Пра будаўніцтва, рамонт і першыя «электрычныя» дамы

Адыходзячая пяцігодка была адметнай для нашага раёна ўжо хаця б таму, што менавіта на гэты перыяд прыйшлося святкаванне 500-годдзя Івацэвічаў. Да юбілейнай даты ўдалося зрабіць многае, тым больш прыемна, што работы закранулі не толькі цэнтр Івацэвічаў, але і ўскраіны горада.
І ў пасляюбілейны час не сядзяць без працы будаўнікі. Як адзначае наш суразмоўца Андрэй Рэгес, намеснік старшыні райвыканкама, аб праблемах Івацэвіччыны кіраўніцтва раёна добра ведае і паступова вырашае іх.
– Пачнём наша інтэрв’ю з будаўнічай галіны. Андрэй Пятровіч, ці ёсць аб’ёмы работ у нашых асноўных будаўнічых арганізацый раёна – у «Івацэвіцкай ПМК-11» і «Івацэвіцкай ПМК-18»?
– Нашы будаўнікі загружаны работай, без справы не сядзяць. Вось толькі
адзін штрых: у сістэме «Брэстаблсельбуд», у склад якога ўваходзяць дзве вышэйзгаданыя арганізацыі, ПМК-18 і ПМК-11 занялі за 2020 год першае і трэцяе месцы па аб’ёмах вытворчасці. А ў гэтай сістэме – больш за 30 прадпрыемстваў дадзенага профілю!
– Але дзе тыя аб’екты, на якіх шчыруюць івацэвіцкія будаўнікі?
– Новы мікрараён забудовы «Кляноўка» ў Івацэвічах – тут выраслі два сучасныя шматкватэрныя дамы. Вядзецца будаўніцтва такога ж – ужо апошняга – дома ў мікрараёне забудовы на М. Танка. Мы «закрываем» квартал на М. Танка, тут шчыравалі будаўнікі каля 15 гадоў, працягнуцца ў гэтым квартале толькі работы па добраўпарадкаванні і азеляненні. Шмат у мінулым годзе працавалі прадстаўнікі вышэйзгаданых арганізацый на ўзвядзенні жывёлаводчых комплексаў. З пачаткам цёплага перыяду года пачнуцца работы па ўзвядзенні першага «электрычнага» дома – зноў-такі ў мікрараёне «Кляноўка»…
– Стоп, прабачце. Як гэта – «электрычнага» дома?
– Інжынерныя сістэмы і сеткі яго будуць сілкавацца толькі ад электрычнасці. Карацей: газ да дадзенага аб’екта не падводзіцца. Гэта будзе першы такі дом на Івацэвіччыне, але не апошні: каля цырульні «Маладосць» (вул. Чарткова) плануем узвесці яшчэ адну падобную шматпавярхоўку. Гэта дазволіць добраўпарадкаваць тэрыторыю каля «Маладосці» і дзіцячага садка, бо там недагледжаны кавалак тэрыторыі… Чаму ўхіл зроблены на электрычнасць? Адказ ляжыць на паверхні: у краіне ёсць уласная АЭС, танная электраэнергія. Чаму б яе не задзейнічаць?
– Азірнёмся назад. Мінулая пяцігодка знамянальная для нас святкаваннем 500-годдзя Івацэвічаў. Давайце згадаем, што зроблена да юбілею?
– Найбольшы аб’ём работ прыйшоўся на паўночна-заходнюю частку Івацэвічаў – на так званы спальны мікрараён. У значнай ступені работы закранулі вуліцу Чарткова – гэта найбольш ажыўленая частка райцэнтра. Тут знаходзіцца СШ №4 г. Івацэвічы, дзіцячая паліклініка, шматкватэрныя дамы… Да юбілею адрамантавалі праезную частку, мост праз Безыменны канал, пераклалі сеткі, правялі замену праблемнага водаправода, тут з’явіліся новыя святлафорныя аб’екты, кішэні для аўтамабіляў… Вуліца загружаная, і павінен адзначыць, што мы вернемся да яе добраўпарадкавання.
Так, трафік транспарту тут, на Чарткова, толькі расце. З мэтай разгрузіць яе была працягнута і заасфальтавана вул. Інтэрнацыянальная, дзе таксама ўстаноўлена асвятленне. Акрамя гэтага ўдасканаленае пакрыццё з’явілася на вул. Спартыўнай, якую «звязалі» з вул. 60 год Кастрычніка. З’явіліся, як бачыце, два альтэрнатыўныя шляхі.
