Хто атручвае сабак?

У райгазету звярнуўся Мікалай Т., жыхар Івацэвічаў, які сцвярджае, што ў райцэнтры пачалася «партызанская вайна» супраць бадзяжных жывёл.
Яна, маўляў, выражаецца ў тым, што камунальнікі «непрыкметна» раскідваюць атручаныя прынады. Любая сабака такую прынаду толькі лізне – і здохне, сцвярджае Мікалай Т. Па яго словах, ён цяпер перастаў выгульваць сабаку ў вячэрні час, бо так можна і страціць свайго гадаванца…
– Глупства! Нічога падобнага камунальнікі не робяць і не плануюць рабіць, – так рэзка адрэагаваў на нашу спробу разабрацца ў пытанні генеральны дырэктар ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Аляксандр Кісель. – У населеных пунктах такое рабіць забаронена, не дай Бог якое дзіця закране, атруціцца, то з нас галовы паздымаюць. Усё гэта на сумленні людзей, хто распускае чуткі…

Ад рэдакцыі. Чуткі часта нараджаюцца на пустым месцы, але разам з тым нельга выключаць і той факт, што часам так званыя догхантары – людзі, якія ненавідзяць жывёл, раскідваюць атручаныя прынады.