Болей за 7 тон мёду нарыхтавалі ў 2020 годзе і амаль ужо рэалізавалі лесаводы Івацэвіцкага і Целяханскага лясгасаў

Але планы на новы «пчаліны сезон» яшчэ больш сур’ёзныя. Так, як паведамілі ў ДЛГУ «Целяханскі лясгас», у 2020 годзе ад кожнай пчоласям’і – а іх 250 у Вулькаўскім, Руднянскім, Лагішынскім лясніцтвах – было атрымана 13,5 кг мёду, а на 2021 год пастаўлена задача атрымаць каля 20 кг.
Хаця нарыхтоўка мёду не заўсёды прадказальная справа, звяртае ўвагу дырэктар Целяханскага лясгаса Юрый Лінкевіч. Здараюцца засушлівыя леты, дый хваробы атакуюць гэтых карысных меданосных істот. Затое якасць мёду, атрыманага з ляснога разнатраўя, высокая, падкрэслівае ён. Нездарма яго ахвотна набываюць работнікі лясгаса – і для сябе, і для родзічаў.
Болей за 4 тоны мёду таксама з ляснога разнатраўя нарыхтавалі ў мінулым годзе івацэвіцкія лесаводы. Салодкую прадукцыю – каля 20 кг ад пчоласям’і – атрымлівалі ў Даманаўскім, Жытлінскім і Спораўскім лясніцтвах; яна таксама ахвотна набываецца работнікамі лясгасаў па невысокай цане, мядовыя наборы ўручаліся і пенсіянерам прадпрыемства; нават матэрыяльная дапамога гэтым прадуктам аказвалася. Жадаючыя набыць карысны для здароўя мёд і праполіс могуць звярнуцца ў Івацэвіцкі лясгас, хаця, па словах кіраўніцтва ўстановы, прадукцыя пчалавод-
ства ўжо амаль поўнасцю рэалізавана.

Аляксандр ГОРБАЧ.