Рэпартаж аб тым, як перапрацоўваецца лесанасенная сыравіна ў Івацэвіцкім лясгасе

Шышкі для перапрацоўкі на насенне лесаводы збіраюць узімку. У кожнага лясгаса свой план. Справа гэта не простая, бо каб дастаць усе шышкі, працаваць трэба на вышыні ў люльцы аўтавышкі, як усё роўна спецыялісту-аддзелачніку ў будаўніцтве.
У сёлетнім сезоне на 12 лютага гэтага года 16 лясгасаў Брэсцкага ДВЛГА сабралі 101 тону шышак пры плане на люты 98 тон. Нарыхтоўка шышак будзе працягвацца да канца месяца, бо мяркуецца сабраць да гэтага яшчэ 30 тон. Зборам ураджаю на плантацыі Івацэвіцкага лясгаса плошчай болей за 30 гектараў займаюцца лесаводы Івацэвіцкага гадавальніка. Святлана Арцюх, Таццяна Радзюк, Любоў Рудзьман, Ала Вясна, Алена Пашкевіч, Алена Янковіч, Алена Белая, Аляксандр Радзюк працуюць зладжана. Спачатку шышкі рвуць з гадаванцаў з зямлі, а потым з аўтавышкі, каб сабраць усе да адной, бо пераблытаць мінулагоднюю шышку са свежай вельмі лёгка. Івацэвіцкія лесаводы пры плане 18 тон нарыхтавалі за сезон 19,7 тоны сасновых шышак і плануюць яшчэ дадаць 2-3 тоны.
Пры гэтым, толькі ў Івацэвіцкім лясгасе ёсць цэх, дзе нарыхтаваныя шышкі перапрацоўваюцца на насенне. І гэты этап яшчэ больш адказны, ён мае свае тонкасці і складанасці. Ад якаснай перапрацоўкі – сушкі, абяскрыльвання і выдалення насення, яго захаванасці – залежыць узровень якасці насеннага матэрыялу, які тут захоўваецца ў халадзільных камерах не адзін год. Сёння цэх па перапрацоўцы лесанасеннага матэрыялу – гэта не вузка спецыфічная вытворчасць, пасля рэканструкцыі на гэтай тэрыторыі створаны комплекс па вырошчванні лесапасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. Словам, тут займаюцца вытворчасцю элітнага насення і вырошчваюць у цяпліцах лясную «расаду».
– Шышкі на перапрацоўку да нас дастаўляюць з усіх 15 лясгасаў Брэсцкага лесагаспадарчага аб’яднання, – кажа намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Івацэвіцкага лясгаса Святлана Касцюкевіч. – Сёлета ўраджай быў добры, шышкі везлі цудоўныя, але ўсё роўна мы кантралюем, каб сыравіна адпавядала ўстаноўленым стандартам, прымаем толькі якасныя.
Падчас нашага наведвання комплексу з ЗКС, нягледзячы на завіруху, прыехаў УАЗік з Івацэвіцкага лясніцтва, і вадзіцель, адчыніўшы дзверы кабінета, спытаў: «Куды шышкі выгружаць, хто будзе іх прымаць?» І начальнік комплексу Таццяна Жыгар тут жа выйшла з ім, каб праверыць прывезеную сыравіну, узважыць мяшкі з шышкамі і прыняць іх.

Шышкі рвуць з аўтавышкі лесаводы.

Нарыхтоўкай насення лясных культур у Івацэвіцкім лясгасе займаюцца даўно, амаль два дзясяткі гадоў, і спецыялісты ведаюць толк у працэсе атрымання якаснага матэрыялу. Акрамя таго, насенне з крылаткай для абяскрыльвання ў Івацэвіцкі цэх дастаўляюць і некаторыя лясгасы Мінскай вобласці. На комплексе абсталяваны халадзільныя камеры, у якіх пры пастаяннай нізкай тэмпературы ў мінус 2-3 градусы захоўваецца лесанасенны матэрыял не толькі ўсёй Брэсцкай вобласці, а і трохгадовы рэзервовы аб’ём насення на выпадак неўраджаю.
– Працэс сушкі не паскорыш. Ён павінен ісці па тэхналогіі. Напачатку шышкі сартуюцца і праходзяць папярэднюю падрыхтоўку сушкі ў натуральных умовах. Гэты працэс адбываецца на працягу некалькіх тыдняў. Далей адсартаваная партыя шышак загружаецца на суткі ў сушыльную шафу і пад уздзеяннем тэмпературы шышка раскрываецца, і з яе «выбіваецца» крылатка, якая апырскваецца, каб лягчэй было яе абяскрыліць і аддзяліць насенне. Потым насенне праходзіць даачыстку. Працэс перапрацоўкі вельмі адказны на ўсіх этапах і доўжыцца каля тыдня, – расказвае і паказвае стадыі вытворчага працэсу начальнік комплексу Таццяна Жыгар. – Калі сыравіна якасная, як сёлета, то і рэзультат добры – выхад насення звыш нормы.

Вадзіцель аўтапагрузчыка Віктар Юдзін загружае сыравіну.
На канвееры працуюць: Ірына Варабей (яна ж і лабарант), Ніна Цярошына, Святлана Мінюк і Андрэй Шляжка.
Крылатка: маленькае семечка з крылцамі.

Гатовае насенне апрабіруецца ў лабараторыі комплексу, аналіз проб адпраўляецца ў рэспубліканскі селекцыйна-насенняводчы цэнтр. Для вырошчвання сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай бярэцца насенне першага класа з палепшанымі спадчыннымі якасцямі, каб іх усходжасць была 95 працэнтаў і вышэй.
Кошт аднаго кілаграма насення сасны з палепшанымі спадчыннымі якасцямі дасягае 320 рублёў, а лістоўніцы ажно да 750. Карысць лясгас атрымлівае не толькі ад рэалізацыі насення. Да прыкладу, 1000 штук насення сасны – гэта ўсяго 6,67 грама. А ў кілаграме насення ўмяшчаецца каля 150 тысяч штук зярнятак. Таму насенне – гэта стратэгічны тавар, гэта ў будучым мільёны саджанцаў для лясоў.
Карысць ёсць для лясгаса і ад пустых шышак. Можна сказаць, тут навучыліся працаваць па безадходнай тэхналогіі. Пустыя шышкі прадаюць у якасці дэкаратыўнага матэрыялу для добраўпарадкавання тэрыторый, вырабу дэкаратыўных прадметаў і ў якасці паліва.

Валянціна БОБРЫК.
Фота з архіва лясгаса
і Валерыя МІСКЕВІЧА.