Кіберзлачынстваў паменшала, але расслабляцца рана

Падобна на тое, што нашы грамадзяне нарэшце прынялі да ведама інфармацыю, што рэквізіты банкаўскай плацежнай карткі – гэта той сакрэт, які ніхто не павінен ведаць. Акрамя гаспадара карткі, зразумела. Як вынік, у апошнія тыдні, сапраўды, стала менш злачынстваў, звязаных з падманам уладальнікаў картак.
Адно з апошніх падобных злачынстваў адбылося ў Амяльной. Мужчыне з гэтай вёскі патэлефанавалі «са службы бяспекі банка» і папярэдзілі, што назіраецца актыўнасць вакол яго рахунку. Маўляў, зламыснікі могуць зняць яго грошы, таму трэба хутчэй зайсці на сайт установы (як аказалася фішынгавы, падманны) і запоўніць там форму, упісаўшы рэквізіты карткі. Мужчына «купіўся» і застаўся без 350 рублёў. І хаця такіх злачынстваў становіцца менш, тым не меней, нагадаем асноўныя шляхі падману:

1. Тэлефанаванне ад «прадстаўнікоў банка».

2. Патрабаванне перадаплаты (падман прадаўца, калі зламыснік выступае ў ролі пакупніка).

3. «Дастаўка тавару» (падман пакупніка).

4. Выкарыстанне сацыяльных сетак (просьбы аб дапамозе).

У любым выпадку ні ў якім разе нельга паведамляць нікому, нават родным людзям, рэквізіты банкаўскай плацежнай карткі. А з незнаёмымі людзьмі, увогуле, лепш не падтрымліваць ніякіх зносін.
Праблемай з’яўляецца і тое, што нярэдка банкаўская плацежная картка «гуляе» па чужых руках, пасля гаспадары яе бягуць у міліцыю – прапалі грошы, маўляў. Штосьці падобнае адбылося ў Быцені, калі 24-гадовы малады чалавек аддаў картку свайму 37-гадоваму калегу па рабоце. Новы «ўласнік» карткі разлічваўся ў магазінах, як кажуць, налева і направа. Усё скончылася ўзбуджэннем крымінальнай справы.
Мікіта ДУДЗІК, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.