Анастасія Брыль – фіналістка конкурсу «Права на дзяцінства»

Вучаніца ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Івацэвічы» Анастасія Брыль узнагароджана спецыяльным прызам ад мясцовага дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая за лепшую работу ў рамках рэспубліканскага конкурсу творчых работ «Права на дзяцінства», які праходзіў пад эгідай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Конкурс праводзіўся па трох намінацыях: «малюнак», «анімацыя», «відэаролік». Тысячы малюнкаў, больш за 300 відэаролікаў і камп’ютарных анімацый даслалі арганізатарам з усіх куткоў Беларусі. Задачай конкурсу «Права на дзяцінства» ў Мінюсце называюць магчымасць распавесці юным беларусам пра існаванне такога паняцця, як «права». Анастасія Брыль увайшла ў пяцёрку талентаў Брэстчыны, якія былі адзначаны прызамі ў гэтым конкурсе.
12 лютага начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Каліноўскі прыехаў у Івацэвічы, каб асабіста павіншаваць пераможцу і ўручыць ёй памятны падарунак. У аддзел ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама таксама прыйшлі павіншаваць Анастасію начальнік аддзела па адукацыі Святлана Патоцкая, дырэктар ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Івацэвічы» Алег Кузьмін, настаўнік Людміла Мікалаеўна Бахур, разам з якой дзяўчына працавала над творчай работай, а таксама родныя Анастасіі. Салодкі падарунак дзяўчыне ўручыла начальнік аддзела ЗАГС Наталля Аўрусевіч.
Сяргей Каліноўскі адзначыў глыбокі сэнс творчай работы Анастасіі, пажадаў ёй поспеху, новых дасягненняў і падкрэсліў, што за ініцыятыўнай моладдзю, якая дзейнічае ў рамках закона, будучыня. Святлана Патоцкая падкрэсліла, што пры тым, што Анастасія – выдатніца, яна пастаянная ўдзельніца шматлікіх конкурсаў, і пажадала дзяўчыне заставацца такой жа актыўнай.
На конкурс Анастасія Брыль прадставіла відэаролік пра права на дзяцінства дзяўчыны з абмежаванымі магчымасцямі Валерыі Белай з г. Івацэвічы, у якім расказваецца пра яе жыццё і мары.
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.