У выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла кніга Валерыя Гапеева «Зніч ваўкалака»

Падлеткі – самая складаная чытацкая аўдыторыя, таму што з абвостраным пачуццём справядлівасці і юнацкім максімалізмам… Ды і гаварыць з імі на іх мове, шчыра быць на іх баку – не кожны дарослы можа… Валерый Гапееў у чарговы раз давёў, што яму гэта ўдаецца.

На гэты раз сучасныя беларускія тынэйджары сустрэнуцца на старонках яго твора з беларускай міфалогіяй… Прыехаў гарадскі хлопец Стась на бацькоўскае лецішча – бацькі ў Турцыю адправіліся, а за градамі ж трэба прыглядваць… Пазнаёміўся з мясцовым равеснікам Віталём і дзяўчынай Янінай… А ў вёсцы як раз вэрхал: чупакабра аб’явілася – альбо, як перакананыя вясковыя бабулькі, ваўкалак: курэй дзярэ, коз… А тут і студэнтачка знікла з фальклорнай экспедыцыі… І ці не на балоты вядуць сляды?
Вядома, моладзь актыўна ўключаецца ў разгадку таямніц і пошукі зніклай дзяўчыны: яны ж, зразумела, больш апантаныя, адважныя і кемлівыя, чым дарослыя, якія не вераць усялякім казкам… Ненавязліва, але вельмі захапляльна аўтар пагружае чытачоў у гісторыю народнай міфалогіі, усведамляючы, што ў кожнай казцы зашыфравана шмат важнай інфармацыі…
Вядома, многія, чытаючы пра блуканні герояў па беларускіх балотах і здзіўляючыся іх майстэрству выжывання, успомняць «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра. Але гэта толькі адзін пласт твора… А разгадка будзе такая, што прымусіць успомніць ледзь не «Ваўчыную яму» Васіля Быкава. Свет перад героямі-падлеткамі паўстае ва ўсёй сваёй шмат колернасці і багацці праблематыкі, адбываецца сутыкненне паміж беспакараным злом і ідэалістычнай патрэбай у справядлівасці. Любы можа трапіць у тую ж сітуацыю, што і юны герой твора: карыстаючыся тым, што хлопец бянтэжыцца перад пры вабнай дамай, яго рабуюць… Што цяпер? Зазлаваць на ўвесь свет? На прыгожых жанчын? Не, лепей пераступіць і жыць далей, з тымі, хто разумее і не здрадзіць.
Вядома, вялікая ўвага – адносінам дарослых з падлеткамі. Чамусьці дарослыя перакананыя, што былі разумнейшыя, а галоўнае, больш маральныя за «пакаленне смартфонаў». Бацька Стася, убачыўшы, што той вядзе на іх лецішча прыгажуню Яніну, прамаўляе розныя брыдкасці. Разбэшчаная, маўляў, моладзь… Яму і ў галаву прыйсці не можа, што сын заняты высакароднай, самаахвярнай справай і нават падумаць непрыстойна пра дзяўчыну, да якой узніклі першыя пачуцці, саромеецца…
Валерый Гапееў умее ўплесці ў сюжэт вельмі значныя для беларусаў праблемы. Напрыкад, Янінка даведваецца пра свае шляхецкія карані – яе продкаў рэпрэсіравалі, саслалі… І блізкія баяліся нават згадваць пра гэта. Ці вось яшчэ – юныя героі вырашаюць дылему: праславіцца праз абнародаванне сваіх адкрыццяў пра старажытнае капішча з цудадзейным знічам альбо прамаўчаць і тым самым захаваць ад хцівых людзей на родную святыню?
Людміла Рублеўская,
«Звязда».