«Гарэзяць» нецвярозыя вадзіцелі

Павышэнне памераў штрафаў не паўплывала на вадзіцеляў, якія па-ранейшаму дазваляюць сабе садзіцца за руль у стане алкагольнага ап’янення.
На мінулым тыдні ў нашым раёне працавалі экіпажы ДАІ з Пінскага, Пружанскага, Баранавіцкага раёнаў. У вёсцы Рудня быў затрыманы вадзіцель 1939 года нараджэння, у крыві якога выяўлена 0,6 праміле алкаголю. Сумна, што ў такім вельмі шаноўным узросце, на дзявятым дзясятку жыцця, чалавек у п’яным стане сядае за руль, а зараз будзе пазбаўлены гэтага права на тры гады і заплаціць штраф – 100 базавых велічынь.
Нецвярозыя вадзіцелі былі затрыманы ў суботу і ў нядзелю, прычым апошні быў спынены ў райцэнтры якраз насупраць будынка РАУС (на вул. Клютко). У крыві яго – 1,6 праміле, штраф у дадзеным выпадку – 200 б. в. (5 800 рублёў)… У Івацэвічах працуе служба таксі, цэны – невысокія. Што замінае выклікаць таксі, каб не садзіцца за руль у п’яным стане?
…«Вызначыўся» і нецвярозы вадзіцель з Івацэвічаў, які на аўтапразаўцы каля п. Сасновы Бор сутыкнуўся з другім легкавіком, але не спыніўся і па сустрэчнай паласе паімчаў у бок Івацэвічаў, чым справакаваў яшчэ адно ДТЗ, у выніку якога «Опель» з жанчынай за рулём апынуўся ў кювеце і перакуліўся. У выніку гэтых здарэнняў ніхто не пацярпеў, а нецвярозага вадзіцеля чакаюць штрафы і санкцыі.
Васіль ЖУР,
начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.