У памяць усіх спаленых вёсак

Упершыню ў вобласці праходзіць акцыя, прысвечаная Дню памяці ахвяр Хатыні. 22 сакавіка адзначаць 76-гадавіну з дня расстрэлу і спалення 149 вяскоўцаў. Мемарыяльны комплекс «Хатынь» даўно стаў сімвалам ахвяр, людскіх пакут і мужнасці. 

У краіне 186 вёсак, якія раздзялілі лёс Хатыні, усе яны увекавечаныя ў комплексе. Таму напярэдадні чарговай гадавіны па ўсёй Брэстчыне актывісты наведалі помнікі і мемарыяльныя комплексы, навялі там парадак пасля зімы. У нашым раёне школьнікі разам з вяскоўцамі наведалі Красніцу, Бабровічы, Зыбайлы і Сярадава (тут ёсць помнік 125 спаленым жыхарам в. Зацішша, якая не аднавілася пасля вайны). Людзі зграблі сухое лісце, пачысцілі ад моху платы, плітку, абкопвалі будучыя кветнікі, фарбавалі помнікі. Працуючы ў такіх, асаблівых месцах з трагічнай гісторыяй, дзеці казалі, што па традыцыі абавязкова прыедуць сюды зноў напярэдадні Дня Вялікай Перамогі, каб успомніць і ўшанаваць памяць соцень памерлых мірных людзей.    Падрыхтавала Наталля ГЕРБЕДЗЬ.