«Моладзь павінна быць у прыярытэце,а для шматдзетных – дзяржаўная дапамога ўжо адчувальная»

– Вельмі радуе, што на Усебеларускі народны сход едзе і моладзь, якой хочацца жыць на радзіме. Я – целяханская, шматдзетная маці, цяпер у водпуску па доглядзе дзіцяці.
Вучылася ў Пінскім мяса-малочным каледжы, па спецыяльнасці тэхнік-тэхнолаг. У той год, калі я скончыла вучобу, у Целяханах адкрываўся пасля рэканструкцыі цэх рыбных прэсерваў. Паехала ўладкоўвацца тэхнолагам (у мяне быў свабодны дыплом), але пакуль даехала, мне сказалі, што на нашым участку тэхнолаг не патрэбны. Дырэктар, памятаю, пытае: «Прыбіральшчыцай пойдзеш?» Мне дыханне перакрыла: «Я? З дыпломам?» А дырэктар глядзіць на мяне і прадаўжае: «Я цябе ўсё роўна адразу тэхнолагам не пастаўлю. І я пачынала з нізоў, малакавозы мыла, а стала дырэктарам. Так і ты, калі хочаш чагосьці дасягнуць – пакажы мне, якая ты ёсць». Месяц я працавала прыбіральшчыцай, потым мяне паставілі на выпіску хлеба на хлебапякарні, а яшчэ праз месяц я падмяняла ўжо загадчыцу.
За час работы на камбінаце я працавала і лабарантам, і мікрабіёлагам, і кладаўшчыком, і апрацоўшчыкам рыбы… Скажу шчыра, калі чалавек мэтанакіраваны, ён будзе зарабляць. Перад дэкрэтным водпускам я, напрыклад, працавала апрацоўшчыкам рыбы і на палову стаўкі – кандытарам. Кандытарскія здольнасці мае заўважылі выпадкова. На дзень нараджэння дачкі я заказала торт у нас у кандытарскім цэху. У дзяўчат у той дзень было вельмі многа работы. Гэта была пятніца. Яны сказалі, што торт амаль гатовы, засталося ўпрыгожыць толькі верх. Я вельмі спяшалася і забрала торт як ёсць. Дома ўзяла кулёк і зверху зрабіла крэмам ляльку на торце, ды адправіла ім фота. Ім мой торт-лялька спадабаўся, і яны паказалі фота дырэктару. Так я стала сумяшчаць дзве прафесіі. У спажыўкааперацыі я працую ўжо 11 гадоў. Прыйшла, думала, часова, а засталася на пастаянна. Я тады была самая маладая ў калектыве, і да гэтай пары я там самая маладая. Вельмі хацелася б, каб маладыя прыходзілі да нас.
Як шматдзетная мама, скажу, што дзяржаўная дапамога шматдзетным сем’ям адчувальная. На трэцяе дзіця атрымалі мацярынскі капітал. Старэйшая мая дачка хадзіла ў дзіцячую школу мастацтваў у Целяханах, вучылася іграць на гітары, і пасля нараджэння ў нашай сям’і трэцяга дзіцяці ёй зрабілі навучанне бясплатным. Харчаванне ў школе для дзяцей са шматдзетных сем’яў бясплатнае. Гэта добры стымул, і калі трэцяе дзіця пойдзе ў садок, таксама будуць ільготы пры аплаце. Тры гады ў аплачваемым дэкрэтным водпуску па доглядзе дзіцяці, у якой яшчэ краіне застаецца так? На мой погляд, тры гады ў дэкрэце гэта не замнога. Дзеці сёння часта хварэюць, і калі выхо-
дзіш на работу раней тэрміну – то з адным, то з другім трэба ісці на бальнічны. Добра, што ў мяне бабуля на пенсіі, было каму дагледзець дзяцей, калі яны хварэлі. А так бы мяне не трымалі на рабоце. Так, у трэці год дэкрэтнага водпуску менш клопату з дзіцём, то маці можна пайсці на курсы павышэння кваліфікацыі, каб паглыбіць свае веды па прафесіі, а можна атрымаць яшчэ якую іншую спецыяльнасць, альбо атрымаць правы на кіраванне аўтамабілем. Лішнімі веды не бываюць, а падчас работы на гэта няма часу.
