Сэрцам адданы роднай зямлі

Працоўная біяграфія старшыні ААТ «Мічурынск» Дзмітрыя Бурчука звязана толькі з родным краем.

Дзмітрый Бурчук – адзін з самых маладых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства Івацэвіцкага раёна. Прыкладна пяць гадоў назад, у 2015 годзе, калі яму было каля 30 гадоў, ён узначаліў ААТ «Мічурынск». Хаця, з другога боку, працуе менавіта ў гэтай гаспадарцы малады старшыня яшчэ са школьных часоў: падчас уборачных кампаній старшакласнік Дзіма – памочнік камбайнера. Ён – мясцовы, ведае родны край нібы свае пяць пальцаў.
Да тэхнікі цягнула героя нашай публікацыі з дзяцінства, але, пагадзіцеся, калі кіруеш сельгаспрадпрыемствам, то твой гаспадарчы кругагляд павінен быць больш шырокім. Як атрымалася з гэтым справіцца? Якія праблемы бачацца маладому старшыні, што абраны дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу?
– Мне было адносна лёгка прыступіць да абавязкаў кіраўніка сельгаспрадпрыемства, бо папярэдні старшыня прызначыў мяне ў 2013 годзе сваім намеснікам, і ў галіну жывёлагадоўлі за тыя два гады я паглыбіўся моцна. Набраўся практычнага вопыту.

Канешне, кінулася ў вочы тое, наколькі мы тэхналагічна адстаём, напрыклад, ад суседняй гаспадаркі ААТ «Святая Воля». Там ужо атрымлівалі малако сортам «Экстра», мы ў 2015 годзе не ведалі, што гэта такое. Разумеў, што без новых тэхналогій, без пераходу на сучасныя формы работы поспеху не ўбачым. Гэта была ў нейкай ступені мікрарэвалюцыя ў тым сэнсе, што ішла перабудова свядомасці людзей, якія працуюць на ферме. Малако сортам «Экстра» можна атрымаць, калі кожная галава буйной рагатай жывёлы ў дойным статку здаровая, калі кармы якасныя, спецыялісты падрыхтаваныя… З 2016 года каля 10 працэнтаў малака атрымлівалі сортам «Экстра».
На месцы ў гэтым сэнсе не стаім: у мінулым годзе ўвялі першую чаргу сучаснага комплексу, дзе можа ўтрымлівацца 960 галоў дойнага статка, знізіліся страты працы, павысілася зарплата ў жывёлаводаў, у апошнія месяцы атрымліваем каля 60 працэнтаў малака «Экстра».
Не магла задавальняць і сітуацыя з кармамі, дакладней, з іх захоўваннем. Забяспечыць жывёлы якаснымі кармамі немагчыма, калі захоўваеш іх у курганах. Тым болей, калі яны знахо-
дзяцца на значнай адлегласці ад ферм і комплексаў. Падвезці – праблема, дарогі, здараецца, перамятае моцна, а адходы ў выніку гніення – да 25 працэнтаў. За апошнія гады гаспадарчым спосабам пабудаваны 11 сянажных і сіласных траншэй ёмістасцю каля 2 000 тон кожная. Плануем яшчэ чатыры пабудаваць у бліжэйшы час. У сучасных траншэях кармы захоўваюцца значна лепш, увесь нарыхтаваны корм з’ядаецца, меншыя расходы нясём па іх дастаўцы.
Будынкі старых малочнатаварных фермаў, пабудаваныя яшчэ ў савецкія часы, плануем рэканструяваць, каб размясціць тут маладняк, вырошчваць яго па сучасных тэхналогіях, каб атрымаць добрую першацёлку і павысіць прывагі.
Значна змяніўся і наш аўтатрактарны парк, толькі за 2019 год набылі 11 адзінак сучаснай тэхнікі – трактары, зернеўборачны камбайн, раскідвальнікі мінеральных і арганічных угнаенняў, «Амкадор»… Дзяржава ў гэтым плане нам падстаўляе плячо падтрымкі. Хацелася б, каб гэта падтрымка была і далей. Сочым за станам меліярацыйных сістэм, бо раней адзначаліся проста каласальныя падтапленні, хаця, адзначу, апошнія гады былі моцна засушлівымі, знялі праблему з павесткі дня.
Калі гаварыць пра праблемы, то кадравая – адна з самых складаных. З аднаго боку, сёння змяншаецца запатрабаванасць у кадрах, бо пабудаваны сучасныя комплексы, працуюць энерганасычаныя трактары… З другога боку, вельмі патрэбны талковыя спецыялісты, бо сёння адна памылка на любым участку работы можа каштаваць вельмі дорага. Пяць чалавек наша сельгаспрадпрыемства накіравала на вучобу, плацім ім стыпендыю, чакаем іх прыходу ў «Мічурынск», бо нямала ў гаспадарцы работнікаў, каму час на пенсію і каго трэба замяніць. Каб замацаваць маладых, паступова ўзводзім дамы з усімі інжынернымі зручнасцямі (у Амяльную прыйшоў газ), ёсць інтэрнат, дзе падтрымліваем парадак. Хацелася б, каб дзяржава, як раней, аказвала дапамогу ў будаўніцтве жылля, прадстаўляла бонусы і ільготы, працэс замацавання моладзі на сяле ў такім выпадку яшчэ больш актывізуецца.
Падрыхтаваў Аляксандр Горбач.