Работа ў анлайне і новае ва ўступнай кампаніі: пра змяненні ў сацыяльнай сферы

Да VI Усебеларускага сходу застаюцца лічаныя дні. Падчас форуму будуць пастаўленыя задачы на будучую пяцігодку. Заўсёды адна з самых важных і шырокіх сфер у грамадстве – сацыяльная. Бо яна тычыцца кожнага беларуса. Чаго мы дасягнулі ў адукацыі ці ў медыцыне за апошнія пяць гадоў, як падтрымалі інвалідаў і старых, і як надалей, ва ўмовах пандэміі, будзе працаваць культура? Гэтыя і іншыя пытанні напярэдадні сходу мы абмеркавалі з намеснікам старшыні райвыканкама Алегам Раўчэняй.
– Алег Васільевіч, ужо амаль год нашы медыкі працуюць у асаблівым рэжыме, ва ўмовах пандэміі. Пра многае мы ўжо расказвалі ў раёнцы, але давайце ўспомнім, якія меры былі прынятыя для ўмацавання эпідэміялагічнай бяспекі, як раён дапамог нашым медыкам? І як праходзіць рэабілітацыя людзей пасля хваробы?
– Сапраўды, гэты год асаблівы для ўсіх нас, а для медыкаў удвая. Аднак усю магчымую дапамогу лю-
дзям, якія на перадавой, мы аказалі. Неабходныя лекі, увесь расходны матэрыял, сродкі індывідуальнай абароны, антысептыкі і дэзсродкі – усё было ў нашых медыкаў. Так, у мінулым годзе з райбюджэту на ахову здароўя было выдзелена больш за 20 млн рублёў, тры з іх – дадаткова на барацьбу з кавідам. Спонсарская дапамога ад арганізацый і прадпрыемстваў раёна з улікам сродкаў, заробленых на раённым суботніку, склала 142 тыс. рублёў. У 2020 годзе ў распараджэнні нашых медыкаў з’явіліся тры новыя аўтамабілі, тры адзінкі дыхальнага абсталяваныя і новы апарат ШВЛ (гэта спонсарская дапамога). Арганізаваць прыёмы ў «чыстай» і «бруднай» зонах дапамаглі і дадатковыя плошчы, што з’явіліся на трэцім паверсе паліклінікі пасля рамонту. Там зараз працуюць урачы агульнай практыкі.
Рэабілітацыя пасля захворвання на кавід праводзіцца па заключэнні ўрача праз месяц пасля выздараўлення. На сёння для гэтых мэт рэкамендаваны чатыры здраўніцы ў краіне.
– У планах на будучую пяцігодку – павысіць працягласць жыцця насельніцтва ў краіне да 76,5 гадоў. Стаўку зробяць на развіццё інфраструктуры медыцыны і яе лічбавізацыю. А як у гэтым кірунку спрацавалі мы ў мінулым годзе? Як, у прыватнасці, папоўніліся сельскія ФАПы, участковыя бальніцы?
– Тут нам пашчасціла аказацца сярод чатырох бальніц у вобласці, якія былі ўключаныя ў спецыяльную праграму. Дзякуючы ёй мы атрымалі 60 адзінак камп’ютарнай тэхнікі, была створана лакальная сетка ў дарослай і дзіцячай паліклініках, стаматалагічным аддзяленні, яшчэ ў Целяханах і Косаве. Мы ў ліку першых распачалі праграму электроннага рэцэпта. У мінулым годзе прайшоў бягучы рамонт у Целяхан-
скай гарбальніцы, а ў лістападзе тут адкрыўся кабінет ультрагукавой дыягностыкі, ён стаў добрым падарункам для каманды маладых спецыялістаў, што прыехалі працаваць на нашу Целяханшчыну. Яшчэ моладзь прыйшла ў калектывы Селецкага і Любішчыцкага
ФАПаў, Амяльнянскую, Даманаўскую, Быценскую і Вулька-Аброўскую амбулаторыі, прыехала моладзь і ў Косаўскую бальніцу.
