Гошча – вёска ля возера, якая атрымала «другое жыццё» праз 500 гадоў пасля ўзнікнення

Тры дзясяткі жыхароў і прыкладна столькі ж хат. Вось і ўся вёсачка Гошча, што раскінулася ў жывапісных мясцінах за сем кіламетраў на паўночны ўсход ад Амяльной. Яе цэнтрам было, ёсць і будзе возера, якое маніць да сябе магнітам і аматараў рыбалкі, і аматараў адпачынку на прыродзе. Таму ўлетку ў Гошчы – курорт, а ўзімку ля возера – цішыня, роўнядзь ды божая мілата… Не пашкадавалі, што ў «летнюю» вёску наведаліся зімой, у моцныя маразы, у завеі, бо даўным-даўно не бачылі, як дыхаюць хаты дымам з коміну, што ідзе ў неба роўным слупам, як пятляе белая дарога, бяжыць праз загадкавы заснежаны лес, спакой якога толькі зрэдку парушае рокат рухавіка.

Адкуль такая назва – Гошча? Тлумачэнне гэтаму тапоніму было дадзена яшчэ ў XIX ст. (звесткі ўзятыя з кнігі «Гарады і раёны Берасцейшчыны: гісторыя і сучаснасць. Івацэвіцкі раён»). На санскрыце gostha ці роднаснае ад яго gosthana – слова, якое складаецца з двух асноў: go (карова) і sthana (стан). Інакш – месца, дзе стаяць каровы, стан для кароў. Чалавечая цывілізацыя развівалася, людзі ад збіральніцтва і палявання перайшлі да земляробства і жывёлагадоўлі – вось з чым звязана з’яўленне гэтых слоў, па меркаванні вучонага-лінгвіста XIX ст. Пітцэта. Далейшыя трансфармацыі гэтага слова далі нам новыя значэнні, а іменна: месца, асада, прыстанішча, дом.

Паводле пісьмовых крыніц, Гошча ўпершыню згадваецца ў 1520 годзе. Пінскі князь Ф. І. Яраславіч у сваім тастаменце даруе селішча разам з сялянамі і возерам Багародзіцкай царкве Ляшчынскага манастыра. Яшчэ раз яно ўпамінаецца ў кнізе «Рэвізія пушч і пераходаў звярыных у Вялікім княстве Літоўскім…» у 1559 годзе.
З 1795 года – Гошча ў складзе Расійскай імперыі. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы было 16 двароў, 114 жыхароў. З 1921 года – у складзе Польшчы, з 1939-га – у складзе БССР, пасля – пад нямецкай акупацыяй. У першы калгас гашчанцы арганізаваліся ў 1951 годзе. Калгасныя палі былі за возерам, сеялі на іх жыта і садзілі бульбу. Ураджай перавозілі на лодках. Калгас быў бедны, людзі жылі з прысядзібных участкаў. За працадзень плацілі па 10 капеек і па 200 грам збажыны. Потым пачалася меліярацыя, узраслі ўраджаі, і жыццё паціху наладжвалася.
Найбольш жыхароў у Гошчы было ў 1979 годзе – 175. Паступова іх станавілася ўсё менш: 2002 год – 75, 2021 – 31 (усе пенсіянеры).

Шчасце, калі ў хаце гаспадар. Стараста Гошчы Міхаіл Захаравіч Палянаў на сваім дагледжаным падворку.

