У Бабровічах прайшоў мітынг-рэквіем

Напярэдадні Дня памяці ахвяр Хатынскай трагедыі па ўсёй краіне прайшлі акцыі па навядзенні парадку каля помнікаў загінуўшым у вёсках, што згарэлі ў часы Вялікай Айчыннай вайны. У нашым раёне моладзь разам з мясцовымі актывістамі правяла суботнікі ў Красніцы, Бабровічах, Зыбайлах і ў Сярадаве (тут устаноўлены помнік 125 былым жыхарам в. Зацішша, якая так і не аднавілася). Пасля ў многіх беларускіх вёсках з такім апаленым мінулым прайшлі мітынгі-рэквіемы.
У нашым раёне Тупічыцы, Вяду, Красніцу, Зыбайлы і Зацішша ўспаміналі каля помніка ў Бабровічах. Гэтая вёска пахавала больш за 600 сваіх жыхароў, згарэлі 164 двары. Тут сабраліся прадстаўнікі ўлады, Івацэвіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, Івацэвіцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», школьнікі, актывісты райкама «БРСМ», старасты Целяхан і Горталя, мясцовыя жыхары.


Да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Алег Раўчэня:
– Сотні вёсак і пасёлкаў па ўсёй Беларусі былі знішчаны фашысцкімі захопнікамі. Сёння напярэдадні Дня Хатынскай трагедыі мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць людзей, якія загінулі ў агні родных вёсак у нашым раёне. Стоячы тут, каля помніка, нам усім варта
ўспомніць, як важна сёння цаніць мір і спакой. Мы павінны зрабіць усё, каб гісторыя Хатыні ці нашых Бабровіч і Красніцы не паўтарылася. Няхай моладзь памятае і цэніць подзвіг дзядоў, няхай будзе мірным неба над нашай Радзімай.
Лейтматыў усіх выступоўцаў быў
адзіны – памятаць, шанаваць і цаніць подзвіг землякоў, каб не паўтарыліся тыя падзеі. Слова бралі жыхар Бабровіч, заха-
вальнік гісторыі, ініцыятар і будаўнік часоўні ў гонар памяці загінуўшых у гады вайны і спаленых вёсак Веніямін Бычкоўскі, 11-класніца Целяханскай сярэдняй школы, актывістка райкама «БРСМ» Анастасія Куратнік. Не стрымала слёз, успамінаючы той самы вераснёўскі дзень 1942 года, і сведка вайны Аляксандра Андронаўна Дзьячок.


– Няма дня без слёз у маім доўгім жыцці, – казала бабраўчанка. – Быццам тое было ўчора, у такіх дэталях я памятаю той дзень. Успамінаю, як пасла кароў, які быў выбух і чорны дым над Бабровічамі, і як заганялі ў дамы людзей, пасля падпаль-
валі іх. Мы засталіся сіротамі, голыя і босыя. Я жыла па хатах у родзічаў, а праз пяць гадоў вярнулася сюды замуж, усяму мяне навучыла жыццё. Я выгадавала пяцёра дзяцей, пракарміла ўсіх, дала адукацыю. Яны бачылі і ведаюць, як доўга пасля вайны мы адраджалі вёску, колькі сіл паклалі дзеля таго, што маем сёння. Дзеткі мае, беражыце мір, няхай не будзе ў нас вайны ніколі!
Пасля хвіліны маўчання ў даніну памяці загінуўшым удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка. Шчыра і скрозь слёзы артысты аматарскай творчасці Целяханскага Цэнтра культуры і вольнага часу праз вершы, песні і харэаграфічныя замалёўкі нагадалі прысутным пра падзеі вайны. Адзін дзень у гісторыі падзяліў жыццё вёскі на «да» і «пасля». Цяжка сабе ўявіць, як гарэлі хаты, поўныя людзей. У мясцовых жыхароў-сведак пажару перад вачыма так і стаіць тая задымленая вёска ў попеле, з аднымі пячнымі трубамі. Па іх пасля людзі вызначалі свае двары і будавалі на тым месцы новыя дамы. З якой адданасцю людзі ажывілі вёску і як беражліва яны шануюць памяць колішніх суседзяў…
Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота аўтара.