«Бытавыя паслугі ў вёсцы запатрабаваныя»

Целяханскі дом быту – адно з 19 падраздзяленняў раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Нашаму – болей 60 гадоў. Я працую ў Доме быту з красавіка 2012 года, а з 2016 з’яўляюся кіраўніком падраздзялення.
Наш дом быту знаходзіцца на адлегласці 45 кіламетраў ад галаўнога прадпрыемства, таму многія вытворчыя пытанні даводзіцца вырашаць на месцы, узгадніўшы іх з кіраўніцтвам па тэлефоне. Асаблівасць нашага Дома быту – у захаванні сацыяльна важных відаў паслуг. Стацыянарна аказваюцца паслугі цырульніка, па рамонце абутку, швейных вырабаў, трыкатажных вырабаў, па пашыве швейных вырабаў, па пракаце посуду, пашыве наматрацнікаў, падушак і коўдраў. Ажыццяўляецца прыём заказаў у хімчыстку, па мыцці, па рамонце складанабытавой тэхнікі, гадзіннікаў, на рэкламна-афарміцельскія паслугі…
Нашымі паслугамі ў большасці сваёй карыстаецца сацыяльна неабаронены пласт насельніцтва. Пяць разоў у год для гэтых катэгорый грамадзян прадстаўляюцца скідкі ў памеры 20 працэнтаў на пэўныя віды паслуг. Таксама для інвалідаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай паслугі цырульніка мы аказваем бясплатна, у тым ліку з выездам на дом, а таксама можам браць заказы на мыццё пасцельнай бялізны бясплатна.
Канкурэнцыя з прыватнікамі нарастае па паслугах цырульніка, па рамонце адзення – сёння ж гэта можна рабіць на даму. Аказаннем рытуальных паслуг займаюцца таксама прыватнікі. Таму нам у апошні час даводзіцца працаваць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Каб захаваць аб’ект і выконваць вытворчыя планы, другі паверх будынка Дома быту поўнасцю аддадзены пад арэнду. Арандатары займаюцца продажам тавараў. Змяніўся графік руху рэйсавых аўтобусаў у населеныя пункты. Раней з нашага аб’екта выязджалі цырульнікі абслугоўваць вясковыя комплексна-прыёмныя пункты, цяпер мы не можам адправіць сваіх цырульнікаў, а едуць івацэвіцкія спецыялісты транспартам РКБА. Нам цяжкавата, таму галоўнае ў нашай рабоце не страціць нашых кліентаў, прадстаўляць ім якасныя паслугі з высокай культурай абслугоўвання.
Нягледзячы на ўсе складанасці сённяшняга часу, цяжкасці і пандэмію, тэмп росту выручкі па Доме быту за 2020 год у параўнанні з 2019 годам склаў 105,5 працэнта ці 32 900 рублёў. Рост аб’ёмаў дасягнуты за кошт аказання паслуг прадпрыемствам і арганізацыям па пашыве і рэалізацыі швейных вырабаў. У той жа час адбылося зніжэнне аб’ёмаў па паслугах цырульніка і рамонце абутку. Цяпер у нас у Доме быту працуе сем чалавек, і мы маем патрэбу ў кваліфікаваным закройшчыку і наладчыку абсталявання. Але маладых спецыялістаў не прыцягвае сельская мясцовасць, за кошт чаго мы губляем сваіх кліентаў і выручку.
Замацаваць маладых у вёсцы можа толькі добрая работа. Чым больш тут будзе створана рабочых месцаў, тым больш моладзі застанецца ў вёсцы. А так маладыя, з Целяхан таксама, шукаюць работу ў гарадах, едуць у заробкі, бо запыты ў моладзі большыя – хочуць будавацца, мець сучаснае аўто, модна апранацца, мець сродкі на адпачынак…
Нягледзячы на ўсе цяжкасці ў рабоце і пандэмію, мы бу-
дзем старацца працаваць паспяхова, пашыраць асартымент швейных вырабаў, укараняць новыя тэхналогіі, нарошчваць аб’ёмы паслуг. Я люблю сваю краіну, і хачу, каб моладзь заставалася ў нашым пасёлку. Спадзяёмся, пасля Усебеларускага сходу больш увагі будзе надавацца сельскай мясцовасці, і ў нас сітуацыя палепшыцца. Хочацца, каб захоўвалася стабільнасць у краіне, каб было спакойна жыць і працаваць.
Людміла Кабанава, прыёмшчык заказаў Целяханскага Дома быту Івацэвіцкага РКБА.