Фальклорнаму калектыву «Каліна» – 40 гадоў

У Сомінскім СК ладзіўся святочны вечар, прысвечаны 40-гадоваму юбілею любімага і вядомага на Целяханшчыне і ў раёне фальклорнага калектыву «Каліна».

Вечарына пачалася з аповеда пра вёску і пра цудоўны фальклорны калектыў «Каліна» з вуснаў дзяцей у народных касцюмах – удзельніц занальнага агляду-конкурсу «Таночак». За 40 гадоў існавання склад калектыву мяняўся нязначна, цвіком яго, колькі памятаецца, заўсёды былі суседкі, сяброўкі, кветачніцы і гаспадыні – салісткі Валянціна Басалай і Вольга Абрамчук. Шыкоўнасці выступленням «Каліны» дадае кампанія гарманіста Паўла Мяліка, які ў творчым ансамблі
ўдзельнічае каля дзясятка гадоў. У цяперашнім складзе калектыву яшчэ адна Вольга Абрамчук (у Соміне прозвішча Абрамчук адно з самых распаўсюджаных), Ніна Афанасовіч, Тамара Купрыянчык, Марыя Капыціч.
Падарункі і граматы ўручаліся ў гэты дзень і былой загадчыцы Сомінскага СК Ніне Мялік, загадчыцы клуба Але Капыціч, Алене Абрамчук. Вітала самадзейных артыстаў стараста вёскі Галіна Куцко, якая таксама ў свой час спявала з жанчынамі «Каліны», была загадчыцай клуба. Метадысты ДУК «Івацэвіцкая раённая клубная сетка» Алена Шэлест і Алена Цітова павіншавалі на даму салістку «Каліны» Валянціну Басалай, якая па стане здароўя не змагла прысутнічаць на свяце, але была з любімым калектывам душой, уручалі заслужаныя ўзнагароды і падарункі на сцэне сённяшнім удзельнікам фальклорнага калектыву.
У рэпертуары «Каліны» – мілагучныя, вясёлыя, іскрыстыя і душэўныя народныя песні. І выкананне асаблівае, з «пярчынкай», што выклікае заўсёды радасць і гонар за народныя таленты. Калектыў пастаянны ўдзельнік раённых святаў і фестываляў, свята-конкурсу рэгіянальнага фальклору «Край чарнічны, край музычны», конкурсу «Грай, гармонік, звіні прыпеўка» і іншых.
У 2012 годзе ў рамках Міжнароднага семінара на абласной выставе вясельнага пасагу «Сорак саракоў ручнікоў» Валянціна Васільеўна Басалай і Вольга Мікалаеўна Абрамчук прызнаныя лепшымі каравайніцамі. І не дзіўна – караваі на Целяханшчыне вызначаюцца веліччу і незвычайным стылем упрыгожванняў, дзе кожны элемент нясе сваю народную і духоўную сімволіку, а жанчыны ў свой час славіліся як лепшыя каравайніцы ў акрузе. А ў 2013 годзе салістка Валянціна Басалай узнагароджана Дыпломам 1 ступені за ўдзел у занальным свяце-конкурсе палескай прыпеўкі і танца «Бярозаўская сербіянка». Пераспяваць у прыпеўках Валянціну Васільеўну было немагчыма, іх яна ведае процьму і можа сыпаць імі на працягу некалькіх гадзін.
40 творчых гадоў, сотні рэпетыцый і выступленняў, мноства канцэртных праграм за межамі вёскі. Апладысменты, паклоннікі і кветкі… Цудоўныя песні, цудоўныя вочы выканаўцаў – яны нашы радасць і гонар. Успаміналі на свяце і першых Сомінскіх ластавак, першых спявачак: Ганну Кавалевіч, Галіну Соляр. Вёска ганарыцца гэтымі цудоўнымі жанчынкамі, якія не толькі цудоўна пяюць, але зберагаюць гісторыю роднай старонкі і з’яўляюцца прыкладам для дзяцей і моладзі. Праз некаторы час у творчы калектыў прыйшлі новыя спявачкі: Вольга (Мікіцічна) Абрамчук, Тамара Купрыянчык, Ніна Афанасовіч. Разам яны ўспаміналі, хто прыдумаў назву калектыву, якая песня была самай любімай, як прыйшлі ў калектыў, якія святы запомніліся найбольш… З вялікай павагай успаміналі на свяце Зінаіду Паўловіч, Ксенію Капыціч, Марыю Леановіч, якія, на жаль, ужо пайшлі з жыцця, але пакінулі свой след у сэрцах і песнях. Успаміналі на свяце былых акампаніятараў калектыву Уладзіміра Абрамчука і Аляксандра Мяліка і з задавальненнем слухалі найгрышы гарманіста Паўла Мяліка.
Асобнай старонкай гучала на свяце гісторыя пра саюз удзельніц фальклорнага калектыву Валянціны Басалай і Вольгі Абрамчук, якім мясцовая паэтка Людміла Мілеўская прысвяціла свой верш. Яны – твар калектыву, яскравага, самабытнага, яны яго песня і кветка, бо хто любіць кветкамі ўпрыгожваць сядзібу, той і сам, як кветка.
Шчырым прызнаннем у любові да «Каліны» было выступленне загадчыцы Сомінскага СК Алы Капыціч, якая і сама творчая асоба, член Саюза майстроў Беларусі, дыпламант міжнародных, рэспубліканскіх і абласных выстаў і конкурсаў.
– Ідуць гады, мяняюцца ўдзельнікі калектыву, але застаецца дух творчасці, роднага непаўторнага фальклору, – казала метадыст Алена Цітова. Пасля ўсіх слоў прызнанняў, пажаданняў, віншаванняў хочацца сказаць – няхай яшчэ многа гадоў дорыць усім нам цудоўныя песні фальклорны калектыў «Каліна», няхай калектыў папаўняецца новымі імёнамі і ўдзельнікамі, няхай гучаць апладысменты, няхай не ведае межаў любоў гледачоў. Новых табе юбілеяў, дарагая, самабытная «Каліна»!
Пад песні «Каліны» хлебасольныя сомінцы ўручылі гасцям юбілейны каравай, сімвал даўгалецця і дабрабыту, і сыпалі такімі шчырымі пажаданнямі дабрабыту, добрых дзён і долі, што хацелася жыць і светла ўспамінаць гэты юбілей.
Валянціна БОБРЫК,
фота з архіва «Каліны».