Данііл Раінчык з Быцені – суперфіналіст тэлепраекта «Я ведаю»

Вучань 8 класа ДУА «Быценская сярэдняя школа» Данііл Раінчык стаў пераможцам адборачнага этапа рэспубліканскага інтэлектуальнага праекта «Я ведаю» на канале «Беларусь 1» і ў сакавіку паўдзельнічае ў суперфінале тэлевіктарыны. Вядучы праекта Георгій Калдун прадставіў яго як хлопца задумлівага, але ўжо падчас здымак перадачы стала зразумела, што Данііл яшчэ і вясёлы, і знаходлівы.

У 13-гадовага школьніка з Быцені атрымалася запомніцца гледачам эрудыцыяй (згадзіцеся, не кожны з лёту адкажа, што помнік Шэкспіру стаіць у горадзе Стратфард-на-Эйване і гэта радзіма драматурга), пачуццём гумару ды непасрэднасцю, а таксама здольнасцю атрымліваць асалоду ад гульні. Ён прызнаўся на камеру, што «балдзее» ад віктарыны, і, напэўна, такое стаўленне да справы разам з інтэлектам дапамаглі атрымаць перамогу. Між тым, канкурэнцыя была сур’ёзная – 12 юных інтэлектуалаў з Гомеля, Кобрына, Смаргоні, Любані, Лагойска і іншых гарадоў і аграгарадкоў, у тым ліку пяцёра гімназістаў.
А па якіх правілах гульня?
«Я ведаю» – гэта сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства аду-
кацыі, мэта якога – знайсці дасведчаных, смелых і ініцыятыўных школьнікаў-эрудытаў, якія аднолькава добра разбіраюцца і ў фізіцы, і ў літаратуры. Каб прыняць у ім удзел, навучэнцы 5-11 класаў праходзяць адбор у школах і раёнах. Самыя актыўныя і таленавітыя трапляюць у сталіцу і змагаюцца за каштоўныя прызы і ганаровае званне пераможцы ў сваёй узроставай катэгорыі падчас адборачнага этапа. Аўтары праекта рыхтуюць для ўдзельнікаў мноства займаль-
ных і крэатыўных заданняў – па 10-12 пытанняў для кожнага з чатырох тураў, з варыянтамі адказаў і без. Каб з імі справіцца і смела націскаць на кнопку, трэба ведаць не толькі школьную праграму, але і мець шырокі кругагляд.
Удзел у здымках шоу прымаюць і настаўнікі, якія суправаджаюць удзельнікаў праекта ў Мінск. Педагогі каменціруюць выступленне вучняў з тэленастаўніцкай і самі спрабуюць адказаць на пытанні, з якімі не спраўляюцца дзеці. У фінальных гульнях праекта вызначаць сем пераможцаў з кожнай заяўленай паралелі, і Данііл мае магчымасць стаць самым эрудзіраваным васьмікласнікам краіны.
120 кніжных старонак у дзень, а рэкорд – 400!
Ці праўда, што рыкота – традыцыйная італьянская каўбаса? А тое, што Атлантычны акіян – самы салёны? Які горад прадстаўляе футбольны клуб «Ювентус»? А брас – гэта самы хуткі стыль у спартыўным плаванні ці не? Гэта толькі некалькі пытанняў, на якія прапаноўвалася адказаць Даніілу і яго сапернікам. Многія пытанні наш зямляк «щелкал» як арэхі – з першай секунды, імкнуўся дапоўніць свае адказы, абгрунтаваць іх. Здавалася, што ён зусім не хваляваўся. У тэленастаўніцкай яго падтрымлівала класны кіраўнік, настаўнік матэматыкі Быценскай сярэдняй школы Марына Шклярык.
– Данііл малайчына. Ён добра вучыцца ў школе – амаль па ўсіх прадметах на 9-10, ён удзельнік і пераможца раённых алімпіяд па англійскай мове, геаграфіі, матэматыцы, імкнецца многае ведаць, многае зразумець, – расказала Марына Аляксандраўна пра свайго вучня ўжо падчас сустрэчы з журналістамі «ІВ». Дарэчы, і сама настаўніца на праекце адказала амаль на ўсе адрасаваныя ёй пытанні. Адометр і фітанцыды – вы ведаеце, пра што гаворка? А Марына Аляксандраўна ведала.