Для рыбака тут – раздолле

Ехалі ў Гошчу праз Амяльную, па казачнай зімняй дарозе. Калі на машыне, ад аграгарадка да вёскі даімчыш хутка, а калі пешшу, то шлях няблізкі – 7 км. Бадзёра пераадолеў яго палову 80-гадовы карэнны жыхар Гошчы Юлій Якаўлевіч СОБКА, які сустрэўся нам па дарозе. Падвезлі яго дахаты, а заадно і пагутарылі.
– От, задумаў рабіць рамонт, тую сцяну хаты ўцяпліў звонку, гэтую буду ўцяпляць. А пасля, можа, патынкую, пафарбую – і можна ўжо паміраць, – жартуе пенсіянер, паказваючы карэспандэнтам сваю сядзібу. «А помирать нам рановато, есть у нас еще дома дела», – успамінаю вядомую песню, і душа спявае пад акампанемент скрыпучага снегу пад нагамі.
Летась Юлій Якаўлевіч, вопытны рабак, не зведаў радасці зімовай рыбалкі. Але сёлета ўдарылі маразы, і ён быў у прадчуванні добрага клёву на скаваным трывалым лёдам мясцовым возеры ў бліжэйшыя дні (а мы былі ў Гошчы напярэдадні Вадохрышча). Возера не заўсёды было даступным для усіх, быў час, калі яго дзялілі, калі і дазвол быў патрэбны, каб парыбачыць. А цяпер мясцовыя жыхары, ды і госці, рыбачаць, калі захочуць; а справу гэтую Юлій Якаўлевіч надта любіць. Успамінае: некалі возера было чыстае-чыстае. І глыбокае – 20 м. Цяпер жа толькі 11 м. Але і гэта добра. Водзіцца ў ім карась, шчупак, лінь, акунь, плотка, карп – розная рыба. Для рыбака тут – раздолле.
– Нашы людзі, што тут засталіся, давольныя, што возера не прадалі, не аддалі нікому, – падключаецца да размовы жонка гаспадара Паўліна Іванаўна. – Нідзе няма такой смачнай рыбы, як у нас. Водзяцца і ракі. Як іх прыгатаваць? Ды проста! Бярэш і памытых кладзеш у гарачую ваду. Трэба пасаліць і кропчыку можна крышку. Смачныя… Любім наш край, хоць і прывыклі, а таму ўжо быццам не заўважаем яго хараства. А хто ні прыедзе сюды з чужых, кажа: «Ой, як хораша, якая прырода!»
Прама ля возера стаіць бацькоўская хата Юлія Якаўлевіча. У апошнія гады ён разам з дзецьмі прыклаў рукі да таго, каб давесці да ладу яе і падворак – сядзіба выглядае так, быццам там жывуць людзі. «Няхай будзе памяць пра бацьку», – кажа сёння гаспадар на двух падворках.
Зімой многія пенсіянеры падаліся да дзяцей, як птушачкі – у вырай. Як пацяплее, яны вернуцца назад. Вось сусед Юлія Якаўлевіча жыве ў дзяцей амаль што заўсёды, але на рыбалку прыязджае ці не кожныя выхадныя. Улетку ў Гошчы гучыць дзіцячы смех – прыязджаюць да дзядуль і бабуль унукі, праўнукі.
Як апісаць жыццё ў вёсцы адным сказам? Субяседнік адказаў так: «Пенсіянеры папрыстройваліся і жывуць». У Гошчы няма пакінутых хат. За ўсімі сядзібамі даглядаюць ці гаспадары, ці нашчадкі, а некаторыя хаты і зямля – выкупленыя.
Даехаць да Гошчы можна на аўтобусе, які ходзіць тройчы на тыдзень. Тройчы прыязджае і аўталаўка – і так ужо гадоў сем. У гаспадароў былі нараканні на яе работу. Мясцовыя ўлады абяцалі разабрацца.  

«Жыццё такое, што жыць і не ўміраці…»

