Кожнае трэцяе злачынства ў 2021 годзе – кібер-злачынства

Карысна перачытваць мінулагоднія артыкулы! Роўна год назад, калі праводзіў інтэрв’ю з начальнікам Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Вадзімам Лішко, то завастралася ўвага, што ў нашым раёне пакрысе стаў назірацца рост злачынстваў, звязаных з крадзяжамі грошай з банкаўскіх плацежных картак – так званыя кібер-злачынствы.
Ці ведалі мы тады, што ў другой палове года гэты рост стане проста пагражальным?
З вышэйзгаданай праблемы і пачалося інтэрв’ю з Вадзімам Мікалаевічам.
– Гаворым пра вынікі работы райаддзела Следчага камітэта за 2020 год. Кібер-злачынствы: пра што сведчаць лічбы?
– Лічбы літаральна палохаюць: калі ў 2019 годзе было ўзбуджана 20 крымінальных спраў, звязаных з крадзяжамі грошай з банкаўскіх плацежных картак, то ў 2020 – 90. Рост – у 4,5 разоў. Ледзь не кожнае пятае злачынства, зафіксаванае ў мінулым годзе ў нашым раёне, звязана з падобнымі крадзяжамі.
Скажу болей, за 1,5 месяца 2021 года ўзбуджана 33 крымінальныя справы, з іх 11 – кібер-злачынствы. Як бачыце, кожнае трэцяе злачынства бягучага года – гэта крадзеж з банкаўскіх картак. Прафілактычная работа, гутаркі і сустрэчы з людзьмі праводзяцца, але сітуацыя мяняецца мала.
– Чаму так адбываецца? Якое вам бачыцца выйсце?
– Сярод нас жыве нямала людзей, хто лёгка ідзе на кантакт з незнаёмцамі і лёгка паддаецца на падман. Здаецца, адказ ляжыць на паверхні: не адказвайце на тэлефанаванні незнаёмых! Проста не бярыце трубку! Дык не! Бяруць, увязваюцца ў нейкія працяглыя размовы… Завучыце як ойча наш – колькі гэта ўжо можна паўтараць! – беларускія банкі не вырашаюць праблемы з плацежнымі карткамі ў тэлефонным рэжыме – у любым выпадку вам тэлефануе прайдзісвет, калі цікавіцца яе рэквізітамі! І падманутымі аказваюцца людзі з вышэйшай адукацыяй, старыя і маладыя… Сваёй даверлівасцю і неабачлівасцю ствараем праблемы. Апускаюцца рукі, колькі трэба разоў паўтараць адно і тое? І як прыцягнуць да адказнасці гэтых падманшчыкаў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.
– Звернемся да іншых злачынстваў. Чым быў характэрны 2020 год?
– Стала, увогуле, больш злачынстваў – рост на 26 працэнтаў. Кібер-злачынствы паспрыялі гэтаму росту, яны займаюць другое месца. Лідзіруюць па-ранейшаму крадзяжы – 169, на трэцім – сумна вядомыя аліментшчыкі – асобы, хто ўхіляецца ад утрымання дзяцей – 51 крымінальная справа. Для нашага раёна гэта значная лічба. Запомніцца мінулы год і двума фактамі зневажання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, вінаватыя прызналі віну, былі пакараны.
– Чым характарызуюцца крадзяжы, самая масавая катэгорыя злачынстваў?
– Застаецца вострай праблема крадзяжоў з нежылых дамоў у сельскай мясцовасці. Разумею, што пра гэта гаворыцца рэгулярна, але не ўсе ўсведамляюць: пакінуўшы ў доме патрэбныя рэчы – тэлевізар, веласіпед, посуд і г. д. – вы спакушаеце злодзея. Тое самае тычыцца і металічных вырабаў, якія на падворку могуць ляжаць гадамі, але калі іх ўкралі, то пачынаюцца тэлефанаванні ў праваахоўныя органы… Забываюць нашы грамадзяне прышпільваць веласіпеды, іх крадуць і, як вынік, падобных злачынстваў у нас нямала.
– Наш раён не самы вялікі, забойствы здараюцца нячаста, у 2019-м годзе не было ніводнага…
– А ў 2020 – два. Першы выпадак – у доме нумар 11 па вул. 60 год Кастрычніка ў Івацэвічах. Нідзе не працуючы К., які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, задушыў у ходзе спрэчкі сваю сужыцельку… Другі выпадак – у Ёлках, дзе двое сяброў працяглы час спажывалі алкагольныя напоі. Паміж імі ўзнікла спрэчка, якая перарасла ў бойку, у выніку чаго адзін з сяброў – С. 1969 г. н. – атрымаў несумяшчальныя з жыццём траўмы і памёр.
Лёгка вызначыць кола асоб, хто найчасцей становіцца фігурантам падобных спраў (у тым ліку па фактам нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, іх менш не становіцца) – гэта людзі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, не маюць пастаяннай работы, раней судзімыя… Вельмі часта падобнае адбываецца ў няўдалых сем’ях.
– Якое павучальнае крымінальнае здарэнне вам запомнілася ў мінулым годзе?
– Навукай для многіх стала затрыманне электравудзільшчыкаў у Дабромысленскім сельсавеце, калі двое мужчын «нарыбачылі» на суму болей за 160 000 рублёў. Гэта самы буйны ўрон браканьераў у Беларусі ў 2020 годзе, вызначыліся нашы браканьеры, на ўсю Беларусь прагрымелі.
Згадваецца яшчэ адзін выпадак, на першы погляд, як быццам «непрыкметны». Мужчына з Івацэвічаў прыйшоў да сяброў, дзе спажывалі спіртное. Аддаў сваю банкаўскую плацежную картку аднаму з сяброў, каб той збегаў за бутэлькай. Пасля гаспадар гэтай карткі заснуў п’яны, а той з гэтай карткай працягнуў бегаць у магазін. Раніцай прачнуўся, спахапіўся – грошай няма… І вось з такога глупства – іншага слова не знойдзеш – нарадзіліся крымінальная справа.
…Калі гаварыць пра вынікі 2020 года, то не магу не адзначыць якасную работу супрацоўнікаў райаддзела Вадзіма Жданюка, Аляксандра Кавалевіча, Дзяніса Валошчыка, Андрэя Прадзільшчыкава, які быў асабіста адзначаны і ўзнагароджаны старшынёй Следчага камітэта Беларусі.
Аляксандр ГОРБАЧ.