Тэрыторыя каля дзіцячага садка «Каласок» будзе добраўпарадкавана

У райвыканкам у бягучым годзе звярталіся жыхары Івацэвічаў, якія цікавіліся наконт таго, калі будзе добраўпарадкавана тэрыторыя каля дзіцячага садка «Каласок» (вул. Чарткова, непадалёку ад цырульні «Маладосць»). Пасля дажджоў на пляцоўцы насупраць садка ўтвараюцца лужы. Дарослыя і дзеці цярпяць нязручнасці.
На гэты зварот магу паведаміць наступнае: у бягучым годзе на тэрыторыі каля «Маладосці» запланавана будаўніцтва новага шматпавярховага 40-кватэрнага жылога дома. Адпаведна, у гэтую частку Івацэвічаў прыйдзе добраўпарадкаванне, будзе даведзена да ладу тэрыторыя – у тым ліку каля дзіцячага садка. Як плануецца, у наступным годзе будзе ўведзены ў эксплуатацыю дом і будзе добраўпарадкавана тэрыторыя вакол яго і насупраць «Каласка».
Як паведамляе «ІВ» Кацярына Шэлест, загадчыца дзіцячага садка «Каласок», дарогу да дзіцячага садка рэгулярна чысцяць камунальнікі, да якіх звяртаецца кіраўніцтва ўстановы з падобнай просьбай (у добрым пад’ездзе да садка зацікаўлены не толькі бацькі, якія прывозяць сюды дзяцей, але і работнікі ўстановы). Стан дарогі стаў лепшым. Акрамя таго, была прывезена спецыяльная падсыпка, і зараз нават пасля моцных дажджоў каля ўвахода ў садок – суха. Ад веснічак да ўваходу ў памяшканне пакладзена плітка. Па словах Кацярыны Шэлест, праблема не стаіць востра, а пасля будаўніцтва новай шматпавярхоўкі яна будзе вырашана канчаткова.

Андрэй РЭГЕС, намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама.