50 год аддала медыцыне і людзям энергічны фельчар з в. Наліўкі Ніна Ананьеўна Макарэвіч

Ад Доўгага да Налівак, ад Налівак да Пагор’я, ад Пагор’я да Вуглоў – як свае пяць пальцаў ведае гэты маршрут фельчар Ніна Ананьеўна Макарэвіч, бо на сваім веласіпедзе ездзіць па ім ужо 45 гадоў. Увогуле ж сёлета будзе паўвека з той пары, як яна лечыць жыхароў нашага раёна, толькі першыя працоўныя гады прайшлі ў Соміне, у Сакоўцах, а сама фельчар – са Століншчыны. Жанчына даўно збіраецца сказаць «бывай» ФАПу ў в. Доўгае – працуе на пенсіі ажно 15 гадоў, ёй хутка 70, толькі ніхто не спяшаецца заняць яе месца ў вясковай глушы: сёння ў Доўгім, лічы, адны пенсіянеры.
Тое самае ў Пагор’і, у Вуглах. Толькі ў Наліўках яшчэ пачуеш дзіцячы смех, але на тры сотні жыхароў у чатырох вёсках няма і дваццаці дзяцей. Прыкладна столькі ж родаў у 70-я гады мінулага стагоддзя прыняла 19-гадовая Ніна ўсяго толькі за паўгода работы ў Соміне, куды прыехала па размеркаванні пасля Столінскага медвучылішча. Гэта значыць, тыя дзеці сёлета спраўляюць залатыя юбілеі. Як жа хутка, няўмольна бяжыць час…
Мы выбіраем, нас выбіраюць…
Медыцыну Ніна абрала выпадкова. Настолькі выпадкова, што, здаецца, гэта медыцына абрала яе. У сям’і – ніводнага ўрача. Цікавілася гуманітарнымі навукамі, гісторыяй, грамадазнаўствам, але паслухала бацькоў, паступіла ў медвучылішча і звыклася з думкай, што будзе доктарам. Так, доктарам, бо яна, выдатніца, мела намер паступаць у медуніверсітэт, атрымала накіраванне. Але павінна была спачатку адпрацаваць два гады, а толькі пасля вучыцца ў ВНУ – такі быў закон.
Толькі Ніна хутка выйшла замуж, і гэтая падзея зблытала ўсе карты. Парабіла спачатку на ФАПе ў Сакоўцах, а пасля ўслед за сваім першым мужам перабралася на Быценшчыну, куды яго накіравалі працаваць аграномам. Уладкавалася ў фельчарска-акушэрскі пункт у в. Доўгае. Было ўжо не да вучобы, у сям’і з’явіліся дзеці (усяго ў Ніны Ананьеўны іх трое: Анжаліка, Тац-
цяна, Рыгор, ёсць і ўнукі, і праўнучка). Пазней яе сям’я атрымала ад калгаса дом у в. Наліўкі, які пасля прыватызавала. Трымала гаспадарку – не надта вялікія былі зарплаты. Яшчэ шэсць гадоў назад Ніна Ананьеўна мела кароўку – збыла. Але, здаецца, не па прычыне таго, што ўжо не стае сілы. Фельчар – жанчына энергічная, адразу бачна, і да гэтай пары можа даць фору многім маладым.

Санітарка ФАПа Зоя Уладзіміраўна Наліўка, якая працуе з Нінай Ананьеўнай каля шасці гадоў, падкрэслівае: фельчар у Доўгім – жанчына актыўная, дасведчаная, жыццярадасная і добразычлівая, заўсёды гатова прыйсці на дапамогу. І прыходзіла неаднойчы і сярод дня, і сярод ночы.

