Троіцкі касцёл у Косаве: храм, які жыве, дзякуючы людзям і іх веры

Ідэя напісаць пра Касцёл Святой Троіцы, помнік неагатычнага стылю, з’явілася даўно і дзякуючы выпадку. Аднойчы я пачула пра цудадзейны абраз, што ёсць тут. Стала цікава. Таму, калі ў госці прыехалі сябры-каталікі, па дарозе з Косаўскага замка мы не прамінулі касцёл. Храм быў адчынены, на парозе нас ветліва сустрэла парафіянка Ганна. Простым турыстам жанчына прысвяціла цэлую гадзіну, правяла экскурсію, расказала цікавыя факты, паказала ўсе патаемныя «куточкі» храма, дазволіла нам дакрануцца да гісторыі…

Яшчэ доўга мы з сябрамі дзяліліся ўражаннямі і зрабілі выснову – храм жывы і такі прыгожы, дагледжаны таму, што яму шанцуе на людзей – гаспадарлівых ксяндзоў і на парафіян – сапраўдных вернікаў. Усе яны не аднойчы адстойвалі храм і ратавалі яго ад знішчэння і закрыцця, беражліва захоўвалі старыя абразы і арган. Дзякуючы адчайным людзям, сёння і мы з вамі можам наведаць той касцёл. Так, для нашых чытачоў паўторым экскурсію па храме з вялікай гісторыяй разам з той жа Ганнай Бабей…

Артэфакты храма
Ганна сустракае нас на парозе і адчыняе бакавыя дзверы касцёла каванымі ключамі. Вось і першы экспанат! Вялізнымі ключамі, даўжынёй, можа, больш за 20 см, карыстаюцца няспынна некалькі стагоддзяў. А яны выглядаюць як новыя і зараз. Будынак храма стары, аднак дагледжаны, адчуваецца пэўная велічнасць, высокія столі, стральчатыя вокны з вітражамі, алтар і над ім вялізны абраз Маці Божай Ласкавай…

Частку ўцалелага алтара паказвае Г. Бабей.

– Над самым алтаром – надпіс на латыні, ён перакладаецца як «Маці Божая, маліся за нас», – расказвае Ганна Бабей. – А над алтаром той самы абраз Маці Божай Ласкавай. Яе храму падарыў гетман Леў Сапега аж у 1626! А гэта значыць, што абраз перажыў той самы вялікі пажар, калі касцёл быў грудай попелу. Можа, з гэтага і пачынаюцца цуды вакол гэтага абраза. Ён лічыцца цуда-
дзейным, дапамагае хворым і сямейным парам у пошуку дзяцей. Да нас едуць людзі з усёй краіны і нават з-за мяжы, кожны за сваім цудам. А горад поўніцца гісторыямі пра цуды, створаныя абразом. І мы ў гэта верым, і дзякуем у сваіх малітвах. Абраз з тых часоў толькі аднойчы рэстаўрыравалі, чысцілі срэбраныя карону і плашч.

Абраз Маці Божай Ласкавай

Далей, Ганна вядзе нас да купелі, у якой хрысцілі Тадэвуша Касцюшку. Простая каменная купель таксама перажыла пажар, пасля яе чысцілі, і жыць ёй яшчэ доўга. Тут жа наш экскурсавод расказала, як зноў жа цудам з агню выратавалі кнігу з запісам аб хрышчэнні будучага паўстанца. Зараз метрычная кніга знаходзіцца ў Варшаўскім Нацыянальным музеі, нам перададзеная копія з запісам. У касцёле ёсць яшчэ адна каменная купель з часоў Касцюшкі. Ёсць і сучасная, драўляная. У ёй хрысцяць дзяцей і зараз. У мінулым годзе было толькі адно хрышчэнне, звычайна іх больш. У час пандэміі адмяніліся і некалькі вянчанняў у Косаве. Да гэтага сакраманту абавязкова ўбіраюць касцёл па-святочнаму…

Купель, у якой хрысцілі Тадэвуша Касцюшку.

