Майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Целяхан Валянціна Абрамчук расказала раёнцы пра сваё захапленне

Валянціна Абрамчук вядома на ўсю Целяханскую акругу як майстар па саломцы.
Так, гэта асноўнае яе захапленне, але жанчына настолькі апантана творчасцю, што ёй хочацца ахапіць усе сферы мастацкай дзейнасці. Падабаецца займацца рознымі, можна нават сказаць, усімі тэхнікамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і ад любога занятку яна атрымлівае асалоду і радасць. Эстэтычны ўзровень яе твораў дастаткова высокі і вызначаецца дасціпнасцю, арыгінальнасцю і непаўторнасцю. Яна любіць спалучаць у адной рабоце некалькі відаў мастацтва: напрыклад, інкрустацыі з саломкі і вышыўкі, аплікацыі і малюнка, пляцення і квілінгу…


Сёння Валянціна Абрамчук працуе ў Целяханскім ЦКіВЧ. Загадчык яго Наталія Бінкевіч расказвае:
– Вызвалілася ў нас пасада намесніка дырэктара. Я думала-думала і вырашыла Валянціну запрасіць, ведаючы, што яна – чалавек творчы і таленавіты. напачатку яна адмовілася, а потым звоніць і дае згоду, маўляў, перагаварыла з дамашнімі, і яны яе падтрымалі. Я ўзрадавалася, бо мне такія работнікі патрэбны. Валянціна адразу ўлілася ў работу. Нас тады аддалі пад клубную сетку і назвы пасад памяняліся. Я не дырэктар цяпер, а загадчык, а Валянціна ў нас рэжысёр, а па сутнасці, яна выконвае работу і культарганізатара. Дзякуючы таму, што Валянціна – чалавек творчы, актыўны, то сцэна на кожную падзею стала афармляцца цікава, з фантазіяй. Галерэю яна прапанавала рабіць, і я падтрымала, бо ў нас многа падзей адбываецца, хочацца, каб людзі іх бачылі. Афішы робіць на спектаклі. І на заняткі ў аб’яднаннях да яе прыходзіць шмат дзяцей. Я сама іншы раз зайду, пагляджу, і так хочацца самой «ваяць» з імі.
– Я раней вяла гурткі ў Доме дзіцячай творчасці па саломцы, а тут аб’яднанні па інтарэсах, – расказвае сама Валянціна Уладзіміраўна. – Заняткі праходзяць па ўсіх кірунках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вяжам кручком, са стужак аб’ёмныя работы робім, з газетных трубачак пляцём… Запісана, да прыкладу, на «Чараўніцу» шэсць дзяцей, а ходзіць шмат. Адзін хлопчык у мяне ўжо ўмее ўсё, але прыходзіць. Нядаўна дзяўчынкі на занятку па вязанні цацак: а як, а што, пытаюць, а ён глядзеў, глядзеў і кажа: «Давайце – пакажу». Такая карціна замілавальная, калі хлопчык 9 класа вучыць дзяўчынак вязаць кручком…
З дзецьмі Валянціна Абрамчук афармляе выстаўкі. Звычайна, гэта карціны, а цяпер вырашылі падрыхтаваць выстаўку – калекцыю сукенак. Пап’е-машэ – каркас, аснова сукенкі – з газет, а потым фарбуецца і ўпрыгожваецца квілінгам ці скручваннем трубачак папяровых. Ужо дзве работы ў працэсе і вее ад іх вясной…

І сама Валянціна – жанчына-вясна.
– Маме кажу: «Ты ў Брэсце гуляеш па магазінах – купі мне яшчэ дзве рукі», – жартуе Валянціна. – Таму што іншы раз хочацца ўсё паспрабаваць, а рукі толькі дзве. Мне б, як павучку, многа рук, то я б многае паспела…
Пэўна, таму ў яе ёсць нават работа з саломкі, як павучок пляце павуцінку…
– Да дзвюх ночы пастаянна сяджу. За гэта на мяне абураюцца родныя. Але што рабіць, на рабоце дапазна, потым пакуль з дзецьмі ўрокі, пакуль паўкладваеш спаць… А тады ўжо ў цішыні мой час, як ён бяжыць – не заўважаю. Гэта такая асалода, так супакойвае… Зараз я вяжу цацкі кручком. Цяпер у мяне цікавы заказ з серыі супергероі. Раней я вязала па чужых майстар-класах, цяпер распрацоўваю свае, запісваю пакрокавыя заняткі.
Занятак запатрабаваны і цікавы. І Валянціна зарэгістравалася рамеснікам.
– Ці можна гэтымі заняткамі зарабіць? – цікаўлюся. – Я б ніколі не рашылася гэтым жыць…
– Падзарабіць можна ў свабодны час, але надзейней, калі ў цябе ёсць яшчэ работа. На вырабах з саломкі на вялікіх выстаўках, як 1000-годдзе Брэста ці 500-годдзе Івацэвічаў, можна зарабіць. Тады я прывезла добрую суму. Салома ішла «на ўра», і яшчэ пыталіся. Перад Новым годам салому не бралі, а цацкі. Гэты заробак не пастаянны. Адзін, другі месяц нічога не зараблю, а за трэці можна як за два.


