Адслужыць у арміі павінен кожны

У гэтым упэўнены выконваючы абавязкі ваеннага камісара Івацэвіцкага раёна Максім Шчукін. Сам ён пасля заканчэння ДУА «Сярэдняя школа №4 г. Івацэвічы», не раздумваючы, паступіў у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, бо пра кар’еру ваеннага марыў з дзяцінства – ганарыўся прадзедам, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну, стрыечным дзядулем, які служыў на флоце.
Прызнаецца, што вучобу ў акадэміі нельга назваць лёгкай, бо даводзілася сумяшчаць грамадзянскае і ваеннае навучанне. Пасля заканчэння акадэміі Максім Шчукін распачаў свой кар’ерны шлях у 120-й зенітнай ракетнай брыгадзе горада Баранавічы на пасадзе начальніка разліку, потым – намесніка начальніка штаба – начальніка аддзялення баявога ўпраўлення. У 2016 годзе прыйшоў працаваць у ваенны камісарыят Івацэвіцкага раёна начальнікам групы тэрытарыяльнай абароны, з мая 2020 года стаў намеснікам ваеннага камісара, начальнікам мабілізацыйнай групы. – Цяпер сярод прызыўнікоў 70 працэнтаў тых, хто жадае служыць у арміі. Я скажу так, што трэцяя частка салдат тэрміновай службы вяртаецца на кантрактную службу, хтосьці з іх працягвае навучанне ўжо ў вышэйшых установах адукацыі. Ёсць і тыя, хто мэтанакіравана імкнецца паступіць у ваенную акадэмію пасля школы, – расказаў Максім Шчукін. – Штогод ваенкамат Івацэвіцкага раёна дае накіраванні для навучання ў ваеннай акадэміі і на ваенных факультэтах іншых устаноў адукацыі больш за 10 выпускнікам. Частка адсейваецца на этапе праходжання медыцынскай камісіі, але ўсё ж такі большасць з іх паспяхова становяцца студэнтамі выбраных факультэтаў. Трэба адзначыць, што паняцце ваеннай прафесіі даволі шырокае – ёсць, напрыклад, ваенныя журналісты, псіхолагі, таму разглядаць для сябе паступленне на такія спецыяльнасці могуць юнакі і дзяўчаты з гуманітарным складам розуму. Я ўпэўнены, яны абавязкова знойдуць сябе ў прафесіі, было б жаданне. Каб расказаць выпускнікам пра магчымасці паступлення, спецыялістамі ваенкамата ладзяцца прафарыентацыйныя сустрэчы, на якіх можна задаць усе хвалюючыя пытанні.

Дарэчы, часта на такія сустрэчы прыходзяць і бацькі. Падкрэслю, што ў прафесіі ваеннага могуць знайсці свой шлях і тыя, хто быў салдатам тэрміновай службы, і тыя, хто абраў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Перспектывы будуць у кожнага, і кар’ерны рост будзе чакаць усіх, хто прыкладзе да гэтага свае намаганні. Для мяне служба – гэта перш за ўсё развіццё, кожны дзень прыносіць мне новыя веды. Нельга не адзначыць і тыя сацыяльныя гарантыі, якія сёння дзяржава дае ваеннаслужачым. Гэта добры падмурак для маладога спецыяліста.
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны хачу выказаць словы падзякі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, Узброеных Сіл, ветэранам баявых дзеянняў і грамадзянскаму персаналу Узброеных Сіл. Сімвалізуючы непарыўную сувязь пакаленняў, пераемнасць патрыятычных традыцый, гэтае свята сведчыць аб тым, што доблесць, гераізм, адвага і мужнасць па-ранейшаму застаюцца сапраўднымі каштоўнасцямі для нашага народа і дзяржавы.
У гэты дзень мы віншуем тых, хто адстаяў нашу свабоду і незалежнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны, быў прыкладам самаадданага служэння Радзіме ў пасляваенны перыяд, з доблесцю і гонарам выканаў інтэрнацыянальны доўг. Мы віншуем тых, хто сёння па закліку сэрца выбраў для сябе нялёгкую і ганаровую прафесію, – абараняць Радзіму.
Жадаю вам поспехаў у нялёгкай, але высакароднай справе, у воінскім і грамадзянскім жыцці, надзейнага тылу і верных сяброў. Шчасця, дабрабыту, добрага здароўя і сілы духу, мірнага неба над галавой і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні вам і вашым сем’ям.