Жыхар г. Івацэвічы прадаў аўтамабіль, які быў канфіскаваны і знаходзіўся пад арыштам

У 25-гадовага жыхара Івацэвічаў Рамана С. (імёны тут і далей несапраўдныя) не склаліся адносіны з Законам – пакараны судом на 1,5 года абмежавання волі (так званая хімія) за крадзеж маёмасці. Акрамя асноўнага пакарання, яшчэ канфіскавалі аўтамабіль – як сродак, набыты злачынным шляхам. Гэты малады чалавек застаўся без работы, без грошай, і трэба было самастойна накіроўвацца ў месца абмежавання волі – у Мінскую вобласць.

Перад ім паўстала пытанне, як разбагацець.
Аўтамабіль, які быў канфіскаваны і на які накладзены арышт, знаходзіўся ў Рамана С. на адказным захаванні. Гэты малады мужчына ў пісьмовай форме быў папярэджаны следчым, што нясе крымінальную адказнасць за захаванне легкавіка. Але каб вырашыць фінансавыя праблемы, малады мужчына вырашыў пайсці на адчайны крок – прадаць гэты арыштаваны ВАЗ-21061.
Раман С. патэлефанаваў знаёмаму Сяргею Т. з Івацэвічаў, пацікавіўся – ці не хоча ён набыць машыну? Сяргей Т. адмовіўся, але сказаў, што транспартны сродак шукае яго цесць Іван Мікалаевіч, і за невысокую цану ён купіў бы ВАЗ-21061, які на хаду і не патрабуе значнага рамонту.
Ударылі, як кажуць, па руках; аўтамабіль за 300 рублёў прададзены і пераганяецца з Івацэвічаў у вёску, што месціцца побач. Цесць узрадаваўся пакупцы, але ў самы бліжэй-
шы час яго чакае расчараванне. Падчас наведвання лазні ў райцэнтры, дзе ён пахваліўся, што набыў машыну, мужчыны, якія мыліся з ім, сталі здзіўляцца: а хіба гэты ВАЗ-21061 не арыштаваны? Многія ў Івацэвічах ведаюць, што машыну вось-вось забяруць судовыя выканаўцы!
З лазні людзі звычайна выходзяць пасвяжэўшыя, а вось Іван Мікалаевіч выйшаў у ста-
не лёгкай збянтэжанасці. Патэлефанаваў зяцю: чаму мне кажуць, што машына, якую мы купілі, арыштаваная? Сяргей Т. тэлефануе Раману С., але той запэўнівае, што гісторыя ў легкавіка «чыстая», – маўляў, мала пра што могуць гаварыць мужчыны ў лазні! Не слухайце нікога! Тым не меней, Сяргей Т. дадаткова вывучае сітуацыю і ўпэўніваецца – аўтамабіль насамрэч арыштаваны. Ён рашаецца на няпросты крок – здае ВАЗ-21061 на металалом, а цесцю Івану Мікалаевічу вяртае 300 рублёў.
Раман С. тым часам накіроўваецца на Міншчыну, у месца абмежавання волі.
Але цераз некалькі дзён судовыя выканаўцы прыйшлі забіраць аўтамабіль і аслупянелі – ён прапаў. Звярнуліся ў райаддзел Следчага камітэта, супрацоўнік якога задаў Раману С. адно пытанне: дзе аўтамабіль, які быў у вас на адказным захаванні? Вы ж былі папярэджаны, што нясеце крымінальную адказнасць за яго захаванасць! Спачатку Раман С. аднекваўся, пасля прызнаўся. Як вынік, новая крымінальная справа і дадатковы тэрмін пакарання за такія легкадумныя адносіны да патрабаванняў Закона.

Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда
Івацэвіцкага раёна.