– У сувязі з той жа пандэміяй нашы школы пераходзілі на дыстанцыйнае навучанне, то быў шок для вучняў і настаўнікаў? Ці, можа, новы фармат «прыжывецца» і надалей?
– Можа, такая анлайн-работа і напужала нашых настаўнікаў, але нам хутка прыйшлося перастроіцца, каб усе дзеці паспяхова завяршылі мінулы навучальны год. Былі тэхнічныя і метадычныя цяжкасці, але ўжо зараз існуе адзіная анлайн-платформа для дыстанцыйнага навучання, прыемна, што нашы педагогі В. П. Крэнь (Крайская БШ) і Г. А. Стаскевіч (Ліцэй Івацэвіцкага раёна) удзельнічалі ў распрацоўцы матэрыялаў па прадметах для адзінага рэсурсу. Таму вострай праблемы на сёння я не бачу.
– Вучэбны год у разгары, завяршаецца другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання. Як думаеце, ці трэба мяняць фармат уступнай кампаніі? Усё часцей гавораць пра некаторы «мікс» тэсціравання з субяседаваннем…
– Ужо вядома, што ў 2022 годзе ўступная кампанія будзе іншай. Чакаецца, што новая сістэма аб’яднае выпускныя школьныя экзамены і ЦТ. Так школьнікі не будуць «трымаць абарону» двойчы. Лічу, гэта лагічна. Аднак, так яшчэ большую адказнасць будуць несці непасрэдна ўстановы адукацыі. Асабіста я згодны з меркаваннем, што падчас вочнага экзамену абітурыента ацаніць прасцей.
– А калі казаць пра студэнцтва ў старасці: чаму зараз можа навучыцца актыўны пенсіянер у нашым раёне?
– Ёсць заняткі і для гэтай часткі насельніцтва. 77 чалавек сёння займаюцца ў аддзяленні дзённага прыбывання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН». Ва «Універсітэце трэцяга ўзросту» такія актыўныя пенсіянеры бясплатна вывучаюць замежныя мовы, вучацца шыць, наведваюць спартыўныя, танцавальныя і іншыя гурткі. Калі ёсць жаданне, то тут абавязкова знойдзеш сябе.
– У нашай краіне заўсёды паважалася старасць. Інваліды і адзінокія людзі – сацыяльна абароненыя і могуць разлічваць сёння на дзяржаўную падтрымку. А як у нас наладжана работа з такімі людзьмі? У планах на будучую пяцігодку ёсць пункт аб пашырэнні дапамогі па беспрацоўі грамадзянам за пяць гадоў да пенсіі, падтрымалі б такую прапанову?
– Па-першае, мы добра ведаем, каго адносіць да сацыяльна ўразлівых слаёў нашага насельніцтва. У полі зроку, як правіла, пажылыя грамадзяне, інваліды, дзеці-інваліды, малазабяспечаныя сем’і і іншыя. Такія грамадзяне могуць прэтэндаваць на пэўныя льготы, на сацыяльную дапамогу, сацыяльныя паслугі. Сутнасць сацыяльнай абароны на сёння – у адрасным падыходзе. Трэба бачыць канкрэтнага чалавека і яго праблемы. Зараз сацыяльнае абслугоўванне на даму атрымліваюць 919 чалавек, паслугамі сядзелкі карыстаюцца дзесяць пенсіянераў, сацабслугоўванне ў замяшчальнай сям’і атрымліваюць шэсць адзінокіх інвалідаў, 27 грамадзян у мінулым годзе накіраваны на медыка-сацыяльныя ложкі ў Косаўскую і Святавольскую ўчастковыя бальніцы. Мабыць, усе пенсіянеры ведаюць пра «Сацыяльнае таксі», паслугі па рамонце швейных вырабаў і жылых памяшканняў. Хутка першых наведвальнікаў прыме і сацыяльная цырульня…
А што да дапамогі беспрацоўным, дык у 2020 годзе ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па дапамогу ў працаўладкаванні звярнуліся 892 чалавекі. 198 чалавек на перыяд актыўнага пошуку месца работы атрымлівалі дапамогу. Такая выплата зараз «прывязана» да базавай велічыні, згадзіцеся, чалавеку перадпенсійнага ўзросту складаней знайсці сваё месца пад сонцам. Таму я згодны з тым, што менавіта гэту катэгорыю грама-
дзян трэба абараніць дадаткова. Увязаўшы, напрыклад, выплату да бюджэту пражытачнага мінімуму.
