«Трэба зрабіць прывабным родны край, каб заставаліся ў вёсках сем’і, напаўняліся школы»

VI Усебеларускі народны сход, які пройдзе 11-12 лютага ў Мінску, прызваны аб’яднаць прадстаўнікоў розных прафесійных груп, грамадскіх арганізацый, дэпутатаў розных узроўняў, кіраўнікоў і звычайных працаўнікоў. Добра, што ў людзей розных прафесій, узростаў, інтарэсаў і поглядаў ёсць магчымасць сабрацца і абмеркаваць тое, што хвалюе, чым сёння занятыя нашыя думкі. Нездарма гэты год абвешчаны Годам народнага адзінства.

– У Косаўскай сярэдняй школе працую больш за 10 гадоў, у гэтым годзе ў мой першы клас прыйшло 15 вучняў, усяго ў школе навучаецца 310 дзяцей. У нашай школе арганізаваны падвоз дзяцей з вёсак Була, Грыўда, Мілейкі, Бусяж, Квасевічы. Магу з упэўненасцю сказаць, што ў навучання ў невялічкіх класах, якія заўжды бываюць у сельскай мясцовасці, ёсць свае плюсы – настаўнік мае фізічную магчымасць не абдзяліць увагай кожнага вучня. Лічу, што вучань з сельскай мясцовасці ці невялікага гарадка, як Косава, можа паспяхова паступіць у ВНУ і канкурыраваць з абітурыентамі з абласных цэнтраў і сталіцы. І гэтаму ў нас ёсць шматлікія пацверджанні сярод выпускнікоў нашай школы. Галоўнае – гэта матывацыя вучня. І цяпер першакласнікам не ставяць адзнак, а фарміруюць уменні карыстацца крытэрыямі для самаацэнкі і ўзаемаацэнкі. Пра гэта размаўляем і з бацькамі, тлумачым, што не трэба параўноўваць сваё дзіця з іншымі, трэба параўноўваць яго асабісты ўзровень цяпер і раней. І, канешне ж, хваліць за маленькія перамогі.
Зараз у школах ёсць сучаснае абсталяванне, напрыклад, у нашым класе ёсць тэлевізар і камп’ютар, таму я намагаюся разнастаіць заняткі. Дзецям вельмі падабаецца, калі падчас урока можна прайсці інтэрактыўную віктарыну ці рашаць тэсты. Ёсць у нашай школе і ноўтбукі, але хочацца, каб іх колькасць павялічылася. Тады можна было б аператыўна пераносіць адзнакі, тэму занятка і дамашнія заданні ў электронны дзённік, што вельмі зручна для бацькоў і вучняў.
Пандэмія каранавіруса, можна сказаць, кінула выклік сістэме адукацыі: ні настаўнікі, ні дзеці, ні бацькі не былі гатовыя да такіх змен. Напрыклад, у маім класе адзінаццаць вучняў наведвалі школу, чацвёра вучыліся дома, гэтая колькасць змянялася, калі ў залежнасці ад эпідэміялагічнай абстаноўкі бацькі вырашалі не пускаць дзіця ў школу. Але педагагічная супольнасць хутка мабілізавалася. Настаўнікі пачалі дзяліцца напрацоўкамі, якія дапамаглі пры разборах тэм пры дыстанцыйным навучанні. Дзеці хутка адаптаваліся да такога фармату работы, мне падаецца, што ім нават цікава было запісваць сябе на відэа, калі напрыклад, яны чыталі на памяць верш. Але і на бацькоў узмацнілася нагрузка. Гэта я адчула як маці дваіх школьнікаў. Думаю, што адзіная анлайн-платформа, якая зараз тэстуецца ў Беларусі, будзе добрай дапамогай настаўнікам.
У такім прадстаўнічым форуме, як VI Усебеларускі народны сход, буду ўдзельнічаць упершыню, таму для мяне гэта значная, асаблівая падзея. Як педагога, зразумела, сёння мяне найперш хвалююць пытанні, якія звязаны з маёй прафесійнай дзейнасцю. Напрыклад, ведаю, што некаторыя дэлегаты прапаноўваюць зменшыць дакументаабарот у дзейнасці настаўніка, а таксама скасаваць выкананне неўласцівых абавязкаў. З гэтымі прапановамі цалкам згодная. Гэта дазволіла б больш часу вылучыць на зносіны з вучнямі, бо цеплыню чалавечых адносінаў нічога не заменіць.
Лічу, што на Усебеларускім народным сходзе трэба надаць увагу павышэнню прэстыжу жыцця ў вёсцы, распіярыць яго, тады не будзе праблем з напаўняльнасцю школ, працаўладкаваннем для настаўнікаў і, канешне ж, вялікія сем’і не будуць пакідаць вёскі. Я ніколі не пашкадавала, што жыву ў Косаве. Тут свежае паветра, маляўнічыя краявіды, ды і адносіны між людзьмі простыя, чулыя. Заўважаю, як змяніўся наш гарадок у апошні час: прыйшлі да нас сеткавыя магазіны, можна набываць неабходныя тавары, не выязджаючы ў Івацэвічы, праведзены высокахуткасны інтэрнэт, абноўлены фасады шматкватэрных дамоў, вырашылася пытанне з вулічным асвятленнем, пакрысе вырашаецца і пытанне ўдасканальвання дарожнага пакрыцця. Звярнула б увагу на тое, як бавіць вольны час наша моладзь. Лічу, што ў нашым гарадку не хапае гурткоў па інтарэсах: танцавальнага, мастацкага. Дзяцей патрэбна «адрываць» ад камп’ютараў, зацікавіць іх. Добра было б, каб у нас у горадзе з’явіліся дзіцячы забаўляльны цэнтр, спартыўны клуб ці фітнэс-цэнтр. Думаю, што ў Косаўшчыны – вялікая будучыня, бо адноўлены Палац Пуслоўскіх, мне падаецца, можа па праве стаць цэнтрам прыцягнення як айчынных, так і замежных турыстаў.
Вольга Канановіч,
настаўніца пачатковых класаў
ДУА «Косаўская сярэдняя школа».