Унікальная мэбля XIX ст. экспануецца ў Палацы Пуслоўскіх

У новых экспазіцыйных залах Палаца Пуслоўскіх выстаўлена прыватная калекцыя мэблі і прадметаў інтэр’ера XIX ст. мінчаніна Мікалая Сячко. Экспанаты не маюць непасрэднага дачынення да роду Пуслоўскіх, але ілюструюць эпоху, дапамагаюць стварыць унікальныя інтэр’еры. Убачыць іх можа кожны жадаючы, і паверце: веліч і прыгажосць рарытэтнай мэблі, у тым ліку ручной работы, не пакіне вас раўнадушнымі.


Мікалай Мікалаевіч захапляецца калекцыяніраваннем ужо паўвека, пачынаў з марак, абгортак ад цукерак… Сваю калекцыю мэблі збіраў амаль 30 гадоў – у ёй сотні прадметаў з Мінска, Віцебска, Гродна і іншых беларускіх гарадоў, ёсць «трафеі» з Ленінграда. Асобныя рэчы рэстаўрыраваліся. Цана экспанатаў – ад 100$ да 18$ тысяч!
Як расказала адміністратар палаца-паркавага комплексу Паліна Сауціна, выстаўку ўжо паглядзелі больш за 1000 наведвальнікаў. У экспазіцыі – унікальныя рэчы, якія маюць каштоўнасць з-за свайго ўзросту і культурнага значэння. Экспазіцыя падабаецца, наведвальнікі з задавальненнем робяць фотаздымкі ў графскіх пакоях, з цяжкасцю ўяўляючы, што зусім нядаўна тут былі «графскія разваліны».


Калекцыя, якая, дарэчы, прадстаўлена палацу для экспанавання бясплатна, дастаткова вялікая, і пры ўсім жаданні не атрымалася б паказаць яе ўсю за адзін раз. Таму выстаўка ўвесь час мяняецца, дапаўняецца, адны экспанаты пакідаюць сцены палаца, другія – «засяляюцца» на пэўны час. Але ёсць падставы меркаваць, што некаторыя прадметы застануцца ў замку назаўсёды і стануць яго ўпрыгожаннем, бо будуць выкуплены – ёсць такі намер у адміністрацыі палаца.
Убачыць выстаўку мэблі і прадметаў інтэр’ера XIX ст. можна і ў будныя, і ў выхадныя дні (акрамя панядзелка і аўторка), з 10.00 да 17.30, кошт білета – 3 рублі (2 рублі для школьнікаў).
Між тым, рэстаўрацыя палаца працягваецца, хутка будзе дароблены знутры цэнтральны ўваход, праз які можна будзе патрапіць у рэстаран і гатэль (пакуль уваход магчымы толькі з тыльнага боку замка). Неўзабаве чакаецца адкрыццё трэцяй бальнай залы, пра якую мы напішам асобна.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.