Яшчэ адна гордасць косаўскіх каталікоў – арган. Мы падымаемся на другі паверх, па крутой драўлянай лесвіцы ручной работы, яна датуецца 1897 годам. Здаецца, тут любая рэч з гісторыяй і можа быць цэнным экспанатам у музеі. Арган XIX стагоддзя – гэта падарунак Вандаліна Пуслоўскага. Інструмент амаль не змаўкаў у касцёле, гучанне аргана дадавала службам асаблівую святочнасць. Тры гады таму тут перасталі іграць. У гэтым інструменце ёсць металічныя і драўляныя трубкі, дык вось дрэва месцамі спарахнела, паветра са спецыяльных мяхоў не паступае ў трубы, і гуку няма.
– Хто толькі не практыкаваўся фізічна на гэтым аргане, я і сама не аднойчы нагамі качала паветра мяхамі, – расказвае Ганна Бабей. – Рамонт інструмента на сёння – галоўная задача. Не так лёгка знайсці рамонтніка для аргана, у мінулым годзе да нас прыязджаў польскі майстар. Правёў дыягностыку, але зараз няма магчымасці прыехаць, спадзяёмся, пасля пандэміі пачнуцца работы. Пакуль жа мы збіраем неабходныя сем тысяч еўра на рамонт. Наш маленькі прыход здольны і на гэтае цуда.
Пакуль жа мясцовы хор спявае пад калонкі. Побач з такім самабытным інструментам стаяць сучасны камп’ютар, калонкі і мікрафоны. Тут ёсць усё, каб службы праходзілі прыгожа, каб з любой кропкі касцёла была чутная служба і песнапенні.
Цэлую выстаўку знаходак з мінулых стагоддзяў дастала для нас з мясцовага склепа Ганна. Частка алтара ад драўлянага касцёла, сведка пажараў, каваная падстаўка для крыжа, металічнае прыстасаванне для захавання святой вады з кранікам, падсвечнікі, спецыяльны каўпачок для гашэння свечак, – цяжка нават палічыць узрост гэтых рэчаў. Звяртаем увагу на даволі знаёмае прыстасаванне, яно вельмі падобнае на матуліны формы для выпякання пячэння, арэшкаў.
Аказалася, па тым жа прынцыпе зробленая форма для выпякання аплатак (спецыяльныя хлябцы – сімвал прымірэння і любові для каталікоў). Яшчэ ў XX стагоддзі сам ксёндз рабіў цеста і выпякаў аплаткі, якімі пасля прычашчаліся парафіяне. Падумалася, як сімвалічна, сам ксёндз гатуе хлябцы для людзей…

З гісторыі касцёла
Пра Косаўскі Касцёл Святой Троіцы не так многа інфармацыі ў агульнадаступнай літаратуры.
Ёсць сведкі, што ў жніўні 1520 года Троіцкі ваявода Ежы, сын Грыгорыя, заснаваў у Косаве касцёл. Першым рэктарам касцёла стаў Якуб дэ Градзічэ. У час рэфармацыі касцёл выконваў ролю кальвінісцкай абшчыны. Пасля рэфармацыі ў 1554 годзе чарговы ўладальнік маёмасці Леў Сапега, Вялікі гетман ВКЛ, перадаў касцёлу абраз Міласцівай Маці Божай, якая і зараз знахо-
дзіцца на галоўным алтары, і ўнікальную купель па кракаўскім узоры.
12 лютага 1746 года ў Косаўскім касцёле хрысцілі Тадэвуша Касцюшку. Метрычная кніга з запісам аб хрышчэнні была перада-
дзена ў Нацыянальны музей у Варшаве. Касцёл перажыў два пажары, і калі першы толькі часткова пашко-
дзіў будынак, то другі вялікі пажар цалкам знішчыў касцёл у 1872 годзе. А ўжо ў 1877-м на тым жа месцы быў пабудаваны той самы касцёл, пра які сёння ідзе гаворка. Ёсць звесткі, што руку да аднаўлення храма прыклалі самі гараджане і ўладальнік Марачоўшчыны, Вандалін Пуслоўскі. Яшчэ праз год над будынкам устанавілі звон, які і сёння па серадах і нядзелях кліча на імшу парафіян…
Зараз у касцельным камітэце шчыруюць настаяцель храма, ксёндз Адам Страчынскі, старшыня камітэта – Ірына Семянюк, дапамагаюць наглядаць за касцёлам Вольга Кот, а яшчэ Ганна Бабей.

Малітва ў касцёле гучала заўсёды…
Бабуля Вікторыя – так ласкава і з пяшчотай называў адну з найстарэйшых парафіянак Вікторыю Іосіфаўну Савосціну ксёндз Адам. Зараз 90-гадовая бабуля зімуе ў Мінску ў сына, але ўжо чакае цяпла, каб вярнуцца ў Косава і пабачыць свой касцёл.
Ужо некалькі гадоў Вікторыя Іосіфаўна не ходзіць на службы, ужо не дазваляе здароўе, але яе штомесяц наведвае ксёндз Адам. Вікторыя Савосціна нарадзілася і вырасла ў Косаве, усё жыццё працавала ў мясцовай школе настаўніцай матэматыкі. А яшчэ на яе ліку сотні экскурсій па касцёле…
– Я нарадзілася ў веруючай сям’і, і мая маці Тэафілія Дуткевіч была ў ліку тых людзей, якія ў свой час выратавалі касцёл ад закрыцця, – расказвае жанчына. – Лічу, гэта цуд. Толькі падумайце, з 1968 па 1989 пасля смерці ксяндза Ізыдора Борыса касцёл жыў без гаспадара. Які гэта быў подзвіг – з прыходам у некалькі дзясяткаў людзей збіраць грошы на вялізныя падаткі і даглядаць пры гэтым сам храм. Мая маці была галоўным касірам, і я памятаю, як яна збірала дробныя медныя грошы ў насоўку. Аднойчы, яна папрасіла мяне памяняць капейкі на большыя купюры. Я памяняла і, мабыць, аблічылася на рубель. Маці тады сказала, як адрэзала: «Ні ў якім разе ні адна капейка не павінна згубіцца, то людскія грошы!» Я і сёння пра той рубель успамінаю. У любыя часы тут была малітва, у нядзелю і ў вялікія святы людзі прыходзілі ў касцёл і маліліся, слухалі служэнне па радыё. Сярод такіх выратавальніц касцёла былі яшчэ Марыя Туркіневіч, Ганна Валчэцкая, Ксаверына Краўцэвіч, Юлія Краўцэвіч і Ганна Дылько. Можа, каго я і забыла. Матулі не стала ў 1991 годзе, а я з той пары працягнула яе справу і, чым магла, дапамагала касцёлу. Лічыла сваім доўгам перадаваць гісторыю касцёла турыстам падчас экскурсій, абавязкова расказвала пра наш цудадзейны абраз Маці Божай Ласкавай. Ведаю, што такіх каранаваных абразоў у краіне няшмат, і адзін з іх у нашым Косаве. А я яшчэ нават грала на нашым аргане. Я самавук. Жанчыны-парафіянкі вельмі ж прасілі даць некалькі акордаў на незвычайным інструменце. Рэлігійныя песні лёгкія, я хутка вывучыла іх. Але пасля такой ігры я ўставала з мокрай спінай. А якое гучанне ў аргана… Можа, дажыву і пачую яго пасля рамонту зноў…