На падворку старасты Гошчы Міхаіла Захаравіча ПАЛЯНАва адразу кінуліся ў вочы дровы, складзеныя ля хлява быццам пад лінейку. У белыя снежныя шапкі апрануліся вуллі ў садзе і пучкі леташніх кветак ля плоту; запляло ганак белае з-за марозу павуцінне вінаграднай лазы; празрыстым ручаём лілася ў вядро сцюдзёная вада з калодзежа. А ў натопленай хаце гасцінныя гаспадары Міхаіл Захаравіч і Сафія Іванаўна згадвалі дзяцінства, гісторыю свайго знаёмства – з усмешкамі на вуснах…
Гаспадыня родам з Гошчы, а гаспадар – з Лагішына. «Прывязла яго сабе з Украіны, пайшоў у прымы», – расказвае жанчына. Але ж тут прайшла большая частка амаль 80-гадовага жыцця, таму Міхаіл Захаравіч да Гошчы даўно прыкіпеў душою.
Гаротным было дзяцінства Сафіі Іванаўны. Бацька памёр, калі ёй было тры гады. На руках у маці засталіся дзве дачушкі. Як падраслі, усё рабілі па гаспадарцы – і касілі, і ў лес хадзілі па дровы. Прывязуць на санках бервяно, галлё – і пілуюць прама ў хаце, каб было што ўкінуць у печ. А ў бацькі ўсяго толькі балеў страўнік. Цяпер бы вылечылі яго хваробу, і дзеці не асірацелі б.
Пазней таксама было не соладка – работы мора. Трымалі вялікую гаспадарку – па шэсць кароў, быкоў, цялят, па 30 гусей. Давалі ім на сям’ю па 2 га буракоў – трэба было і чужое дагледзець. Добра, што памочнікамі былі дзеці (а ў Палянавых тры дачкі) – «на тых бураках абы негры чорныя».
– А цяпер такое жыццё, што жыць і не ўміраці, але ж бяда, што хваробы чапляюцца, – кажа Сафія Іванаўна.
Пенсія у кожнага з субяседнікаў – больш за 500 рублёў. Ці хапае яе? Кажуць, канечне, хапае. Яшчэ і дзецям дапамагаюць. Амаль ні на што яны і не скардзяцца. Пенсію ім прывозяць адразу ў хату, у аўталаўцы – усё, што трэба, купіш. Асвятленне ёсць, вады – поўны калодзеж, ды яшчэ і свідравіна ёсць. Вада з яе, праўда, не смачная, але ж падыходзіць, каб памыць бялізну. «Хуткая» прыязджае хутка, і ў Амяльной – амбулаторыя, дзе ёсць новы аўтамабіль. Сёння адно давай грошы – і табе прывязуць і паколатых дроў, таму з ацяпленнем праблем няма. Што яшчэ трэба пенсіянеру?
Патрапіліся нам вясёлыя аптымістычныя людзі. Ведаюць яны горыч хвароб (працаваць сэрцу гаспадыні дапамагае кардыёстымулятар), але і смак жыцця ведаюць таксама. Шэраю стужкаю вілася дарога перад коламі аўтобуса ПМК, якім кіраваў Міхаіл Захаравіч, ды жыццё не было шэрым – яно для яго рознакаляровае. Даўным-даўно ён стараста, дапамагае кіраўніцтву сельвыканкама вырашаць праблемы на месцах, падтрымлівае сувязь з уладамі. І пасадзейнічаць у арганізацыі суботніка, і на сход аднавяскоўцаў паклікаць – яго задача. Ліхтар перагарэў – стараста ведае першым, ён падкажа, і гэтак далей. І чалавек ён у вёсцы паважаны, аўтарытэтны.
Ёсць у яго і хобі. І гэта не толькі рыбалка, як, напэўна, у кожнага гашчанца. Міхаіл Захаравіч амаль 20 гадоў займаецца пчоламі. Цяпер у яго дзевяць сем’яў. Цікава тое, што цукрам іх не падкормлівае – пакідае мёд. Хапае яго і пчолам, і для сябе, і на продаж. Вось летась бралі яго мёд людзі і з Гліннай, і з Амяльной, і з Коланска… Ля Гошчы і лес, і поле – ёсць дзе пчолам разгуляцца. Але бядуе гаспадар, што сеюць рапс – і кропяць яго такім чынам, што травяцца і пчолы…
Пераехаць да дзяцей Палянавы не спяшаюцца, хоць тыя і ўпрошваюць. Пакуль удваіх, разам – добра. Не адзінока.

«Хацелася прыгажосці і парадку ў мясцінах, якія гэтага заслугоўваюць»