Будаўнікі плённа і шчыра папрацавалі на вул. Свярдлова і, увогуле, каля Івацэвіцкай ЦРБ. Гэты ўчастак хоць і знахо-
дзіцца на ўскраіне райцэнтра, але «прасіў» увагі. Адрамантавана дарожнае пакрыццё, з’явіліся тратуары, сучаснае асвятленне, новыя прыгожыя лавачкі. Дадайце новы асфальт на 60 год Кастрычніка, тратуар па Дзяржынскага, капітальны рамонт ГДК, 3-га паверха паліклінікі Івацэвіцкай ЦРБ, СШ №1 і СШ №3 г. Івацэвічы…
Пасля святкавання 500-годдзя работы не спыніліся. Мы метадычна ідзём ад аднаго аб’екта да другога. Плануем пабудаваць тратуар на Свярдлова ў Івацэвічах – важна на гэтай цяпер ажыўленай і запатрабаванай вуліцы зрабіць бяспечным рух пешаходаў. У апошні час пабудаваны тратуары на вул. Гамаліцкага, Механізатараў, Інтэрнацыянальнай, Славянскай (на ўсёй даўжыні). За пяцігодку асвяцілі ўсе пешаходныя пераходы новымі сучаснымі свяцільнямі.
У 2021 годзе будзем займацца гарадскім паркам у раёне вул. Механізатараў – пешаходныя сувязі, скейт-парт… Па магчымасці аздобім аб’ект малымі архітэктурнымі формамі. Плануем вырашыць праблему з адводам ліўневых сцёкаў на вул. Механізатараў…
– Андрэй Пятровіч, чытач з Целяхан ці Косава скажа: ці не занадта ўвагі адным толькі Івацэвічам? Няўжо ў іншых населеных пунктах не трэба весці будаўніцтва і рамонт, займацца добраўпарадкаваннем?..
– Не пакрыўджаны ў гэтым сэнсе Целяханы! На сённяшні дзень там вядзецца будаўніцтва 24-кватэрнага жылога дома, прыкладна год назад узведзены падобны на вул. 17 верасня. Будзе праведзена поўнае добраўпарадкаванне вул. 1-га Мая, у мінулым годзе падобныя работы зачапілі не меней праблемны ўчастак – вул. 17-га верасня, дзе зрабілі ліўнёўку, пешаходныя і тратуарныя сувязі, тут удасканаленае пакрыццё, кішэні, стаянкі, безбар’ерны асяродак. Зрабілі тратуар на вул. Пушкіна.
У Целяханах праведзена поўная замена свяцільняў – каля 400 новых і самых сучасных устанавілі. Пасёлак ззяе!
У Косаве праведзена добраўпарадкаванне ў парку, плануем падрамантаваць дарожкі, сур’ёзныя фінансы накіроўваюцца на будаўніцтва Косаўскага палаца.
– Адыходзячая пяцігодка. Які на ваш погляд самы значны аб’ект з’явіўся ў нашых Івацэвічах?
– Канешне, гэта новы гарадскі стадыён «Кляноўка-арэна», ён стаў сапраўдным упрыгожаннем Івацэвічаў. Памятаеце, у якім выглядзе быў стадыён «Юнацтва»? Нават сорамна згадваць. А сёння рэдкая каманда не толькі другой, але і першай лігі чэмпіянату Беларусі мае такую арэну… Поўнасцю завершаны квартал «Паўднёвы Захад-1» і «Паўднёвы-Захад-2», дзе атрымалі нашы грамадзяне 230 участкаў – з усімі інжынернымі выгодамі, з інфраструктурай…
– Сапраўды, на першы погляд непрыкметна, але паступова змяняецца аблічча Івацэвіччыны ў лепшы бок. На ваш погляд, як будзе выглядаць наш райцэнтр у 2025-м годзе, калі будзе завяршацца чарговая пяцігодка?
– Новы мікрараён забудовы «Кляноўка». Думаю, што каля 10 шматпавярховых дамоў тут ужо будуць узведзены. Спадзяюся, што з’явіцца новая дзяржаўная праграма па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый – нямала шматпавярховак у Івацэвічах, дзе трэба па-людску зрабіць рамонт вакол дома. Невыпадкова жыхары скардзяцца. На дзяржаўным узроўні трэба вырашаць падобныя пытанні.
Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ
(фота аўтара).