Cупрацоўнікі Выганашчанскага заказніка разам з вучнямі Целяханскай СШ развесілі новыя домікі для птушак

Супрацоўнікі Выганашчанскага заказніка разам з вучнямі 10 класа Целяханскай сярэдняй школы развесілі новыя домікі для птушак на тэрыторыі экалагічнай трапы «Надліўская града». Штучныя гняздоўі для птушак заказніка на ўроках працы і падчас гуртка вырабляюць вучні разам з настаўнікам тэхнічнай працы Анатолем Ігнацьевічам Грэчным.

Неабходнасць для будаўніцтва штучных гняздоўяў узнікае таму, што совы, напрыклад, самі сабе не будуюць жыллё. Таму яны не так актыўна, як хацелася б, і размнажаюцца. Часам совы займаюць старыя гнёзды іншых птушак ці робяць сабе жыллё ў дупле. Таму і неабходна захоўваць старыя дрэвы, бо на маладым дрэве, у якога яшчэ толькі фарміруюцца галіны, птушкі не робяць гнёздаў.
У Выганашчанскім заказніку налічваецца 221 від птушак (з іх 184 – тых, якія робяць гнёзды ці, як мяркуецца, гняздзяцца на дадзенай тэрыторыі), 37 відаў гэтых птушак занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
– Трэба дапамагаць прыродзе: чалавек узяў ад прыроды шмат чаго, таму трэба ж і вяртаць даўгі, – лічыць дырэктар заказніка рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае» Сяргей Габец. – Штучныя гняздоўі для птушак – гэта таксама дапамога прыродзе ад чалавека.
Школы робяць домікі для птушак па тых памерах і макетах, якія даюць ім супрацоўнікі заказніка. Неабходна ведаць дакладна параметры, дыяметр адтуліны, які для кожнай птушкі свой. Нават самы просты сінічнік без ведання такіх памераў можа застацца без жыльца: сінічка выбірае сабе жыллё па памеры «дзвярэй» у ім – каб толькі яна сама магла туды пралезці. А сініцы, дарэчы, – лепшыя санітары садоў.
Яшчэ трэба ведаць месца, дзе ўсталяваць штучныя гняздоўі, каб птушка засялілася ў домік, пабудаваны менавіта для яе, і лес (хвойны ці ліставы), дзе распаўсюджаны менавіта той від птушкі. Без спецыяльных ведаў не абысціся, як і без наглядных чарцяжоў.
– Калі адтуліну зрабіць большую за патрэбны памер, у птушыны домік можа пралезці драпежнік. Птушка заселіцца ў штучнае гняздо, прывядзе патомства, а куніца, напрыклад, залезе і знішчыць птушанятак. Робім і для невялікіх жывёл штучныя домікі, такіх, як соні. Амаль усе віды сонь змешчаны ў Чырвонай кнізе, – дадае спецыяліст заказніка Аляксандр Іваноў.
Домікі патрэбны і для вадаплаўных птушак. Яны размяшчаюць свае гнёзды нізка, на зямлі, што дае магчымасць драпежніку з лёгкасцю высачыць такое гнездаванне з вышыні. А домікі для іх робяцца з накрыўкай, з так званым дахам.
Усталяваць штучныя гняздоўі на вышыні не так і проста. Патрэбна спецыяльнае прыстасаванне і спрыт, каб залезці па дрэве на неабходную вышыню.
Прыкладна 30 працэнтаў развешаных гняздоўяў засяляюцца птушкамі адразу, гаворыць Сяргей Габец, але паступова, недзе за год, пустых птушыных «кватэр» не застаецца.
Увесну заўсёды вяртанне птушак – падзея. Іх звонкія галасы напаўняюць лясы, палі і вадаёмы. Няхай усім ім будзе куды прылятаць і дзе гадаваць маленькіх птушанят!
Марыя Сазонава, фота аўтара
і з архіва заказніка.