А сам Данііл, расказваючы нам пра свае захапленні, падкрэсліў, што любіць чытаць – і чытае многа. 120 старонак у дзень на летніх канікулах. Як вам такое? Між тым быў і рэкорд, калі ён прачытаў 400 запар: узяў у рукі не надта захапляльную для сябе кнігу «Граф Монтэ-Крыста» – і хацеў дачытаць да кульмінацыі, а падзеі развіваліся марудна. Найбольш любіць гістарычную мастацкую літаратуру, фэнтэзі і дэтэктывы. Вылучыў Артура Конан Дойла і яго «Прыгоды Шэрлака Холмса» – за закручаны сюжэт і Англію XIX ст. Данііл цікавіцца геаграфіяй, гісторыяй (любімы настаўнік Міхаіл Юр’евіч Ткачоў акурат выкладае гісторыю). Хлопчык марыць пра падарожжы і хацеў бы наведаць многія краіны, але Вялікабрытанію – у першую чаргу. І яшчэ няблага было б махнуць у Бразілію на карнавал – у касцюме папугая.
Падкрэсліў ён і тое, што ўсім, што ўмее, абавязаны бацькам, якія займаліся яго развіццём з маленства – вазілі на развіваючыя заняткі ў Івацэвічы, у басейн і Лядовую арэну, а таксама сваім настаўнікам. Сям’я Раінчыкаў любіць прыроду роднага краю, паходы. Адно з захапленняў бацькі – паляванне, Данііл таксама пачынае ім цікавіцца. Па адукацыі маці Даніка – эканаміст, а тата – юрыст. Сам жа Данііл з будучай прафесіяй яшчэ не вызначыўся – «трэба шукаць сябе», паглядзіць, да якіх прадметаў будзе ляжаць душа ў старэйшых класах. Найбольш імпануюць яму пакуль прафесіі эколага, інжынера, магчыма, нават дыпламата. Англійская мова даецца яму лёгка, у тым ліку дзякуючы былой настаўніцы англійскай мовы Быценскай СШ галіне Міхайлаўне Масальскай. У яго, дарэчы, ёсць сваячка, стрыечная цётка Анастасія Летнікава, залатая медалістка Быценскай школы 2009 года, якая аб’ездзіла ўвесь свет і працуе ў ААН, жыве ў Жэневе.
Быць Даніілу дыпламатам па прафесіі ці не – пакажа жыццё. Але вырашаць пытанні дыпламатычна, а не на мове сілы, ён ужо ўмее, расказвае класны кіраўнік. Сярод аднакласнікаў ён карыстаецца павагай. Ну, а які лепшы выхад са становішча, калі падчас канфлікту словы не дапамагаюць, спытаўся ў яго на здымках Георгій Калдун. «Уцёкі», – пажартаваў Данік. А нам прызнаўся: пачуццё гумару ў яго ад таты, чалавека аптымістычнага і рознабаковага.
Маленькі сакрэт вялікага поспеху
На супергульню «Я ведаю» Данііл Раінчык едзе без асаблівага хвалявання. Яго мэта не перамога, а гульня ў сваё задавальненне. Ён уражаны маштабам тэлепраекта – перадачу робіць цэлая каманда прафесіяналаў у вялікім павільёне, дзе абсталяванне, камп’ютары, камеры «памерам з дыназаўра». І здымкі доўжацца з дзевяці раніцы да чатырох вечара. Але нягледзячы на стому, якая накатвае напрыканцы здымачнага дня, працэс усё роўна захапляльны. Школьніку хацелася б яшчэ раз акунуцца ў гэтую атмасферу. І яшчэ яму падабаецца вядучы – з пачуццём гумару і дасведчаны ў многіх пытаннях.
– Часу на хваляванне там няма, арыентавацца трэба хутка. Але ў мяне ўсё роўна ёсць маленькі сакрэт наконт таго, як пазбавіцца ад хвалявання, – інтрыгуе Данііл. – Трэба не стаяць, як слуп, а крыху, амаль незаўважна рухацца, каб напружанне, хваляванне пераходзіла ў рух.
З лёгкім сэрцам і пачуццём гонару за земляка мы пакідалі сцены Быценскай школы, калектыў якой, канечне, ганарыцца сваім таленавітым вучнем. Што ж, жадаем Даніілу не разгубіцца і ў суперфінале, годна прадставіць родную альма-матар і раён. І вядома, каб ён атрымаў галоўнае, за чым едзе – асалоду ад гульні, новыя ўражанні і бясцэнны вопыт, які, як і веды, як і здаровае пачуццё гумару, потым у жыцці саслужаць яму добрую службу.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ,
фота з сямейнага архіва.