Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі прайшоў у Івацэвіцкай дзіцячай бібліятэцы

Кніга – гэта бясцэнная крыніца мудрасці і ведаў, сябар, з якім можна здзейсніць якія заўгодна падарожжы: палюбавацца дзівосным жывёльным і раслінным светам на дне акіяна, пабываць на ненаселеным востраве, паляцець да далёкіх нязведаных зор. А Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі – свята для тых, хто чытае, свята радасці ад сустрэчы з любімымі кнігамі і часопісамі.
Урачыстае адкрыццё Тыдня пад назвай «Пачытаем, пагуляем, адпачнём, час з карысцю правядзём» адбылося 19 сакавіка ў абноўленай пасля рамонту чытальнай зале Івацэвіцкай дзіцячай бібліятэкі. У пачатку мерапрыемства дзецям была прадстаўлена прэзентацыя «Мая малая радзіма», якая ўяўляла сабой завочную выстаўку дзіцячых малюнкаў-краявідаў – з усяго раёна.
Падчас мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі вершы пра кнігі і бібліятэкі, спявалі песні, малявалі вокладкі сваіх любімых часопісаў і прэзентавалі іх, а таксама з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах і віктарынах.
Кожны дзень Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі, які выпадае якраз на вясеннія канікулы, мае сваю тэму. У экалагічны аўторак можна было адправіцца ў кругасветку і экападарожжа па Чырвонай кнізе, а ў патрыятычную сераду прайшоў конкурс чытальнікаў. На чацвер выпаў дзень казкі з літаратурным падарожжам, а на пятніцу – дзень здароўя і турнір знаўцаў. Бібліятэкары Л. Ф. Грынчык, Г. У. Гарэлік, С. У. Лішко імкнуліся разнастаіць і зрабіць цікавым кожны дзень для маленькіх і не толькі наведвальнікаў.
Акрамя абноўленай чытальнай залы, у Івацэвіцкай дзіцячай бібліятэцы з’явіўся і гульнявы пакой з прыгожым дываном і крэсламі-мяшкамі, у якіх так утульна застацца сам-насам з любімай кнігай не адну гадзіну. Асаблівым попытам карыстаецца гульнявы пакой у пятніцу і выхадныя, пацвярджае бібліятэкар чытальнай залы Зоя Аляксандраўна Бойка. Сярод любімых аўтараў у маленькіх чытачоў М. Носаў, В. Драгунскі, С. Маршак, У. Ягоўдзік, І. Муравейка, а ў чытачоў-падлеткаў – У. Караткевіч, В. Гапееў, Холі Вэб…
Кіраўніцтва Івацэвіцкай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы выказвае словы ўдзячнасці будаўнічай арганізацыі «Ідэя-
Буд» (і асабіста Таццяне Альховік) за якасны і творчы падыход да сваёй работы падчас рамонту чытальнай залы. Ды яшчэ і падарунак зрабілі – новы дыванок у гульнявы пакой.
Так чынам, дапытлівымі маленькімі наведвальнікамі з задавальненнем будуць чытацца кнігі і часопісы не толькі за сталом прыгожай і абноўленай чытальнай залы, але і ў па-дамашняму ўтульным гульнявым пакоі. Чытайце ў асалоду!

Марыя Сазонава, фота аўтара.