Дзякую людзям
Ксёндз Адам быў прызначаны настаяцелем у нашым раёне ў 2015 годзе. І калі ён упершыню наведаў Косаўскі касцёл, то прыемна здзівіўся яго станам і таму, якія каштоўныя рэчы ў ім захоўваюцца.
– Тут заўсёды быў парадак, нягледзячы на тое, што ў прыходзе і зараз набярэцца не больш за сотню чалавек. Гэта з улікам парафіян з суседніх Мілеек і Бялавічаў. Усе вернікі добра ведаюць адзін аднаго, ёсць паміж імі асаблівае адзінства і вырашаць пытанні тут проста. За гэта я вельмі дзякую ў тым ліку і касцельнаму камітэту. Ёсць у Косаве мае юныя памочнікі на службах, містранты. Яшчэ ў касцёле вядзецца падрыхтоўка дзяцей да прыняцця святога сакраманту – першай споведзі. Тут я прымераў на сябе і ролю выкладчыка. Пасля ўсіх заняткаў дзеці здаюць экзамен і ідуць да першай споведзі. У мінулым годзе школу наведваў цэлы клас дзяцей. Гэтаму я вельмі рады. Сучаснай моладзі не хапае пэўнай рэўнасці да свайго веравызнання. Вось, напрыклад, школьнікі з бацькамі наведваюць касцёл кожны тыдзень. А пасля, ужо студэнтамі, яны часта губляюцца ў новым горадзе. Не знаходзяць там свайго храма. А я ўспамінаю, як усе дзеці маёй вялікай сям’і ў любое надвор’е ішлі пешшу сем кіламетраў да касцёла. А калі па якой аб’ектыўнай прычыне я прапускаў імшу, то і дзень быў ужо не той. Я працую з дзецьмі і з моладдзю ў гэтым напрамку. Яшчэ мяне прыемна здзіўляе момант, што парафіяне не шукаюць прычын не прыйсці ў касцёл нават у мінус 20. У нашым касцёле няма ацяплення, тут прахалодна нават летам. Яшчэ да мяне ксёндз раіўся з будаўнікамі, грэць касцёл не рэкамендавалі. Бо паўтарамятровыя сцены набраліся за гады вільгаці, калі зараз пачаць паліць, то сцены патрэскаюцца. Мы не рызыкуем. Гэтая зіма была марознай, але людзі, маладыя і сталыя, адзяваліся цяплей і ішлі на службы. А такіх каранаваных цудатворных абразоў, як наш абраз Маці Божай Ласкавай, няшмат. Вядома, што абразы карануюцца за створаныя цуды. І гэта шчасце – мець магчымасць памаліцца перад такім абразам.

«Храму шанцуе на людзей», – лічыць ксёндз Адам.

…Я пачынала з таго, які дагледжаны храм унутры і звонку, а тэрыторыя вакол касцёла немалая. Некалькі гадоў таму ўмацоўвалі бэльку, на якой вісіць звон, ён і зараз звініць за паўгадзіны да кожнай службы. У 2019 годзе будынак бялілі звонку. На сёння добра было б уцяпліць вокны. Касцёлу зараз не хапае мужчынскіх рук…
А мне ўжо на парозе касцёла падумалася: і ў 70-я, і зараз знайшліся людзі, гатовыя аддаваць свайму храму і ўдыхаць у яго тое самае жыццё. А ксёндз Адам у размове размежаваў паняцці касцёла як будынка і як абшчыны веруючых людзей. Ён сказаў, што ў Косаве як раз той самы Касцёл з вялікай літары, які аб’ядноўвае ў абшчыну сапраўдных вернікаў. Няхай так будзе і надалей.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).