«Хачу пачуць важнае для малых гарадоў»

– На VI Усебеларускім народным сходзе падвядуць вынікі пяцігодкі і абмяркуюць праграму развіцця на 2021-2025 гады. Гэта лагічна – ставіць мэты на пэўны адрэзак часу, а пасля аналізаваць, што атрымалася, а чаго не ўдалося дасягнуць. Так жыве і звычайны чалавек, сельскі і гарадскі.

– Так, і ў мяне, жыхара малога горада, свае перыяды. Я нарадзілася ў Косаве, скончыла мясцовую школу. А пасля тэхнікума спрабавалася сябе ў бізнесе, у нас з мужам быў свой прадуктовы ларок. Пасля я пачынала з пасады тавараведа на Квасевіцкай пяро-пуховай фабрыцы ў 2010 годзе. Але мне не хапала ведаў, было жаданне развівацца, і я скончыла ўніверсітэт. А ў 2015 годзе ўзначаліла камерцыйны аддзел. У 2018 маральна састарэлая фабрыка атрымала «другое дыханне», бо мы патрапілі ў добрыя рукі прыватніка. Зараз ёсць курс развіцця, расшырэнне пераліку прадукцыі, а заказы распісаныя на ўвесь будучы месяц. Вось, мае пяцігодкі, адрэзкі жыцця, і кожны раз я таксама ставіла перад сабой мэты і ставіла «галачкі» насупраць выкананых пункцікаў. Без канкрэтнага плана ў галаве цяжка планамерна рухацца наперад – як чалавеку ў прыватнасці, так і дзяржаве ў цэлым.
Трэці год мы дзейнічаем як ААТ «Д-Эмбрэйс» (прадпрыемства створана на базе былой пяро-пуховай фабрыкі). Калектыў меў неабходны вопыт, а новае кіраўніцтва ведала шляхі выйсця з крызісу. Усё супала. Мы расшырылі лінейку прадукцыі, цяпер шыем бялізну, падушкі, коўдры і пледы, прадаём пяро-пуховую сумесь для далейшага пашыву пухавікоў. Наша прадукцыя прадстаўлена ў буйных гандлёвых сетках краіны: «Mарцін», «Суседзі», «Green» і іншыя. Адпраўляем вялікія партыі прадукцыі ў Расію, Польшчу, Германію. І зараз некалькі машын стаяць на загрузцы. На прадпрыемстве поўны тэхналагічны цыкл: прывезеную сыравіну (пяро) мыюць і сарціруюць аператары ў асноўным цэху, а над бялізнай і нарыхтоўкамі для падушак і коўдраў чаруюць нашы швачкі. Дарэчы, у нас працуюць каля 50 чалавек, амаль усе тут яшчэ з часоў старой фабрыкі. Людзей прывозяць на работу з Косава і Квасевіч на рабочым транспарце.
Сёння, канечне, завод не адпавядае сучасным патрабаванням. У нас ідуць рамонтныя работы, ужо зроблены некаторыя кабінеты, службовыя памяшканні. Многае яшчэ наперадзе, мы пазітыўна глядзім у будучае. Зарплаты ў нас сярэднія па раёне, ёсць невялікі недахоп кадраў, моладзь не спяшаецца замяніць нашых пенсіянераў. Усё складаней канкурыраваць на рынку, цэны, у тым ліку і ў нашым сектары, «дыктуе» Кітай. У сувязі с пандэміяй і крызісам «папаўзлі» цэны на сыравіну: тканіны і пяро-пуховыя сумесі. У такіх умовах расце і сабекошт прадукцыі, а так нам ужо складаней канкурыраваць на рынку. Дарэчы, пандэмія каранавіруса дрэнна сказалася для нас і ў попыце на нашу прадукцыю. Нашы пастаянныя заказчыкі – санаторыі, гасцініцы – зараз перажываюць не лепшыя часы. Такія ўстановы пакуль жывуць у рэжыме эканоміі.
Аднак, пры ўсім гэтым мы настроены на работу, наша прадпрыемства на парозе новага.