«Такая работа – здарыцца можа ўсё што заўгодна»
Вядома, некалі жыццё ў чатырох вёсках на Быценшчыне кіпела, ФАПаў было два – у Доўгім і Вуглах. І фельчар не ведала, што такое спакой, тэлефон у яе хаце не змаўкаў. Але цікавы быў час, калі тэлефонаў было два на вёску, а то і ніводнага. Уявіце сабе – роды ў Соміне. Муж ляціць у суседні Горталь, каб выклікаць «хуткую». Пакуль яна прыедзе – жанчына ўжо нарадзіла. згадвае Ніна Ананьеўна выпадак, як з Соміна ў Горталь павяла цяжарную жанчыну пешшу – каб паспець да родаў перадаць яе брыгадзе «хуткай дапамогі». Шлях няблізкі – некалькі кіламетраў. І вось на палове шляху стала зразумела: прыйдзецца жанчыне нара-
дзіць прама ў лесе, і юнай Ніне было не па сабе, лаяла сябе – от жа, дадумалася завесці цяжарную ў лес. Але, на шчасце, у самы адказны момант падаспела «хуткая».
Субяседніца расказвае: у маладосці была смелая, рашучая. З гадамі стала больш асцярожная, разважлівая. «50 гадоў працую, а ўсё роўна дрыжу. Гэта ж жыццё чалавека – і яно ад цябе адной залежыць. А калі малады? Не дай Божа пойдзе з жыцця малады, гэта цяжка для ўсіх», – разважае фельчар, на вачах, якой, бывала, паміралі людзі – анкапацыенты, пажылыя… А выпадкі, калі перажываеш, начэй не спіш, здараюцца ў прафесіі пастаянна: «такая работа – што заўгодна можа здарыцца».
Вось у адну навагоднюю ноч – грукат у дзверы, жанчына на парозе: «Памажы, памірае ўнучка!» Ляціць Ніна на выклік, дзіцяці два гады – ацёк лёгкіх, наступства двухбаковага запалення, пена ідзе з рота. Ізноў трэба шукаць, адкуль выклікаць «хуткую», а яна ехала дзве гадзіны: «гэта ж пасівець можна!». Ратавала, як умела, як магла – дзіця выжыла.
А вось выпадак: 1979 год, фельчар гуляла ў той дзень на вяселлі. Была бойка сярод ночы, пацярпела 21-гадовая дзяўчына, упала з матацыкла. Да таго ж ёй у галаву ўсадзілі цвік ад штыкеціны. Фельчар на дзяжурнай машыне даставіла пацярпелую ў Быцень. З дзвюх гадзін ночы да раніцы рабілі дзяўчыне штучнае дыханне, качалі сэрца («ледзь рукі не адпалі»). Пад раніцу прыслалі брыгаду рэаніматолагаў, інтубіравалі яе, забралі ў Івацэвічы з пераломам зводу чэрапа. Напэўна, тыдзень яна яшчэ пажыла…
Да гэтай пары баіцца фельчар рабіць уколы прэпаратамі, новымі для пацыента. Бо некалькі разоў у жыцці бачыла, што такое анафілактычны шок. Асабліва запомніўся першы раз. На досвітку сваёй кар’еры рабіла ўкол ад арытміі шкляным яшчэ шпрыцам 60-гадоваму мужчыне. І пакуль мыла той шпрыц, мужчына пабляднеў, вочы закаціў – памірае! Кінулася фельчар рабіць усё, што ведала – і ўколы калоць, і масаж сэрца рабіць. Нехта выклікаў «хуткую», а яе ўсё няма і няма. Жанчыны ў хаце ўжо запалілі свечку… Ажно раптам глядзяць – твар у мужчыны паружавеў. Ажыў! І дажыў да 80 гадоў.
«Лёгкасці тут няма, але праца ўдзячная»
Няпроста было на ФАПе заўсёды, прызнаецца фельчар: «Помню, было такое: толькі прыйдзеш дахаты ўзімку, распаліш у печы, а ўжо па цябе прыйшлі, клічуць да хворага. Дык вадой дровы заліваеш – і ідзеш. А варочаешся ў халодную хату, распальваеш па-новаму». Цяпер быццам і народу менш, у асноўным пажылыя, але ж да іх трэба ўжо самой ісці, а не яны да цябе ідуць. Аб’ём рознай работы вялікі, асабліва работы папяровай. ФАП старэнькі, будаваўся ў 60-я гады, ацяпленне пячное. Праца, як і на любым ФАПе, – водпуск лекаў, працэдуры, агляды, прыём урачоў, флюараграфія… Па вёсках Ніна Ананьеўна ўсё жыццё ездзіць на веласіпедзе. Між тым, да Вуглоў – 6 км, і дарога абы-якая – як пральная дошка, калі не пройдзе грэйдар. Зараз людзі могуць «хуткую» выклікаць, калі ноч на дварэ, дык фельчару ўжо прасцей. Хоць бывае па-ўсякаму.
А якасці якія павінны быць уласцівы чалавеку, каб здолеў сёння быць фельчарам на сяле? Трэба быць гатовым ахвяраваць сваім часам, многае прыйдзецца рабіць не на сваю карысць, не на карысць сям’і – «лёгкасці тут няма», кажа фельчар. Затое праца ўдзячная: «Мне добра, калі людзям добра, ды і шкадую людзей, хоць яны і розныя бываюць». Яшчэ трэба быць гатовым вучыцца ўвесь час: кожныя пяць гадоў – курсы, кожны месяц – заняткі. Трэба ўмець не разгубіцца ў адказны момант. Бывае, прыходзіш – людзі крычаць, панікуюць, махаюць рукамі, а табе трэба трымацца і дзейнічаць рашуча. Вынослівасць патрэбна, смеласць – вось так.
Лёс
У вучылішчы Ніна была не толькі выдатніцай, але і актывісткай, сакратаром камсамольскай арганізацыі, выступала ў ансамблі. Даручылі ёй «падцягнуць» па вучобе больш слабых студэнтак. На размеркаванні ёй, як выдатніцы, дазволілі абраць першае месца работы, і Ніна выбрала Івацэвіцкі раён. А тыя дзяўчаты, якім ніяк не давалася вучоба, па іроніі лёсу засталіся жыць і працаваць у Століне. Лёсам жа Ніны стала вёска, куды прыехала і засталася …«пожизненно». Колькі ўсяго ў гэтым слове… Але Ніна Ананьеўна не шкадуе, што пайшла ў медыцыну – шкадуе, што не стала вучыцца далей.
З якой бы настальгіяй ні ўспаміналіся сёння кожным з нас гады юнацтва, калі, здаецца, і трава была зелянейшая, і вада смачнейшая, ёсць многа эпізодаў, якія ілюструюць: жылося не соладка. Так і Ніна Ананьеўна згадвае сваё дзяцінства, школу ў 15 км ад дому, дзе разам з братамі жылі зімой, і толькі на выхадныя вярталіся дахаты. Не было ўдосталь ні ежы, ні адзення. І бацькі казалі адно ў два галасы: хочаце жыць лепш за нас – вучыцеся. «Не скажу, каб я жыла лёгка, але ж ўсё роўна лягчэй, чым яны», – кажа Ніна Ананьеўна.
Ніхто з яе дзяцей не пайшоў у медыцыну – дочкі нават крыві баяліся. Але ж паехалі яны далей з роднай вёскі, і найхутчэй будуць жыць прасцей, чым маці. А сціплая Ніна Ананьеўна, хоць і гаворыць пра сябе, як пра малога чалавека, які аказаўся звязаным з малой вёскай, і справа яго – маленькая, на самай справе чалавек з вялікай літары, дзякуючы якому прадоўжылася, пачалося жыццё многіх і многіх людзей.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ,
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.