14 нованароджаных – у Даманаўскім сельсавеце

Добрая навіна прыйшла з Даманаўскага сельсавета – у 2020 годзе тут нарадзілася 14 дзяцей. Гэта больш, чым у папярэднія гады. Напрыклад, у 2016, 2018, 2019 гадах нараджалася па 12 дзяцей, а ў 2017 –
увогуле пяць. Пра гэта «ІВ» расказалі ў Даманаўскім сельвыканкаме.
Што азначае нараджэнне 14-ці дзяцей для сельсавета? Як мінімум тое, што ў мясцовай школе праз шэсць гадоў будзе 14 першакласнікаў, а гэта ўжо цэлы клас. Хлопчыкаў летась нарадзілася больш, чым дзяўчынак – восем супраць шасці. Дзве сям’і, дзякуючы нараджэнню ў іх трэціх дзяцей, сталі шматдзетнымі. Бацькі выбіралі для дзяцей і рэдкія імёны: Міро, Серафім – для хлопчыкаў, адну дзяўчынку назвалі Стэфаніяй.
Усяго ў Даманаўскім сельсавеце, у якім чатыры населеныя пункты (аграгарадок Даманава і вёскі Вішнёўка, Каханова і Дабрынёва) – 1470 жыхароў, а дзяцей да 16 гадоў – 246.
Такі закон жыцця: адным – нараджацца, другім – паміраць. У мінулым годзе пайшлі з жыцця 24 жыхары Даманаўскага сельсавета – прыкладна столькі ж, колькі і ў папярэднія гады (у 2019 годзе зарэгістравана 25 смерцяў, і столькі ж – у 2017 і ў 2016, 24 жыхары савета памерлі ў 2018 годзе). Летась памерлі 23 пенсіянеры, адзін чалавек на момант смерці быў у працаздольным узросце.
Падрыхтавала Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.