Нецвярозая жыхарка г. Івацэвічы пашкодзіла дарагі легкавік

«Вино входит – ум выходит» – вядомая руская прымаўка згадвалася падчас разгляду крымінальнай справы ў адносінах да В., жанчыны сярэдніх гадоў з Івацэвічаў, якая абвінавачвалася па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Хуліганства».
Вось як развіваліся падзеі ў той вечар. В., якая працуе ў адной з устаноў Івацэвічаў, атрымала зарплату. Ісці дамоў не хацелася, таму яна зайшла да сяброўкі, якая пражывае ў шматпавярхоўцы – у д. №11 па вул. 60 год Кастрычніка. Па дарозе купіла бутэльку віна і… адзін памідор, каб было чым закусіць. Сяброўка, гаспадыня кватэры, адмовілася спажываць алкаголь, бо ў той вечар ёй абавязкова трэба было быць цвярозай; прыйшлося В. адной піць. Яны паразмаўлялі з сяброўкай пра жыццё-быццё, прыйшоў час В. збірацца дадому.
Моцна нецвярозая жанчына выйшла з дома і накіравалася ў бок вул. Камуністычнай райцэнтра. Але ў тыя мінуты нейкая дэпрэсія і горыч накрылі В., яна згадала пра свой няўдалы сямейны лёс, пра сваркі з дачкой… І так крыўдна і балюча стала на душы, што захацелася выліць гэты боль.
На прыдамавой тэрыторыі каля шматпавярхоўкі стаяла некалькі легкавікоў, В. падышла да самага дарагога з іх – і пачала біць нагой па дзверцы і іншых элементах машыны. На «збіццё» легкавіка звярнуў увагу адзін з жыльцоў дома, які хуценька збег уніз, выбег на вуліцу і затрымаў нецвярозую хуліганку. Знайшоў гаспадароў аўто; выклікалі міліцыю. Пакуль чакалі прадстаўнікоў праваахоўных органаў, В., якая ўжо выплюхнула ўвесь свой гнеў, заснула на ступеньках шматпавярховага дома.
Была ўзбуджана крымінальная справа, якая нядаўна разгледжана. Санкцыя суда ў адносінах да В., якая працуе і характарызуецца станоўча сваім кіраўніцтвам, – адзін год папраўчых работ (па месцы работы) з утрыманнем 10 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы. Не меней сумным для В. з’яўляецца той факт, што гаспадарам цяпер трэба кампенсаваць «пабоі», якія дадзеная жанчына нанесла, паўторымся, сучаснаму і дарагому аўтамабілю. Гаспадыня легкавіка прадставіла разлік, згодна з якім толькі адна драпіна на дзверцы каштуе… 1 500 рублёў.
Вось на які момант хочацца звярнуць увагу. Сёння ў нашых Івацэвічах актыўна працуе служба таксі. За 3 рублі 50 капеек вас даставяць у любую кропку райцэнтра. Гэтую магчымасць магла б выкарыстаць В. і ёй не прыйшлося б блукаць па горадзе і шукаць на сваю п’яную галаву праблемы…
Арцём ПАДАЛЯНЕЦ, суддзя суда
Івацэвіцкага раёна