Другое жыццё Амяльнянскага парка

Гэты парк у цэнтры Амяльной радаваў вока вяскоўцаў у далёкія ўжо савецкія часы. Тут часта збіраліся людзі, «тусавалася» моладзь, прызначалі спатканні – колькі цёплых і пяшчотных слоў чулі дрэвы гэтага парка!

Так тут было
А так стала. За работай – Міхаіл Каверчык.

Але паступова ён стаў прыходзіць у заняпад. Не раз адзначалася: месца, якое не мае гаспадара, паступова ператвараецца ў звалку. Так і тут: бытавое смецце прырастала, а калі некалькі гадоў у тутэйшых мясцінах пранёсся ўраган, які паваліў нямала дрэў, то ў гэты бок ужо і глядзець не хацелася.
Новы старшыня сельвыканкама Валянціна Гарошка два гады назад прыняла рашэнне – вярнуць парку яго тагачасную славу. Яе зварот да вясковай інтэлігенцыі, да работнікаў мясцовай школы, дзіцячага садка, Дома культуры, да ўсіх жыхароў Амяльной не застаўся па-за ўвагай – і работа закіпела. Старшыня Гарошка асабліва адзначае сямейныя пары Роікаў, Каверчыкаў, Сліжаў, а таксама Алену Шаўчук, Вольгу Кабанаву, Міхаіла Каверчыка.
На апошняй асобе – Міхаіла Каверчыка – старшыня спынілася асобна. Міхаіл адносіцца да асоб, хто, мякка кажучы, не змог знайсці сябе ў жыцці, як кажуць, асацыяльны. Ён з іншымі мужчынамі «падцягнуўся» да гэтых работ, але, як адзначае Валянціна Гарошка, прадэманстраваў ініцыятыўнасць і таленты, пра якія ніхто з вяскоўцаў і не здагадваўся:
– Міхаіл адразу запатрабаваў: гэтыя «крывулі» – няроўныя дрэвы, што ляжалі на зямлі і якія мы хацелі вывезці і спаліць – не чапаць! Яны стануць элементамі дэкору – і такімі, якія парадуюць вока. Не стандартныя лаўкі, а арэлі і лавачкі з апорамі, падлакотнікамі, спінкамі як быццам з няякаснай, няўдалай драўніны, але паглядзіце, як яны «зайгралі». Мы не чакалі, што наш Міхаіл – яшчэ і цудоўны ландшафтны дызайнер, і майстар на ўсе рукі. Аказваецца, звычайная бензапіла ва ўмелых руках можа тварыць цуды. Вось табе і асацыяльны мужчына!..
Сёння парк у Амяльной, у бок якога раней не хацелася і глядзець, – любімае месца адпачынку дарослых і дзяцей. Па словах Валянціны Гарошкі, работы тут працягнуцца, самае галоўнае, каб разумелі людзі, што прыгажосць важна захаваць, берагчы…

 

Аляксандр ГОРБАЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА
і з архіва
Амяльнянскага сельвыканкама.