Прадаўжаецца вакцынацыя ад каранавіруса: прышчэпкі зроблены яшчэ 190 жыхарам раёна

Аператыўна спрацавалі нашы медыкі – новая партыя вакцыны «Спадарожнік V», якая паступіла ў раён тыдзень таму, была скарыстана за два рабочыя дні. Прышчэпкі рабілі медыцынскім работнікам, работнікам дамоў-інтэрнатаў і людзям, якія пражываюць у іх. Другую дозу вакцыны яны атрымаюць праз 21 дзень.
Медыкі працягваюць наведваць прадпрыемствы раёна, каб данесці інфармацыю пра імунізацыю. Загадчыца аддзела эпідэміялогіі ДУ «Івацэвіцкі райЦГіЭ» Ірына КОВЫШ адзначае, што людзі пачалі ставіцца да вакцынацыі з большым даверам. Састаўляюцца спісы жыхароў раёна, якія разлічваюць на прышчэпку. Да масавай вакцынацыі ў раёне плануюць прыступіць у красавіку.
Ірына Ковыш канстатуе зніжэнне захворвання на каранавірус у цэлым па раёне ў апошнія месяцы. Тым не менш, выпадкі захворвання фіксуюцца, у тым ліку па некалькі ў асобных калектывах. Падчас эпідрасследаванняў работнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі заўважаюць у арганізацыях і на прадпрыемствах парушэнне нормаў і правілаў, устаноўленых у перыяд распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі. Між тым, у Беларусі ўжо выяўлены першыя выпадкі інфіцыравання брытанскім штамам каранавіруса, і гэта падстава для таго, каб зноў пачаць ставіцца да сітуацыі больш сур’ёзна, лічыць спецыяліст.
Брытанскі штам быў выяўлены ў людзей, якія прыбылі з-за мяжы – з Польшчы, Украіны, Егіпта, і некалькі станоўчых узораў атрымалі ў асоб, інфіцыраваных на тэрыторыі краіны. Матэрыялы жыхароў нашага раёна, якія захварэлі на кавід на мінулым тыдні, накіруюцца для даследавання ў лабараторыі, навукова-даследчы інстытут. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ужо больш за 100 краін ва ўсіх шасці рэгіёнах свету паведамілі аб выпадках захворвання брытанскім штамам каранавіруса.
У сувязі з гэтым санітарная служба раёна нагадвае простыя правілы для прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, якія, аднак, даказалі сваю эфектыўнасць. Іх патрэбна выконваць няўхільна, падкрэслівае Ірына Ковыш. Нагадваем:
• Насіце маскі пры наведванні гандлёвых аб’ектаў і ўстаноў, на рабочых месцах, а таксама ў грамадскім транспарце, у тым ліку ў маршрутках і таксі (у Беларусі дзейнічае масачны рэжым, за яго парушэнне – штрафы).
• Захоўвайце сацыяльнае дыстанцыраванне, рэспіраторны этыкет.
• Часта мыйце рукі з мылам, карыстайцеся антысептыкам, дэзынфіцыруйце паверхні сталоў, дзвярныя ручкі, гаджэты і інш., часцей праветрывайце памяшканне.
• Вядзіце здаровы лад жыцця.
• Пры падазрэнні на пачатак захворвання па магчымасці заставайцеся дома, звяртайцеся да доктара і выконвайце ўсе ўрачэбныя назначэнні і рэкамендацыі.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.