«Забавушка» – пераможца міжнароднага фестывалю мастацтваў

Беларуская народная песня «Перапёлачка» ў выкананні ўзорнага інструментальнага ансамбля «Забавушка» ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы» пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка Алега Зыбайлы пакарыла сэрцы міжнароднага журы –  калектыў атрымаў Дыплом лаўрэата 1 ступені.

У міжнародным фестывалі мастацтваў «Musical stars of Slovenia», вынікі якога сталі вядомы 29 студзеня, прынялі
ўдзел болей за 2300 юных музыкантаў і вакалістаў з Беларусі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны і Эстоніі. З-за пандэміі конкурс праходзіў у Славеніі ў анлайн-фармаце.
Замежны фестываль мастацтваў «Musical stars of Slovenia» ладзіцца з мэтай садзейнічання культурнаму росту і выяўленню таленавітых дзяцей і моладзі, а таксама фарміраванню ў падлеткаў духоўна-маральных якасцяў. Конкурс праходзіў у намінацыях: інструментальная музыка, вакал, тэатральная творчасць, выяўленчае мастацтва ў розных узроставых групах.
– Дадзены праект праходзіў у два туры. Кожны ўдзельнік павінен быў падрыхтаваць праграму на свабодную тэму. У нашай намінацыі – інструментальная музыка – мы прадставілі апрацоўку беларускай народнай песні «Перапёлачка», якая цудоўна перадае прыгажосць, меладычнасць, напеўнасць нашай беларускай душы, – расказвае мастацкі кіраўнік узорнага інструментальнага ансамбля «Забавушка» Алег Зыбайла. – У нашай узроставай групе прынялі ўдзел 34 калектывы з розных краін Еўропы і СНГ. Песня «Перапёлачка» ў выкананні нашага ансамбля пакарыла сэрцы міжнароднага журы, наш калектыў быў удастоены звання лаўрэата 1 ступені.
Гэтай перамозе папярэднічала плённая работа ўзорнага ансамбля “Забавушка” на працягу года. Так, на VI Міжнародным фестывалі-конкурсе «Новыя вяршыні-2020» дзецішча Алега Іванавіча – творчы калектыў «Забавушка» – стаў лаўрэатам 1 ступені, у міжнародным фестывалі мастацтваў «Сити Арт» – лаўрэатам 2 ступені (чэрвень 2020 г), на першым унутры-
школьным конкурсе мастацтваў «Парад Зорак» – лаўрэатам 1 ступені (снежань 2020г.), у міжнародным фестывалі-конкурсе музыкальнай творчасці «Зорная Дарожка» – лаўрэатам 1 ступені (Масква, студзень 2021 г.)
– Хочацца шчыра падзякаваць за падтрымку і разуменне дырэктара ДШМ Алу Аляксандраўну Груздзеву, а таксама бацькоў нашых вучняў, удзельнікаў ансамбля «Забавушка», за іх чулыя адносіны да творчага працэсу і падтрымку, – дадае Алег Іванавіч.
Віншуем з перамогай і жадаем зорнага плёну ў рабоце.
Валянціна БОБРЫК.
Фота з архіву школы.