Паспяховыя старты івацэвіцкіх лёгкаатлетаў

Зімовы лёгкаатлетычны сезон у разгары. Ужо ў васьмі лёгкаатлетычных стартах рэспубліканскага ўзроўню прынялі ўдзел спартсмены-навучэнцы і выхаванцы СДЮШАР г. Івацэвічы.

Так, у студзені прайшла Спартакіяда дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Беларусі сярод дзвюх узроставых груп – 2004-2005 г. н. і 2006-2007 г. н. – і спаборніцтвы на адкрыты Кубак Беларусі ў памяшканнях.
Спаборніцтвы былі даволі паспяховымі для нашых рабят і трэнераў.
Так, Кірыл Крэнь стаў пераможцам Спартакіяды ў сваёй узроставай катэгорыі (2004-2005 г. н.) у спартыўнай хадзьбе на 3 000 і 5 000 метраў.
Эстафетная каманда (600+400+200 м) у складзе Дзмітрыя Трафімовіча, Мікіты Белага і Арцёма Канановіча – сярэбраны прызёр Спартакіяды сярод юнакоў 2006-2007 г. н., Уладзіслаў Піцін – сярэбраны прызёр на адкрыты Кубак Беларусі ў бегу з перашкодамі на 3 000 м.
3-5 лютага ў Магілёве разыграны медалі першынства Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў і юніёрак 2002-2003 г. н. і юнакоў і дзяўчат 2004-2005 г. н. Важкі ўклад у скарбонку зборнай каманды Брэсцкай вобласці ўнеслі нашы выхаванцы, якія заваявалі 8 медалёў.
Зноў парадаваў Кірыл Крэнь, ён стаў пераможцам і сярэбраным прызёрам першынства Беларусі сярод юнакоў і дзяўчат 2004-2005 г. н. у спартыўнай хадзьбе на дыстанцыях 5 000 і 3 000 м. На дадзеных стартах сярод юніёраў 2002-2003 г. н. таксама вызначылася Анастасія Гаўрылік – перамога ў скачках з шастом. Насця пацвердзіла нарматыў майстра спорту, бо пераадолела вышыню 3 м 85 см і атрымала званне «Лепшая спартсменка турніру» сярод юніёраў. Аліна Чарнушэвіч – пераможца і срэбны прызёр у спартыўнай хадзьбе (5 000 м і 3 000 м); Максім Шыпуль – пераможца і бронзавы прызёр у скачках у даўжыню і ў трайным скачку; Уладзіслаў Тумакоў – бронзавы прызёр у бегу з перашкодамі (2 000 м).
Зімовы сезон нашых лёгкаатлетаў працягваецца. Літаральна праз тыдзень нашы рабяты будуць браць
удзел у новых стартах. Пажадаем перамог і асабістых рэкордаў!
Людміла ЧАПЛІНСКАЯ, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці СДЮШАР г. Івацэвічы.