Жыхарка Целяхан нанесла сужыцелю цяжкія траўмы металічнай трубой

Двое братоў – кожнаму больш за 50 гадоў – пражываюць у вёсцы Міронім. У адзін з дзён паміж гэтымі мужчынамі ўзнікла сварка, якая перарасла ў бойку. Адзін з іх схапіў вілкі (ухват), прылада, якой ставяць ці дастаюць з печы чыгун ці гаршчок. Ён стаў гэтымі вілкамі біць брата па галаве. Нанёс такія моцныя траўмы, што пацярпелы трапіў на бальнічны ложак, вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Штосьці падобнае адбылося ў Целяханах. У мясцовай жыхаркі Л. успыхнула сварка з сужыцелем, і Л. вырашыла патлумачыць яму, што ён памыляецца. Яна схапіла металічную трубу і стала ёй збіваць сужыцеля, які атрымаў цяжкія траўмы. У дадзеным выпадку ўзбуджана крымінальная справа… Карыстаючыся выпадкам, хачу папрасіць жыхароў раёна: калі побач з вамі пражываюць людзі, якія скандаляць і сварацца, то зрабіце, калі ласка, паведамленне ў райаддзел міліцыі. Не трэба чакаць, пакуль адзін другога пакалечыць ці, крый Божа, заб’е.

ХХХ
У райаддзел міліцыі на ўмовах ананімнасці рэгулярна паступаюць сігналы, што ў тым або іншым населеным пункце людзі захапіліся самагонаварэннем. У апошні час шмат такіх сігналаў паступае з Целяханшчыны. Супрацоўнікі РАУС адпрацавалі кожнае з гэтых паведамленняў.
Сумна, але паўсюдна інфармацыя пацвердзілася: у Краях у двух жыхароў канфіскавалі 60 літраў самагонкі і 140 літраў брагі, у Гліннай – 16 літраў самагонкі і два самагонныя апараты, у Аброве ў трох грамадзян канфіскавалі брагу, самагон і апараты; падобнае адбылося ў Целяханах і Амяльной. Дзякуем тым грамадзянам, хто праявіў неабыякавасць і зрабіў паведамленне ў міліцыю. Просім па фактах сямейных скандалаў і самагонаварэння тэлефанаваць па нумары 2-46-44 (ананімнасць гарантуецца).

Яўген МІХНЮК, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.