Была некалі ў Гошчы школа, якая пераўтварылася ў магазін па прычыне таго, што дзяцей у вёсцы паменшала. А потым і магазін зачынілі – замянілі гандлёвую кропку на аўталаўку. А будынак, ад якога да азёрнага берага 120 крокаў, застаўся нікому не патрэбным, і разбураўся. Але некалькі гадоў таму ім зацікавіўся жыхар Брэста Анатоль РАГАЦЭВІЧ і выкупіў былы магазін. Падмурак і сцены пакінуў, астатняе, у тым ліку вялікую тэрасу, а пасля і лазню на добраўпарадкаванай тэрыторыі, дабудаваў. Так у Гошчы з’явіўся «Дом рыбалова і паляўнічага» – месца, дзе можа адпачыць кожны, і многія карыстаюцца гэтай магчымасцю, пераважна ўлетку. Зняць увесь домік на суткі каштуе 160 руб. – тут з камфортам можа размясціцца 12-14 чалавек. Лазню для вас арганізуюць за 40 руб. Гаспадар паліць яе сам. А адзін нумар у доміку каштуе 20 руб. за суткі з чалавека (такі варыянт магчымы толькі летам).
У доме-сядзібе – гасцёўня, кухня, двайны санвузел і чаты-
ры нумары-спальні, у тым ліку адзін нумар – для адпачынку з дзецьмі, з двух’ярусным ложкам для іх. На сценах гасцёўні – і самбрэра, і сапраўдная шабля, знойдзеная ў лесе, і паляўнічыя ды рыбацкія трафеі. Шчупак, чыя галава стала экспанатам, быў злоўлены на мясцовым возеры – вага яго была каля 15 кг. А самы значны паляўнічы трафей з нашых лясоў – алень, патрапіўся Анатолю ў мінулым годзе. Гаспадар добраўпарадкаваў і тэрыторыю вакол доміка – пасадзіў сосны, паставіў дабротную бар-
бекюшніцу, вядома, абгарадзіў свае валоданні плотам.
Акрамя таго, Анатоль з сябрамі і пры садзейнічанні мясцовых улад навялі парадак і ля возера: расчысцілі бераг, зарослы бур’яном і крапівой, зрабілі пляж, пірс, паставілі лаўкі, раздзявальні. Гэта са-
праўдны падарунак для усіх адпачываючых, лік якіх расце з кожным годам і летась даходзіў да сотні за адны выхадныя. На беразе можна паставіць палаткі і правесці тут незабыўныя дні на ўлонні прыроды. На пракат у Анатоля можна ўзяць лодкі і катамараны.
У Гошчу Анатоля Рагацэвіча гадоў 15 назад прывялі паляўнічыя сцежкі ды захапленне рыбалкай. З вёскай да першага свайго візіту сюды яго нічога не звязвала. Але прыгажосць амаль некранутай прыроды, яе багацці, энергія, якую чэрпаеш у такіх месцах сілы, падкупіла і не адпусціла да гэтай пары. Улетку ён бывае тут ці не кожныя выхадныя. І, дарэчы, у Гошчы ён мае яшчэ і хату для сябе, для сям’і – спачатку, у 2009 годзе, менавіта яе ён і купіў у гэтых месцах (і там нават трымае гаспадарку – курэй). А былы будынак магазіна выкупіў у 2012-м.
– Вядома, калі я, чужак, прыехаў у Гошчу, мясцовыя жыхары ставіліся да мяне насцярожана, як і да ўсяго новага, што прыходзіць у іх жыццё. Аднак за гады маёй прысутнасці ў вёсцы, здаецца, я стаў для іх сваім – з людзьмі сябрую. Хацелася прыгажосці і парадку ў мясцінах, якія гэтага заслугоўваюць. І рыбалка тут – песня. Вось прыклад. Быў аднойчы дажджлівы дзень – ліло да абеду. Пасля дажджу выйшаў на пірс парыбачыць – і злавіў 22 акуні і два шчупакі, і гэта за палову гадзіны! А што наловім – копцім, смажым, замарожваем… Мо і не трэба, каб такое возера бралі ў арэнду. Трэба, каб яно жыло сваім жыццём, не зарыблялася карпам ці таўсталобікам. Вы елі калі-небудзь ліня? Цудоўная рыба. І тут водзіцца.

Сёння ў Гошчы няма ніводнага дома, які пустуе, – апошні, які вы бачыце на здымку,
быў выкуплены ў канцы мінулага года, і хутка ля яго будзе прыгажосць.

За Анатолем у Гошчу падцягнуліся і яго сябры, якія таксама набылі тут хаты, участкі пад будаўніцтва сваіх дамоў – і пабудавалі. У аднаго з іх, Аляксандра Міховіча, у двары з’явілася незвычайная альтанка на дрэве – у выглядзе карабля. На двор да другога, Ігара Чарненкі, мы не заходзілі, аднак і без таго было зразумела: на гэтым месцы не было амаль нічога, а з’явілася ўсё, што патрэбна для камфорту. Разам тры таварышы ў мінулым годзе пасадзілі прама ў Гошчы на пустцы сасновы бор – у гонар 500-годдзя вёскі, якое яна адзначыла ў жніўні. А хутка паставяць камень-манумент з таблічкай, дзе будуць пазначаны звесткі пра вёску.
У Гошчы мы пабывалі перад Вадохрышчам. І Анатоль, і Ігар, і Аляксандр разам з жыхарамі бліжэйшых вёсак мелі намер акунуцца ў палонку на Богаяўленне – гэта ўжо традыцыя. І сёлета яе не парушылі. Гошча стала ці не адзіным возерам у раёне, дзе было арганізавана акунанне.