на вынас. Яшчэ адзін галаўны боль – гэта ланчбоксы «с прозрачным окошком». Нам важна, каб чалавек бачыў свой заказ на момант пакупкі, а не браў тыя ж ролы ўсляпую: нашы павары чаруюць над заказам, каб усё выглядала прыгожа і апетытна. Спрабуем прадукцыю розных беларускіх і расійскіх пастаўшчыкоў. Шукаем зараз тэрмапаперу для бургераў, бо кардонныя скрыні не трымаюць цяпло так добра. Хутка прыедзе вялікі заказ папяровых пакетаў розных памераў. Вызначыліся толькі з кубачкамі для напояў, бяром фірменны посуд у пастаўшчыкоў кавы. Цэны трымаем старыя, хоць экалагічная ўпакоўка даражэй за пластыкавую. Пластыкавы ланчбокс каштуе каля 30-35 кап., экалагічны жа – усе 50. Спадзяёмся на зніжкі, не хочацца пераплачваць за ўпакоўку.
Нехта задасца пытаннем: чаму менавіта зараз звярнулі ўвагу на такую праблему… Пытанне наспявала даўно. Перш за ўсё ў нашай краіне вывучалася патрэба ў аднаразовых пластыкавых вырабах у сферы грамадскага харчавання, высветлілася, што беларусы выкарыстоўваюць каля 200 млн адзінак пластыкавага посуду ў год! Увесь гэты посуд у сваёй большасці зроблены з вялікай колькасці матэрыялаў і іх камбінацый, адсюль і праблемы з сарціроўкай такога смецця і далейшага выкарыстання яго ў якасці другаснай сыравіны. Ёсць віды пластыку, той жа палістырол, які наогул не перапрацоўваецца. Увесь такі посуд закопваецца. Ці трэба казаць, які гэта вялікі ўрон для нашай экалогіі? Кожнае другое кафэ ў Беларусі карысталася пластыкавым посудам. Таму зараз пачаўся такі паступовы, «бязбольны», перавод кафэ і рэстаранаў на экалагічны.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.