Варварства прабачыць немагчыма!

У новым парку па вул. Механізатараў у Івацэвічах непрыкметна вызначае свае абрысы садова-паркавы дэкор: радуюць вока ў алеях маладыя дрэўцы, якія цягнуцца вершалінамі ўверх, лагодна ўюцца сцежкі, радуе вока новы дэкаратыўны масток, прымушае фантазіраваць скейт-пляцоўка… Якім ты будзеш, новы і загадкавы парк?

Адназначна, гэта будзе прыгожае месца, але тое, наколькі яно будзе прыгожым, залежыць не толькі ад будаўнікоў ці фінансавання, гэта таксама залежыць ад нас з вамі, шаноўныя жыхары Івацэвічаў.

Невядомы ці невядомыя зламалі папалам 12 дрэўцаў, якія высаджаны былі каля сцежкі, што бяжыць уздоўж агароджы стадыёна. Азеляненнем займаліся сотні нераўнадушных жыхароў Івацэвічаў, тут праводзіліся суботнікі. Упэўнены, кожны з хваляваннем і натхненнем праводзіў пасадку дрэўцаў, бо марыў-жадаў ведаць і знаць, як будуць зелянець ліпы і бярозы, у цені якіх будуць гуляць унукі-праўнукі.

І вось нейкі, прабачце, нягоднік зламаў дрэўцы. Магчыма, гэта здзейснілі гаспадары сабак, якія дазваляюць жывёлам гуляць «па асабістай праграме» і якія нанеслі гэтую шкоду. Няма слоў, каб выказаць абурэнне. І апускаюцца рукі. Бо некаторыя з нас просяць максімальнага ад дзяржавы, а не робяць мінімальнага, каб захаваць тое, што зроблена.

Шаноўныя грамадзяне Івацэвічаў, памятайце, што прыгажосць патрэбна не кіраўніцтву раёна, не камунальнікам, не прафліцэю сельгасвытворчасці, калектыў якога рэгулярна прыбірае тут тэрыторыю… Прыгажосць патрэбна кожнаму з нас. Памятайце, дрэвы могуць пражыць без чалавека, а вось чалавек не выжыве без кіслароду, які выпрацоўваюць дрэвы.
Задумайцеся!