Я – дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў, з рознымі пытаннямі да мяне звярталіся землякі ў апошнія тры гады, на вырашэнне некаторых на-
дзённых праблем мне, не без дапамогі гарадскога Савета, удалося паўплываць. Таму, канечне, я еду ў Мінск перш за ўсё, каб пачуць важнае для малых гарадоў: перспектывы развіцця інфраструктуры, будаўніцтва дарог і магчымасці вырашэння кадравых пытанняў.
Мы з мужам нарадзіліся і выраслі ў Косаве, тут жа засталіся і ні разу не пашкадавалі пра тое. Скажу больш – амаль усе мае аднакласнікі жывуць і працуюць у сваім маленькім гарадку. Таму Косава ніяк не назавеш горадам пенсіянераў. Тут ёсць моладзь, шматдзетныя сем’і. І нам хочацца руху, каб тут «кіпела» жыццё. Мы ганарымся тым, што пра наш край ведаюць нават і за мяжой. Многія едуць у замак ці ў музей-сядзібу Т. Касцюшкі праз горад, і пакуль ён, на жаль, не дацягвае да той прыгажосці і велічнасці, што стварылі на Марачоўшчыне. Добра, што ў нас амаль няма пустуючых дамоў, а старыя будынкі актыўна набываюць прадпрымальнікі. Цяпер, напрыклад, не пазнаць будынак былой пякарні або сталовай, што каля нашага касцёла. Але ёсць яшчэ былая школа…
Людзі вельмі задаволеныя, што да нас прыйшлі сеткавыя магазіны, цяпер усё радзей з’яўляецца неабходнасць ехаць у райцэнтр. З рабочымі месцамі ў нас амаль няма пытанняў, у Косаве хапае прадпрыемстваў, а вось варыянтаў правесці цікава вольны час не так многа. Ёсць некалькі кафэ і рэстаран у замку. Не хапае кафейні ці піцэрыі, дзіцячага кафэ з дэсертамі. Добра было б у выхадны дзень схадзіць у кіно. Канечне, хто шукае, той знойдзе, да пандэміі мы з сябрамі арандавалі спартыўную залу ў школе і гулялі ў валейбол. Часта ездзілі ў Ружанскі санаторый у басейн і ў лазню. Дарэчы, у нашай Косаўскай гарад-
ской лазні выдатная парылка, лепшая. Але знешне лазня не такая прывабная, аднак сюды ездзяць і з райцэнтра. Што да камунальных службаў ці да медыцынскага абслугоўвання, то тут асабіста я ўсім задаволеная. Нягледзячы на тое, што цяпер на Косаўскім участку працуе невялікі калектыў, у горадзе чыста, на вызавы камунальнікі рэагуюць хутка. А ў нашай бальніцы вопытны калектыў урачоў, мясцовых жыхароў яны ведаюць з дзяцінства, памятаюць усе хранічныя захворванні ў сям’і. У нашым маленькім гарадку яны нібы сямейныя ўрачы.
Ёсць у мяне яшчэ адно балючае пытанне. Майму сыну 25 гадоў, ён жыве і працуе ў Брэсце. Пасля заканчэння ўніверсітэта без ніякіх пытанняў ён пайшоў служыць у армію. Але спачатку да службы яго, выпускніка-платніка, не бралі на работу, бо хутка будзе прызыў. А ўжо пасля арміі былі цяжкасці с пошукам работы з-за адсутнасці вопыту. А дзе яму было ўзяцца? Лічу, што для такіх сумленных юнакоў павінны быць нейкія прэферэнцыі пры ўладкаванні на працу. Калі аддаў доўг дзяржаве – дык тваю кандыдатуру разгледзяць першай.
Такія мае думкі напярэдадні адказнай паездкі. З хваляваннем я збіраюся ў дарогу і лічу сваім абавязкам пасля форуму падзяліцца думкамі і ўражаннямі са сваімі землякамі.
Марына ЮРЭВІЧ,
начальнік камерцыйнага аддзела ААТ «Д-Эмбрэйс».