«У нашу гаспадарку працаўладкавацца не так проста»

– Для мяне вельмі хвалюючая падзея – паехаць на Усебеларускі народны сход. У нас у калектыве многія дзяўчаты дастойны такой пашаны. Гэта мусіць паказаць працаўнікам вёскі, што іх праца высока цэніцца дзяржавай, і падштурхнуць да новых працоўных дасягненняў.

У ААТ «Святая Воля» я працую з 2004 года, пераехала сюды з Ляхавіцкага раёна. Пачынала на старых кароўніках. Безумоўна, было значна цяжэй. А як пабудавалі новы комплекс, то тут стала працаваць. Новыя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне… Але абсталяванне гэта адно, наша праца патрабуе адказнасці. Галоўнае – захоўваць тэхналогію. Гэта на першым месцы. У аператараў машыннага даення ёсць свае стандарты – «залатыя правілы» даення. Іх захоўваць проста неабходна. Тут не можаш сабе дазволіць сумнявацца, раздумваць – патрабаванні неабходна выконваць. Тое, што ад нас патрабуецца, мы ведаем дасканала.
Я лічу, што ў нас назапашаны выдатны вопыт вядзення малочнай жывёлагадоўлі. Нас не абыходзяць увагаю нават у гарачы час нарыхтоўкі кармоў ці жніва, бо менавіта жывёлагадоўля робіць асноўны фінансавы падмурак любога сельгаспрадпрыемства. Працаваць у нас добра, усюды парадак, добры догляд за рагулямі і чысціня. Зарплата дастойная – каля 2000 рублёў. Чым больш мы надоім малака, тым вышэйшыя будуць нашы заробкі. Залежыць зарплата і ад якасці атрыманай сыравіны. Так што стымул старацца ёсць. У нас усё малако ідзе гатункам «Экстра». Надой ад кожнай каровы за 2020 год па МТК «Вялікая Гаць», дзе ўтрымліваецца 870 галоў жывёлы, – рэкордны ў разрэзе гаспадаркі, у мяне, напрыклад, 10 645 кілаграмаў малака ад кожнай рагулі. Гэта няпроста, але мы стараемся, дасягаем вышынь і будзем і надалей старацца.
Хачу адзначыць, што наш рэзультат залежыць не толькі ад нас, а і ад дырэктара, спецыялістаў, ад кармлення жывёлы, ад расцёлаў… У нас добра наладжана селекцыйная работа, таму да нас паступаюць самыя малочныя кароўкі. Адсюль і дасягненні такія. Харошыя спецыялісты ў нас, граматны брыгадзір, таму дырэктара і ўсіх іх заслуга вялікая ў нашых рэкордах. Усё ў нас выдатна. Каб так, як у нас, была наладжана работа на сельгаспрадпрыемствах па ўсёй краіне, то і гора б не ведалі. І было б усё цудоўна. З нашай гаспадаркі можна і трэба браць прыклад.
Вёска мне падабаецца, людзі тут жывуць дабрадушныя, адносяцца добра. На радзіме маёй, на жаль, вёска амаль вымерла. Моладзь уцякае з вёскі, каб зарабіць, а ў нашу гаспадарку не так проста працаўладкавацца. Трэба напачатку паказаць, чаго ты варты. Маладыя спецыялісты стараюцца ў нас заставацца. А калі тут замацуешся, то не адчуваеш розніцы ніякай з горадам – газ, водаправод, работа з дастойнай зарплатай… Жыллём забяспечваюць. Я вось дом прыватызавала. Гаспадарку можна трымаць, і я трымаю. Дапамогу аказваюць. У мяне трое дзяцей, два сыны дарослыя, адзін з іх вучыцца ў Пінску на механіка. Сыну хутка на практыку, марыць сюды прыехаць. Хаця механікам яго адразу ніхто не возьме, хіба што слесарам. І то, трэба яшчэ пастарацца, паказаць, на што здольны.
Хочацца, каб увага на сходзе была вёсцы, каб моладзь замацоўвалася тут, каб яна звінела дзіцячымі галасамі, быў спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Ала Кабятка, аператар машыннага даення МТК «Вялікая Гаць» ААТ «Святая Воля».