Чарговыя перамогі выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах «Бім-Бом» ДУДАДзіМ «Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы»

Гран-пры на ІІ Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці «Маленькая зорачка» ўзнагароджана Анжаліка Шчоркіна, выхаванка Аляксандра Мельянчука, кіраўніка вакальнага аб’яднання па інтарэсах «Бім-Бом» ДУДАДзіМ «Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы». Яшчэ дзве зорачкі аб’яднання «Бім-Бом» Віялета Блоцкая і Нэлі Італьянцава з гэтага конкурсу вярнуліся з Дыпломамі першай ступені.

Конкурс праводзіўся 27-28 сакавіка ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці.
Удзельнікі з іншых краін у сувязі з каранавірусам выступалі ў анлайн-фармаце, а юныя спевакі з гарадоў Беларусі, іх было за 120, – «ужывую». Фестываль ладзіцца з мэтай ранняга выяўлення адораных дзяцей і падтрымкі творчага развіцця дзіцячых калектываў. Летась таленавітыя выхаванцы Аляксандра Мельянчука таксама выступілі цудоўна і прывезлі з «Маленькай зорачкі» чатыры дыпломы розных ступеняў, а сёлета ў ліку ўзнагарод – найвышэйшая. Гран-пры ў скарбонцы Івацэвіцкага ЦДТ упершыню.
Талент дзяцей ацэньваўся ў чатырох намінацыях, сярод якіх вакальна-харавое выкананне песень, танцавальнае, інструментальнае і тэатральнае мастацтва і ў трох узроставых групах. Выхаванкі Аляксандра Мельянчука выступалі ў намінацыі вакальная творчасць – сола: Анжаліка Шчоркіна ў старшай узроставай групе, Віялета Блоцкая ва ўзроставай катэгорыі 7-9 гадоў, Нэлі Італьянцава сярод канкурсантаў 10-11 гадоў.
У Анжалікі Шчоркінай гэта не першая ўзнагарода ў конкурсах дзіцячай творчасці. Над вакалам дзяўчынкі працуе Аляксандр Іванавіч, а адпрацаваць рэжысуру нумароў дапамагае педагог дадатковай адукацыі Ала Мельянчук.
– Гэта ўжо мой трэці конкурс, хвалявалася, прызнаюся, але толькі крышачку, – сціпла кажа Анжаліка. – У Аляксандра Іванавіча займацца мне падабаецца, ён спакойна тлумачыць, дзе якая нота няправільная і ўмее падабраць песню пад характар кожнага з нас. Я не магла не палюбіць песню «Рэчанька», пэўна, таму і стала пераможцам конкурсу. Вучуся ў 6 класе СШ №1 г. Івацэвічы, усе прадметы падабаюцца. Часта мы выступаем з бім-бомаўцамі на многіх гарадскіх і раённых мера-
прыемствах, сябруем. Яшчэ я займаюся тэатрам ігры і хаджу на танцы хіп-хоп – усё творчае мне падабаецца.

Аляксандр Мельянчук,
педагог дадатковай адукацыі:
– Выступленне нашай Анжалікі было цудоўным. Яна займаецца ў мяне пяць гадоў, на конкурсе спявала народную песню «Рэчанька» ў стылі хард-рок, толькі ёй адной за бліскучае выкананне журы крычала «брава». Я зразумеў, што ў нас перамога, але баяўся забягаць наперад. Так і выйшла – Анжаліка была лепшай. Яшчэ дзве
ўдзельніцы аб’яднання Нэлі і Віялета ўдзельнічалі ў конкурсе такога маштабу ўпершыню і таксама выступілі дастойна – Дыпломы І ступені. Я рады за дзяўчынак, у іх ёсць патэнцыял. Моцныя па вакале ў нашым аб’яднанні Карына і Лера Басалай, Злата Лук’яновіч, Надзея Жук, ды і ўсе астатнія з задавальненнем хо-
дзяць у наш «Бім-Бом». З многімі, хто калісь займаўся ў мяне, мы маем зносіны на працягу дзясяткаў гадоў. Песня ім дапамагае ў жыцці, і для мяне, як педагога, гэта каштоўна.

Нэлі Італьянцава,
Дыплом І ступені:
– Я вучуся ў СШ №1 г. Івацэвічы. Цэнтр дзіцячай творчасці – побач. На заняткі па вакале да Аляксандра Іванавіча я хаджу нядаўна, і «Маленькая зорачка» – гэта мой першы конкурс. Я спявала песню «Рашаеш толькі ты». Крыху хвалявалася перад выступленнем, баялася падвесці Аляксандра Іванавіча, але выйшла на сцэну і адразу ўвайшла ў свой вобраз, пра ўсё забылася. Спяваць я люблю, і мая мама мае добры голас. Яна таксама мне падказвае, а Ала Мікалаеўна вучыць прыгожа рухацца на сцэне.

Віялета Блоцкая,
Дыплом І ступені:
– Хаджу я ў 2 клас у СШ №3 г. Івацэвічы, а да Аляксандра Іванавіча на заняткі мяне прывозіць прыёмная мама Галіна Дзмітрыеўна Гаўрылік. Каб добра падрыхтавацца, я яшчэ і дома рэпеціравала па вечарах. У Брэст мама таксама ездзіла са мной і прычоску там мне рабіла для маёй песні. Мне вельмі спадабалася на конкурсе, калі мы ехалі дадому, я маме казала, што хачу зноў выступаць на такой вялікай сцэне. Яшчэ я хаджу на танцы хіп-хоп, і ў красавіку мы паедзем на танцавальны конкурс.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.