– Грошы ў што ўкладваеце?
– Як калі. Калі на ніткі, калі на сябе, калі на дзяцей. Больш люблю, канешне, дзецям што-небудзь купіць. Тады свабодна і добра на душы становіцца. Магу купіць сабе нітак і стужак і буду задаволеная, мне будзе добра-добра…
– Ёсць работы, якія не прадасце?
– Ёсць. Вышывала партрэт маёй дачкі крыжыкам, распрацаваўшы канву, і ўпрыгожвала рамку інкрустацыяй з саломкі. А яшчэ маім дома падабаецца Целяханская царква – аплікацыя з саломкі. На выстаўкі гэтую работу даём, а прадаць – не.
Дарэчы, Валянціна – шматдзетная мама. У яе дзве дачкі і сын. Дзеці малымі цікавіліся маміным захапленнем і работай, але перавагу аддалі заняткам музыкай. Старэйшая Вікторыя вучыцца ў Брэсце на юрыста, яна закончыла Целяханскую ДШМ па класе фартэпіяна, Крысціна і Яўхім вучацца іграць на баяне. Старэйшая Вікторыя і Яўхім яшчэ і вакалам займаюцца.
Сама Валянціна ў дзяцінстве жыла ў Брэсце і там хадзіла на гурток інкрустацыі саломкай. Пасля школы паступіла ў Бабруйскі каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на саломку, а як замуж пайшла, саломку закінула… А потым муж кажа ёй: «Мала хто займаецца саломкай, бярыся ты». І Валянціна вярнулася да любімага занятку, стала сама вывучаць, асвойваць пляценне, інкрустацыю, аплікацыю, злучаць салому з роспісам, вышыўкай, пляценне з аплікацыяй. Спрабавала і вязанне, і стужкі, шкатулкі, заколкі – усяго не пералічыць.
– Мне ўсім падабаецца займацца, што я зраблю, – смяецца Валянціна. – Вязала адзін час, а мне сказалі, што вязанне – прывілея бабуль, ты паспееш яшчэ. Шыць спрабавала… Сукенку сабе шыла на дажынкі з вышыўкай крыжыкам. На выстаўкі апранаю яе – сваю беларускую льняную сукенку. Дачка ўдзельнічала ў конкурсе «Міс-восень», і ёй пляла сукенку з саломы ў стылі авангард. Атрымалася раскоша, як залатая…
Жывуць Абрамчукі ў сваім доме. Дома ёсць два акварыумы, курачкі, сабака, агародзік, кветкі і сам дом. У будаўніцтве яго Валянціна таксама прымала ўдзел, дапамагала нават цяжарнай дранку пілаваць і набіваць.
– Я калісь рабіла гаршкі вулічныя ў форме коней, сама пілавала дошкі, калі дома нікога не было, – расказвае жанчына. – Суседзі жартуюць, бывае, калі бачаць мяне ў двары, пытаюць: што ты, Валя, зноў там пілуеш?
– То Вам і лямпачку прыкруціць не патрэбны муж? – здзіўляюся.
– Магу і лямпачку, і пакасіць двор. Я люблю касіць. Люблю чысціць снег. Мне падабаецца. Проста я не магу разарвацца на ўсё. Іншы раз дома трэба нешта зрабіць па ўборцы, а цягне павязаць, павышываць, сплесці… Кажу сабе: я ж паспею прыбраць, а зараз для сябе пазаймаюся, для душы. Вельмі люблю мэблю перастаўляць, то муж прыкруціў шафы да сцен, каб я іх не зрушвала з месца. Бо ведае, калі яго дома няма, я пачынаю рухаць…
– Гатаваць любіце?
– Сярэдняя дачка любіць выпякаць, то мы з ёю фантазіруем, пячом. У гэтым працэсе важна, каб было і смачна, і прыгожа.
– Як можна навучыцца паспяваць?
– Мой занятак узнаўляе сілы. Калі штосьці раблю і мне трэба перадыхнуць, я проста так не магу адпачываць. Я налью кавы, пап’ю крыху, а крыху рукамі павяжу, а дапіўшы, пабегла далей. У мяне на кухні ёсць куточак. Няма такога, каб я ўсё прыбрала і каб там нічога не ляжала. Абавязкова нешта раблю мімаходзь.
– Не надакучвае?
– Цікава новае. Ды і не атрымліваецца ў мяне аднолькава. Асабліва ў саломцы. Усё ж саломка – гэта асноўнае.
Валянціна Абрамчук расказвала, што салому, як зыходны матэрыял, дапамагаюць нарыхтаваць усе родныя. Для гэтага дзед садзіць у сваім двары жыта, а потым і бацька, і дзед, і маці прыязджае, і дзеці дапамагаюць чысціць салому – усе задзейнічаны ў гэтым працэсе. Салома адразу зразаецца і сушыцца. Потым каленцы абразаюцца і яна складваецца ў каробачкі.
– Колькі трэба яе? – цікаўлюся.
– Калі аплікацыя – нямнога. Для аплікацыі лепш тоўстая, яна мякчэйшая. На пляценне тая, што даўжэй. У мяне ідзе ўсё – ад каранёў да каласкоў. Нават зерне каласкоў курачкам, а самі каласкі на дэкупаж. Без адходаў.
– А для поўнага шчасця што важна?
– Мір і спакой дома, у сям’і. Як кажуць, мір у міры, і «в отдельной собственной квартире»…
Валянціна весела заўсміхалася, а на самой справе, з ёю хочацца пагадзіцца. Пэўна, вясна хутка…
Валянціна БОБРЫК.
Фота з архіва сям’і.