Ёсць клопат і ад прафсаюзаў. Хаця, калі я ўладкоўвалася, не вельмі ахвотна пісала заяву ў прафсаюз. Першы год, памятаю, адпрацавала, і мне з прафкама звоняць, пытаюць, можа хочаце дзіця ў санаторый адправіць? Шчыра кажучы, была здзіўлена, што не паспела я прыйсці працаваць, а мне ўжо, калі ласка, хочаш тое, хочаш другое… Звычайна тых, хто шмат гадоў працуе, заахвочваюць за добрую работу, а тут мне, навічку, прапанавалі пуцёўку ды яшчэ з дзіцём у санаторый у Літву. І калі ішла ў дэкрэтны водпуск з наступным дзіцём, то мне ад прафсаюза падарунак быў. Вельмі прыемна. Падарункі на Новы год дзецям, і нам на Дзень маці, і на 8 Сакавіка – гэта прыемна. Падтрымліваю прапанову прафсаюзаў аб пераглядзе пенсійнай рэформы. Мы, працаздольнае насельніцтва, плацім пэўны працэнт у пенсійны фонд, а потым з яго чалавек атрымлівае пенсію. Нядаўна ў мяне памёр бацька. Ён не дажыў да пенсіі, хаця ўсё жыццё працаваў. У выніку, ні ён не скарыстаўся гэтымі адлічэннямі, ні дзеці, ні родныя. Гэта, лічу, таксама не вельмі справядліва. У некаторых краінах пенсія накапляльная, і ў нас добра было б, каб было так. Людзей перадпенсійнага ўзросту гэтае пытанне хвалюе, бо выхад на пенсію – гэта стрэс і перажыванне, як яны змогуць пражыць.
І яшчэ адно мяне хвалюе. Летась мая старэйшая дачка скончыла 8 класаў. Загарэлася жаданнем, як і мы раней, за лета зарабіць грошай. Мы абышлі з ёю ўсе Целяханы, але ніхто не захацеў браць на падпрацоўку. Не толькі яе, папрыязджалі студэнты дадому на лета, і іх не хочуць браць, кажуць, нашто нам гэта адказнасць. З другога боку, многія кіраўнікі шукаюць на лета работнікаў, каб падмяніць тых, хто ў водпуску. Я лічу, што ёсць работы, на якія можна ўлетку браць старшакласнікаў і студэнтаў, якія прыязджаюць на канікулы дадому. Асабліва хлопцу-старшакласніку ці студэнту трэба даць магчымасць зарабляць, каб ён мог сваю дзяўчыну кавай пачаставаць, кветкі ёй купіць. Даросламу хлопцу няўжо трэба на гэта пытаць грошай у бацькоў? Хацелася б, каб на ўзроўні прафсаюзаў вырашылася гэта пытанне, каб было менш патрабаванняў пры афармленні іх на работу і каб падлеткі менш сядзелі за камп’ютарамі. Некаторыя скажуць, вось маці траіх дзяцей нарадзіла і хоча, каб дзеці працавалі. Не, я абсалютна не за тое, каб застаўляць працаваць дзяцей, а каб не было спажывецкіх адносін да бацькоў, каб дзеці ведалі цану заробленых грошай. У інтэрнэце многа бачыла аб’яў, што студэнты шукаюць падпрацоўку, з многімі маю зносіны, і гэта праблема для моладзі. З другога боку, студэнтам вельмі карысна падчас вучобы папрацаваць на канікулах на радзіме. Падчас гэтага яны пазнаёмяцца з калектывам, папрацуюць і, можа, потым, пасля заканчэння вучобы, ім захочацца прыехаць працаваць дадому і тут застацца.
Вольга Гапонік,  апрацоўшчык рыбы і морапрадуктаў Целяханскага цэха рыбных прэсерваў філіяла «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Івацэвіцкага райспажыўтаварыства.