– Сфера культуры. У перыяд пандэміі апусцелі і глядзельныя залы, зменшыўся паток турыстаў. Як творчая супольнасць раёна выходзіла з сітуацыі?
– Сфера культуры працавала няспынна і ў пандэмію. Мы перастроіліся і знайшлі іншыя шляхі несці прыгожае ў масы. Праекты, выстаўкі, канцэрты, прэзентацыі – усё праводзілася ў анлайн-рэжыме. Яшчэ тут дапамаглі сацыяльныя сеткі і мэсэджары. На жаль, з-за пандэміі каранавіруса мы не прынялі абласны фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральнае Палессе», ён таксама прайшоў у анлайн-фармаце. І тры нашы тэатральныя калектывы годна прадставілі на ім наш раён. Установы культуры не зачынялі дзверы і зрабілі ўхіл на індывідуальныя заняткі і работу ў невялікіх групах. Складаней усяго нашым музеям: калі ў 2019 годзе музеі раёна наведалі больш за 58 тыс. турыстаў, то ў 2020-м мы прынялі каля 40 тыс. наведвальнікаў. Таму сам час падказвае, што зараз трэба працаваць над анлайн-экскурсіямі.
– А мы ўвогуле гатовы да работы з сучаснымі тэхналогіямі ў гэтай сферы?
– Не толькі гатовы – мы ўжо працуем над гэтым. Так, у Івацэвіцкай цэнтральнай бібліятэцы імя П. Пестрака ёсць рэсурсы аддаленага доступу: электронны каталог, фактаграфічныя краязнаўчыя базы дадзеных («Літаратурная Івацэвіччына» і «Людзі навукі нашага краю»). Зараз нашы бібліятэкары працуюць над базай дадзеных «Івацэвіччына ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Калектыў бібліятэкі лёгка спраўляецца з работай у сацсетках, іх ролікі ёсць на YouTube-каналах, яны ўдзельнічаюць у абласных анлайн-конкурсах. Вось вам і прынцыпова новы падыход, які працуе.
– Алег Васільевіч, і на завяршэнне колькі слоў пра моладзь. Як дзяржава падтрымлівае зараз маладых і перспектыўных? І што сёння можа затрымаць юнакоў і дзяўчат у райцэнтры?
– Сёлета ў раён прыехалі каля 150 маладых спецыялістаў, гэта і мясцовая моладзь, і з-за яго межаў. Яны могуць скарыстацца льготным крэдытам у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №631. Лічу, гэта добрая падтрымка ў самым пачатку працоўнага шляху. У 2020 годзе чатыром маладым спецыялістам у раёне выдзелілі арэнднае жыллё, якое і сёння актыўна будуецца ў Івацэвічах. 189 юнакоў і дзяўчат у мінулым годзе працавалі ў студатрадах, якія дзейнічалі на прадпрыемствах і фермерскіх гаспадарках раёна. А затрымаецца моладзь, калі будзе задаволена ўмовамі працы, ды будзе магчымасць вырашыць жыллёвае пытанне. Яшчэ, канечне, інфраструктура. Актыўная і спартыўная моладзь калісьці падымала пытанне наконт спартыўных аб’ектаў у раёне. Сёння іх шмат, дзейнічаюць басейн, Лядовая арэна, мы ганарымся нашай сучаснай «Кляноўка-арэнай», тут жа распачалося будаўніцтва скейтпляцоўкі. Наш горад прыгожы, сучасны і спартыўны.